Аляксандр Баршчэўскі
Аляксандр Баршчэўскі (псеўд. Алесь Барскі, 2 лістапада 1930, в. Бандары, Беластоцкае ваяводства — 28 сакавіка 2022) — беларускі паэт, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культурны дзеяч. Доктар філалагічных навук (1984). БіяграфіяНарадзіўся 2 лістапада 1930 года ў вёсцы Бандары ў гміне Міхалова на Беласточчыне[2]. Скончыў у 1955 годзе аддзяленне рускай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта. З 1956 г. працаваў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з 1975 г. загадчык гэтай кафедры[2]. У 1966 абараніў у Варшаўскім універсітэце кандыдацкую дысертацыю на тэму «Творчасць Я. Коласа 1906—1930 гадоў». У 1959—1980 гг. старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». З 1984 г. старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы[2]. У 1975—2004 ён узначальваў аддзяленне Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. Супрацоўнічаў з Люблінскім каталіцкім універсітэтам і Універсітэтам Марыі Складоўскай-Кюры. У 1993 годзе атрымаў званне ганаровага доктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. З 1993 года з’яўляўся старшынёй Цэнтральнага камітэта Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 года[2]. Памёр 28 сакавіка 2022 года ў Варшаве[3]. Пахаваны ў в. Бандары, гміна Міхалова на Беласточчыне[2]. УзнагародыУзнагароджаны ордэнамі Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы[2], медалём «Заслужанага дзеяча культуры» (1970), Залатым крыжам за Заслугі (1971)[4], залатым медалём «Заслужаны беластаччанін» (1984), медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі (1986), медалём Францыска Скарыны (1991), медалём Рыгора Шырмы «За клопат пра мудрасць народу» (2005), медалём «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2010), ордэнам Францыска Скарыны (2015)[5]. Творчасць, даследчыцкая дзейнасцьДрукаваўся з 1956 года. Як паэт дэбютаваў у зборніку «Рунь» (Беласток, 1959). Аўтар паэтычных зборнікаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мінск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мінск, 1987). У паэзіі А. Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Даследчык і папулярызатар старажытнай і сучаснай беларускай літаратуры. Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры (у штотыднёвіку «Ніва» і «Беларускім каляндар»)[6] і цыклу артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (1965—88), універсітэцкіх падручнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры — фальклор» (1976), «Гісторыя беларускай літаратуры — пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага» (1981) і інш. Пераклаў на польскую мову зборнік беларускіх народных казак «Д’ябальская скрыпка» (1973)[6], зборнік казак Міншчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны «Невычэрпны збан» (1976). Складальнік, аўтар прадмовы і біяграфічнага артыкула да кнігі Я. Купалы «Выбраныя паэтычныя творы» (Варшава, 1984), для якой пераклаў на польскую мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы. Збіраў, публікаваў і даследваў беларускі фальклор Беласточчыны. Аўтар зборніка абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «3 пабачанага і перажытага» (Мінск, 1992). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia