Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч
Арнольд Фёдаравіч Смеяно́віч (11 жніўня 1938, Бранск — 2 студзеня 2021, Мінск[1]) — беларускі нейрахірург. Акадэмік НАН Беларусі (2009), доктар медыцынскіх навук (1981), прафесар (1993). Правёў больш за 10 тысяч аперацый[2]. Яго называлі вядучым нейрахірургам Беларусі[3][4][5]. БіяграфіяНарадзіўся ў сям’і вайскоўца — ўраджэнца Пухавіцкага раёна, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны[2]. Дзяцінства і юнацтва Арнольд Смеяновіч правёў у вёсцы Пухавічы з маці Галінай Лукінічнай[2]. Скончыў Пухавіцкую сярэднюю школу (1955) і лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута (1960). У 1960—1963 гадах працаваў урачом Дрыбінскай бальніцы. У 1963—1975 гадах — урач-нейрахірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы[5]. Пад кіраўніцтвам прафесара Я. І. Злотніка праводзіў спачатку простыя, потым больш складаныя аперацыі і адначасова займаўся навуковай дзейнасцю. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Параўнальная ацэнка метадаў вызначэння калатэральнага кровазвароту ў паўшар’і мозгу пры пальцавай аклюзіі соннай артэрыі»[1]. У 1975 годзе стаў старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Распрацоўваў методыку па выдаленні неўрыномы (дабраякаснай пухліны) слыхавога нерва. Праведзеныя даследаванні ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі «Мікранейрахірургія неўрынам слыхавога нерва» (1981)[1]. У 1989 годзе ўзначаліў нейрахірургічны аддзел НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 2006 года — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь), дзе працаваў да самай смерці. У 1998—2005 гадах — дырэктар інстытута[5]. У 2000 годзе арганізаваў і ўзначаліў курс нейрахірургіі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які ўпершыню ў Беларусі забяспечыў паслядыпломную падрыхтоўку урачоў па нейрахірургіі і нейратраўмалогіі (з 2004 года ў складзе кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА). У 2004 годзе выбраны членам-карэспандэнтам, у 2009 годзе — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1]. Правадзейны член (акадэмік) Беларускай медыцынскай акадэміі (1996). Дэлегат чацвёртага Усебеларускага народнага сходу (2010). Быў старшынёй Беларускага навукова-медыцынскага таварыства нейрахірургаў, членам рэдкалегіі беларускіх і замежных часопісаў («Здравоохранение», «Медицинская панорама», «Медицинские новости», «Вопросы нейрохирургии», «Нейрохирургия»), ганаровым членам Асацыяцыі нейрахірургаў Расіі (2005) і іншых замежных таварыстваў па нейрахірургіі. У 2003 годзе пад яго кіраўніцтвам быў арганізаваны і праведзены першы Рэспубліканскі з’езд неўрапатолагаў і нейрахірургаў Беларусі[6]. Уваходзіў у склад падкамітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, экспертнага савета пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па абароне дысертацый. Арнольд Смеяновіч сябраваў з многімі пісьменнікамі, мастакамі, быў добра знаёмы з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Ён аўтар прадмоў да кніг казахскага пісьменніка Немата Келімбетава ў перакладзе на беларускую мову, кнігі Алеся Карлюкевіча «Сцежкамі Ігуменшчыны»[7]. Быў жанаты. Жонка — Тамара Іванаўна, таксама лекар. Сын — Віталь Смеяновіч, нейрахірург, кандыдат медыцынскіх навук; дачка — стаматолаг[3]. Памёр 2 студзеня 2021 года ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19[2]. Пахаваны 5 студзеня 2021 года на малой радзіме ў Пухавічах[7]. Навуковая дзейнасцьАўтар больш за 450 навуковых прац, 10 манаграфій, 18 метадычных рэкамендацый, 25 вынаходніцтваў і патэнтаў. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 6 зборнікаў навуковых прац «Актуальныя праблемы неўралогіі і нейрахірургіі»[1], абаронены 19 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі[5]. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці — хірургія сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, нейраанкалогія, хірургія кампрэсіўных форм астэахандрозу пазваночніка, рэканструктыўная хірургія пашкоджанняў плечавога спляцення. Упершыню ў СССР распрацаваў і ўкараніў мікрахірургічную тэхналогію татальнага выдалення неўрыном пераддзвернасмоўжыкава нерва і шэраг новых методык лячэння неўралагічных разладаў, звязаных з гэтым захворваннем[6]. Пад кіраўніцтвам А. Ф. Смеяновіча распрацоўваліся метады дыягностыкі і мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і паяснічнага стэнозу, нервовай і мышачнай пластыкі для аднаўлення функцый верхняй канечнасці пры пашкоджанні плечавога спляцення, лячэння абсцэсаў галаўнога мозга і інш.[1] Аўтар методыкі комплекснага хірургічнага аднаўлення функцыі верхняй канечнасці пры пашкоджаннях плечавога спляцення, якая не мае аналагаў у сусветнай практыцы[5] і ўключае ў сябе цэлы шэраг новых рэканструктыўнай хірургічных умяшанняў[6]. Распрацаваў праблемы лячэння гліяльных пухлін галаўнога мозгу, што дазволіла амаль удвая павялічыць працягласць жыцця гэтай катэгорыі хворых. Праводзіў комплекснае даследаванне па праблеме дыягностыкі і хірургічнага лячэння сасудзістых заган развіцця вертэбрабазілярнай сістэмы (артэрыяльных анеўрызмаў). Распрацаваў і ўкараніў у практыку цэлы шэраг арыгінальных методык, якія маюць прыярытэтнае значэнне ў лячэнні нейраанкалагічных хворых. Асноўныя працы
Узнагароды і званні
ПамяцьАкадэміку А. Ф. Смеяновічу прысвечаны паэтычныя і публіцыстычныя творы Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, Алеся Марціновіча, Вольгі Савасцюк, Уладзіміра Ліпскага і іншых літаратараў[7]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia