Вячаслаў Міхайлавіч Качура
Вячаслаў Міхайлавіч Качура (нар. 28 кастрычніка 1954, Дрэздэн, ГДР) — маёр ГРУ СССР, былы начальнік штаба 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння, удзельнік Афганскай вайны і грамадзянскай вайны ў Лівіі. Апошні грамадзянін Рэспублікі Беларусь, вызвалены з лівійскага палону[1]. Ранняе жыццёНарадзіўся 28 верасня 1954 года ў сям’і афіцэра ва ўсходнегерманскім Дрэздэне[2]. Школьную адукацыю скончыў у СССР[3] у 1971 годзе. Паступіў у Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча[4] на факультэт ваеннай разведкі[2]. Выбар прафесіі вайскоўца быў вызначаны ўдзелам абодвух бацькоў у Вялікай Айчыннай і ўплывам фільма «Афіцэры»[3]. У 1976—1977 служыў камандзірам кулямётнага ўзвода ў воінскай часці 69615 (5-ы ўмацаваны раён Далёкаўсходняй ваеннай акругі[2]), пазней накіраваны ў 74854 (14-я асобная гвардзейская брыгада спецыяльнага прызначэння[3][2]). З 1986 года ўдзельнічаў у Афганскай вайне. У 1987 годзе прызначаны начальнікам штаба 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння ГРУ ГШ УС СССР. У маі 1988 года 334-ы атрад быў выведзены з Афганістана і пераведзены са складу 15-й брыгады ў 5-ю[5], дзе Качура ўзначаліў 6-ы батальён. Пасля распаду СССР ён некаторы час праслужыў ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, але выйшаў у адстаўку ў 1993-м[2][4]. Сыход з арміі быў абгрунтаваны тым, што вопыт і пункт гледжання Качуры і іншых ветэранаў Афганістана на ваенную падрыхтоўку не ўлічваліся кіраўніцтвам. Па выніку афіцэр адмовіўся прымаць беларускую прысягу[3]. На «грамадзянцы» адзін час працаваў кіроўцам у прыватнай фірме, пазней рамантаваў аўтамабілі[6]. Жыў у Мар’інай Горцы, Пухавіцкі раён Мінскай вобласці. Лівійскі палонУ 2005 годзе, як першапачаткова заяўляў сам Качура ў інтэрв’ю TUT.BY за 2018 год, па запрашэнні сябра з’ехаў у Лівійскую Джамахірыю, дзе заставаўся нават падчас грамадзянскай вайны[6]. Паводле іншай інфармацыі, адстаўны маёр прыбыў у краіну ў чэрвені 2011 года ў складзе групы міжнародных спецыялістаў з Расіі, Украіны і Беларусі, нанятых сумеснай расійска-лівійскай кампаніяй. З яго слоў, ён працаваў па кантрактах, якія былі заключаны з ведама ўрада краіны, займаючыся рамонтам легкавых машын. У апошні месяц перад палонам беларус паспеў адрамантаваць два аўтамабілі «Міцубісі»[7]. Як адзначана на сайце Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарвыканкама, у рамках сустрэчы работнікаў з Качурай, былы вайсковец «у складзе групы міжнародных спецыялістаў больш за дзесяць гадоў працаваў у Народнай Лівійскай Арабскай Джамахірыі»[2]. У канцы жніўня, падчас штурму сіламі НАТА і паўстанцамі ПНС сталіцы краіны Трыпалі, спецыялісты былі схоплены ўзброенай апазіцыяй. Замежнікаў абвінавацілі ў дапамаганні рэжыму Кадафі. Паводле версіі паўстанцаў, затрыманыя ажыццяўлялі рамонт сродкаў СПА Лівіі, «ствараючы пагрозу для лётчыкаў кааліцыі, якія абаранялі народ Лівіі». Палонных трымалі ў аэрапорце Мітыга пад Трыпалі[8]. Самога Качуру баевікі абвясцілі снайперам войск Кадафі[9] (праз некалькі гадоў, у 2018-м, агенцтва «РИА Новости» назвала захопленага замежніка беларускім ваенным спецыялістам[10]). Разам з ім у палон трапілі беларусы Валерый Гардзіенка, Ігар Едзімічаў і Фёдар Труфанаў. У чэрвені 2012 усіх іх прысудзілі да 10 гадоў турмы за супрацоўніцтва з лаялістамі[11]. У 2014 годзе ўдалося дамагчыся датэрміновага вызвалення Гардзіенкі, Едзімічава і Труфанава[12]. Аднак пад арыштам усё яшчэ заставаўся Качура. Да снежня да палоннага прыязджалі пасол і консул Беларусі ў Лівіі, але потым зачынілася дыпмісія ў Трыпалі, і візіты дыпламатаў спыніліся[9]. У 2022 годзе ў інтэрв’ю газеце «Наш город Тамбов» Качура ўсё ж прызнаўся ў сваёй ваеннай дзейнасці ў Лівіі[3]:
ВызваленнеУ чэрвені таго ж года па ініцыятыве кіраўніцтва МЗС Расіі, Дзяржаўнай Думы і кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава была створана кантактная група па Лівіі пад кіраўніцтвам Льва Дзяньгова. Каманда займалася пытаннямі затрыманых у краіне расіян. Былі паспяхова завершаны аперацыі па вызваленні членаў экіпажаў танкераў «Міхаіл Чабатароў» і «Тэметэрон», маракоў з судна «Мерле». Акрамя таго, група паралельна праводзіла аналіз становішча ў краіне. У верасні 2017 года, пасля візіту ў Мінск Рамзана Кадырава, спецыялісты Дзяньгова пачалі актыўнае супрацоўніцтва з беларускім бокам. Неўзабаве ён і яшчэ некалькі чалавек вылецелі ў Трыпалі, дзе правялі 2,5 месяцы, займаючыся вызваленнем Качуры. Як пазней успамінаў кіраўнік кантактнай групы, перамовы маглі пачацца а 12:00 дня, а скончыцца а 05:00 раніцы[9]. Да праблемы беларускага палонніка таксама падключыўся наследны прынц Абу-Дабі шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян[2]. У снежні, дзякуючы намаганням каманды Дзяньгова, у Беларусь з Лівіі вярнуліся медыкі Іна Бабуш і Сяргей Здота, якія былі захоплены ў тым жа годзе. 29 студзеня 2018 года быў адпушчаны і Качура[9]. Спярша з Трыпалі ён паляцеў у Абу-Дабі, адтуль — у Маскву, і раніцай 2 лютага беларус прыбыў у Мінск[13]. З’ехаў у Сургут (Расія). Працаваў намеснікам гендырэктара па транспарце нафтавай кампаніі. Затым перабраўся ў Падмаскоўе. Працаваў намеснікам дырэктара аднаго з санаторыяў для воінаў-інтэрнацыяналістаў. Стаў членам тамбоўскага аддзялення арганізацыі «Баявое братэрства». Пасля змены кіраўніцтва перайшоў у дзяржаўную структуру[3]. УзнагародыСям’яЁсць сын Міхаіл і дачка Алена[13]. Гл. таксамаЗноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia