Юрый Леанідавіч Сушкін
Юрый Леанідавіч Сушкін (нар. 28 жніўня 1952[1]) — адстаўны палкоўнік ВПС Беларусі, удзельнік Афганскай і Івуарыйскай войнаў. Атрымаў шырокую вядомасць пасля забойства дзевяці французскіх вайскоўцаў у Кот-д’Івуары, за што парыжскім судом быў завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення. Ваенная службаЗасвоіў штурмавік Су-25. Першапачаткова служыў у Кобрыне (Брэсцкая вобласць, Беларуская ССР) у 397-м асобным штурмавым авіяцыйным палку (ашап)[2]. Падраздзяленне лічылася ў складзе 1-й (26-й) паветранай арміі БВА. Са студзеня 1988 па люты 1989 года ў званні падпалкоўніка прымаў удзел у Афганскай вайне, узначальваючы 3-ю эскадрыллю 378-га ашапа. Пасля сыходу з Афганістана разам з палком служыў у Паставах (Віцебская вобласць, Беларуская ССР). Улетку 1991 года прызначаны камандзірам 378-га ашапа, змяніўшы на гэтай пасадзе Танкушына[3]. 6 мая 1992 года Сушкін разам з падраздзяленнем выйшаў са складу 26-й паветранай арміі ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь[4]. 1 кастрычніка 1993 года полк Сушкіна рэарганізаваны ў 378-ю авіяцыйную базу (пастаўскі аэрадром)[5]. Ён узначальваў гэты аб’ект да яго расфармавання ў снежні 1995 года[6]. Неўзабаве выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка[1]. Станам на чэрвень 2020 года працаваў старэйшым выкладчыкам кафедры лётнай падрыхтоўкі і баявога прымянення авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь[7]. З’яўляецца членам Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў[1]. Узброеныя канфліктыАфганістанУ студзені 1988 года Юрый Сушкін накіраваны ў ДРА на пасаду камандзіра 3-й эскадрыллі 378-га ашапа, якая базавалася то ў Шындандзе, то ў Кандагары, то ў Баграме. Першапачаткова ён працаваў з камандай свайго папярэдніка падпалкоўніка Маркава. Усе яго байцы раней служылі ў 80-м ашапе, але на працягу года асабісты склад цалкам абнавіўся за кошт лётчыкаў з 90-га і 368-га. Намеснікамі Сушкіна сталі Андрэй Чарняцоў і Вячаслаў Прохараў. Начальнікам штаба прызначаны Мікалай Сырбу. Звёны эскадрыллі ўзначальвалі Галубых, Янкоў, Юдзін і Кананенка. Пад кіраўніцтвам першага знаходзіліся Пагарэлаў, Федчанка, Цютрын, другога — Варанцоў, Лаўроў, Чорны, трэцяга — Дзянгоў, Кузін, Міскун, чацвёртага — Айрапецян, Біцюра, Родзін[2]. Варта адзначыць, што пілоты 80-га ашапа ўжо год праслужылі ў Афганістане і атрымалі баявы вопыт. Па гэтай прычыне ў новага кіраўніка, які ўпершыню знаходзіўся ў «гарачай кропцы», найбольшыя цяжкасці меліся з камандай ад Маркава[8]. У ліпені Сушкін узначаліць аперацыю па паветраным прыкрыцці адыходу 70-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады з правінцыі Кандагар. Тут 3-я эскадрылля займалася праводкай калон, а таксама выяўленнем і ліквідацыяй праціўніка ўздоўж трас[9]. У студзені 1989 года на завяршальнай фазе вываду савецкіх войскаў з Афганістана Сушкін з падраздзяленнем будзе несці пазменнае дзяжурства на кабульскім аэрадроме, чаргуючыся з іншымі эскадрыллямі 378-га ашапа. 6—30 студзеня камандзір і яго падначалены Прохараў ажыцяўлялі прыкрыццё адыходзячых у СССР наземных сіл, здзяйсняючы бамбардзіроўкі пазіцый маджахедаў. Іх звяно лятала з шасці раніцы да шасці вечара. Далей заступала змена Чарняцова і Сырбу[10]. У канцы месяца байцы Сушкіна былі задзейнічаны ў аперацыі «Тайфун»[11]. 1 лютага, па ўзгадненні з камандуючым ваенна-паветраных сіл 40-й арміі Д. С. Румянцавым, Сушкін вывез сваю эскадрыллю з Шынданда ў Кізыл-Арват (Туркменская ССР) з прамежкавай пасадкай на аэрадроме Мары-1. Папярэдне самалёты былі разабраны і разам з асабістым складам загружана на транспартнікі[12]. Кот-д’ІвуарСтанам 2004 годзе Сушкін у складзе групы беларускіх ваенных спецыялістаў працаваў на ВПС Кот-д’Івуара. У краіне з у той момант ішла грамадзянская вайна паміж групоўкай «Новая сіла» і ўрадам прэзідэнта Ларана Гбагбо. На баку апошняга і выступілі беларусы. Статус адстаўнога палкоўніка і іншых замежнікаў у Кот-д’Івуара на сённяшні дзень да канца не ясны[13][14]. Кантынгент базаваўся на аэрадроме Ямусукра. Непасрэдна Сушкін займаўся падрыхтоўкай івуарыйскіх лётчыкаў для палётаў на двухмесных Су-25УБ, набытых краінай у Беларусі. За ім быў замацаваны самалёт з бартавым нумароў «21». За другую машыну, якая эксплуатавалася пад лічбай «20», адказваў Барыс Смахін. 4 лістапада самалёты здзейснілі першы баявы вылет. На заданне выйшлі два змешаных экіпажа: Юрый Сушкін ляцеў з капітанам Анжам Гнандуетам, а Барыс Смахін з іншым афрыканцам. Пракуратарам баявых аперацый быў падпалкоўнік Патрыс Уэй. Былі нанесеныя ўдары па складах боепрыпасаў і хованках лідараў паўстанцаў[15]. 6 лістапада экіпажы здзейснілі яшчэ адзін вылет. На гэты раз, меркавана па памылцы, атацы падвергнулася база французскіх міратворцаў у Буаке. Пад бомбамі загінулі дзевяць вайскоўцаў, у тым ліку Цьеры Барацье, Філіп Капдэвіль, Фрэнсіс Дэлан, Бенедыкт Марзаіс, Ларан дэ Рамбурэ, Пателіяс Фалевалу, Франк Дзюваль, Эмануэль Цілай і Давід Дэкюпер[16]. Сярод ахвяр быў адзін грамадзянін ЗША — аграном Роберт Карскі, які работаў па гуманітарнай місіі[17]. Вярнуўшыся на базу, пілоты сутыкнуліся з байцамі 2-га гусарскага палка арміі Францыі, з якімі дзялілі аэрапорт Ямусукра. Французы абстралялі самалёты з процітанкавых комплексаў, забіўшы аднаго івуарыйскага тэхніка, а затым паланілі ўсіх, хто быў на тэрыторыі гавані. Тым не менш неўзабаве яны адпусцілі затрыманых. Сушкін з іншымі беларусамі вырашаюць бегчы ў Гану, а адтуль сыходзяць у Тога[15]. 16 лістапада групу ловяць тагалезскія сілавікі. Тагачасны міністр унутраных спраў краіны Франсуа Бока спрабаваў выдаць замежнікаў французскім уладам, але праз два тыдні з дазволу апошніх іх адпускаюць[18]. Сушкін і іншыя былі хутка эвакуяваныя з Тога пры пасярэдніцтве былога жандара службы бяспекі Елісейскага палаца Рабера Мантоя[14]. 29 сакавіка 2021 года ў Парыжы пачаліся судовыя паседжанні па гэтых падзеях[19]. 15 красавіка Сушкін, Гнандует і Уэй былі прызнаны вінаватымі ў гібелі вайскоўцаў і завочна прысуджаныя да пажыццёвага зняволення. У той жа час па невядомых прычынах са справы выключылі Смахіна[20]. УзнагародыЮрый Сушкін з’яўляецца кавалерам ордэна Чырвонага Сцяга і двух ордэнаў Чырвонай Зоркі[21]. Гл. таксамаЗноскі
Літаратура
Памылка Lua у Модуль:External_links на радку 45: assign to undeclared variable 'link'. |
Portal di Ensiklopedia Dunia