Віктар Антонавіч Івашкевіч
Віктар Антонавіч Івашке́віч (21 верасня 1959, Мінск — 3 кастрычніка 2013) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч. БіяграфіяНарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску. З пачатку 1980-х гг. — у моладзевым нацыянальным руху, удзельнік першых, напаўпадпольных незалежніцкіх суполак «Беларуская Майстроўня», «Талака». Адзін са стваральнікаў падпольнай антысавецкай арганізацыі «Незалежнасць» (1984—1985), у якую ўваходзілі таксама Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Суша[1], Генік Лойка, Алесь Костка, Алесь Бяляцкі, Яўген Івашкевіч, Генадзь Сагановіч[2]. Быў сярод арганізатараў маршу-пратэсту па Заходняй Дзвіне-Даўгаве супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС (1987), экалагічнага маршу па Прыпяці — адной з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту (1988), забастоўкі кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Мінску (1989). З 1988 г. — у Беларускім народным фронце (БНФ). У 1991 Віктар Івашкевіч стаў ініцыятарам стварэння страйкавых камітэтаў на мінскіх прадпрыемствах. Выканаўчы дырэктар Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва»[3]. ![]() Да 1996 г. Віктар Івашкевіч быў сакратаром управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ. Уваходзіў у групу лідараў БНФ, якія адкрыта выступілі з крытыкай Зянона Пазняка на з’ездзе партыі ў 1999 годзе. З 1997 г. Віктар Івашкевіч быў рэдактарам газеты «Рабочий», з 1999 г. — віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Неаднаразова атрымліваў адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту аб’яўляў галадоўку. У кастрычніку 2002 г. асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», надрукаванага ў газеце «Рабочий» падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі[4], у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта Беларусі. Увесь наклад канфіскавалі проста ў друкарні. У снежні 2002 года Віктар Івашкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Баранавічах. Цягам 2007—2009 гадоў быў намеснікам старшыні Партыі БНФ, потым кіраваў яе мінскай гарадской арганізацыяй. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Віктар Івашкевіч з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава. У лютым 2011 г. Віктар Івашкевіч абвясціў пра выхад з партыі БНФ з-за нязгоды з пазіцыяй, якую заняў былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, узначальваў аргкамітэт нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух». Памёр Віктар Івашкевіч у 2013 годзе пасля цяжкай і працяглай хваробы[4]. Сям’яУ 1982 годзе Віктар Івашкевіч пабраўся шлюбам са студэнткай факультэту журналістыкі Аленай Радкевіч. Іх сын Станіслаў Івашкевіч — журналіст, эканамічны аглядальнік, стваральнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра. Ушанаванне памяціПахаваны на Паўночных могілках Мінска. На яго магіле ўсталяваны помнік, аўтар якога — скульптар Ігар Засімовіч. Прэміі ў галіне абароны правоў чалавека, якую ўручае «Хартыя'97», у 2013 годзе было нададзена імя Віктара Івашкевіча. У 2014 годзе Партыя БНФ заснавала памятны знак імя Віктара Івашкевіча, якім адзначаюцца перадусім арганізатары найбольш значных масавых акцый[5]. ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia