Беларускі расследавальніцкі цэнтр — незалежны сродак масавай інфармацыі, які спецыялізуецца на аналітычных жанрах журналістыкі. Цэнтр вырабляе пяць відаў кантэнту — журналісцкія расследаванні, антыфейк, а таксама аналітычныя рэпартажы, навінавыя праграмы і эканамічныя агляды[1].
Гісторыя
Беларускі расследавальніцкі цэнтр быў створаны ў 2018 годзе[2].
29 чэрвеня 2021 года сайт БРЦ быў заблакаваны ў Беларусі[1].
У кастрычніку 2022 года па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя Беларускага расследавальніцкага цэнтра, а таксама лагатыпы, якія змяшчаюць абрэвіятуру «BIC» і словы «Belarusian Investigative Center» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»[4].
31 ліпеня 2024 года стала вядома, што журналістаў Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслава Івашкевіча і Сяргея Чалага ўнеслі ў базу вышуку МУС Расіі[6].
Расследаванні
У студзені 2022 года Беларускі расследавальніцкі цэнтр разам з Re:Baltica і Delfi Estonia апублікаваў матэрыял-расследаванне, у якім паказалі трохразовы рост экспарту нафты з Беларусі ў Эстонію пры параўнанні паказчыкаў за 2021 і 2020 гады. 4 лютага 2022 года Эстонія абвясціла пра ўвядзенне дадатковых санкцый датычна Беларусі ў выглядзе прыпынення транзіту вугальнай нафты[7].
Пасля расследавання БРЦ і The Guardian улады Вялікабрытаніі замарозілі лонданскую маёмасць Саіда Гуцарыева, сына «кашалька» Лукашэнкі Міхаіла Гуцарыева, на 200 мільёнаў долараў[8][няма ў крыніцы].
У снежні 2022 года бізнесмена Саўлюса Гірчыса, які ўдзельнічаў у схеме нелегальнага продажу беларускага лесу ў ЕС праз Казахстан і Кыргызстан, у выніку расследавання БРЦ выключылі са сваёй палітычнай партыі[9].
Пасля сумеснага расследавання з Siena пра спосабы абыходу санкцый супраць «Гродна Азот», Літва канфіскавала беларускія ўгнаенні на мільёны еўра і ўзмацніла меры кантролю на мяжы[10].
Weekly Top Fake (WTF) — штотыднёвае шоу, якое выкрывае фальшывыя навіны ў беларускіх і расійскіх СМІ. Праграма-падпісант кодэкса прынцыпаў Міжнароднай сеткі праверкі фактаў Інстытута Пойнтэра[en][34].
Узнагароды
Журналісты БРЦ — лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка»[35].