Віленская франтавая наступальная аперацыя (1944)
Віленская аперацыя — наступальная аперацыя войск 3-га Беларускага фронту (генерал арміі І. Д. Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня 1944 года; частка беларускай аперацыі. У Віленскай аперацыі ўдзельнічалі арміі: 11-я гвардзейская (генерал-палкоўнік К. М. Галіцкі, 5-я (генерал-лейтэнант, з 15 ліпеня 1944 генерал-палкоўнік М.І. Крылоў, 31-я (генерал-лейтэнант, з 15 ліпеня 1944 генерал-палкоўнік В. В. Глаголеў), 39-я (генерал-лейтэнант І. І. Люднікаў), 33-я (генерал-лейтэнант С. І. Марозаў), 5-я гвардзейская танкавая (маршал бранятанкавых войск П. А. Ротмістраў), 1-я паветраная (генерал-палкоўнік авіяцыі Ц. Ц. Хрукін, 3-і гвардзейскі механізаваны корпус (генерал-лейтэнант танкавых войск В. Ц. Абухаў), 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус (генерал-лейтэнант М. С. Аслікоўскі). Ход аперацыіВойскі 3-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў Мінскай аперацыі ў адпаведнасці з дырэктывай Стаўкі ВГК ад 4 ліпеня 1944 года атрымалі задачу без аператыўнай паўзы галоўнымі сіламі наступаць у агульным напрамку на Вільню, Коўна, і не пазней 10—12 ліпеня вызваліць Вільню і Ліду, у далейшым фарсіраваць раку Нёман і захапіць плацдармы на яе беразе. Наступленне савецкіх войск развівалася імкліва. Праціўнік не меў суцэльнага фронту абароны і аказваў процідзеянне рэшткамі разбітых часцей і асобнымі злучэннямі, якія падышлі. Нямецкае камандаванне спадзявалася затрымаць савецкія войскі на загадзя падрыхтаваным рубяжы Даўгаўпілс — Вільня — Ліда, дзе сканцэнтроўвала часткі 3-й танкавай і 4-й армій Групы армій «Цэнтр». Савецкія войскі наступалі ў напрамках: на Вільню — часці 5-й гвардзейскай танкавай і 5-й армій, 3-і гвардзейскі механізаваны корпус; праз Ашмяны на Алітус — 11-я гвардзейская армія і 2-і гвардзейскі танкавы корпус; на Ліду — 31-я армія і 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус; на Каўнас — 39-я армія. У ходзе наступлення часці 3-га гвардзейскага танкавага корпуса і 5-й гвардзейскай танкавай арміі 5 ліпеня вызвалілі Валожын, часці 11-й гвардзейскай арміі, 5-й гвардзейскай танкавай арміі і конна-механізаванай групы, пераадольваючы супраціўленне праціўніка, 5 ліпеня вызвалілі Маладзечна, часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі 7 ліпеня — Гальшаны і Ашмяны, часці 31-й арміі 6 ліпеня — Івянец, 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 7 ліпеня — Юрацішкі, 8 ліпеня — Іўе, 9 ліпеня — Ліду, 13 ліпеня завязалі баі за Гродна. Асабліва моцную групоўку праціўнік стварыў у раёне Вільні (гарнізон 12—15 тысяч чалавек), куды з іншых участкаў фронту перакідваліся дадаткова 6 свежых злучэнняў. Каб апярэдзіць праціўніка, камандаванне 3-га Беларускага фронту 4 ліпеня павярнула 5-ю гвардзейскую танкавую армію на Вільню. 7—9 ліпеня войскі 5-й гвардзейскай танкавай арміі, 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, 5-й арміі акружылі варожы гарнізон яшчэ да падыходу рэзерваў. Праціўніку, які меў сілы да 150 танкаў і штурмавых гармат, полк мотапяхоты, не ўдалося дэблакаваць акружаную групоўку. 13 ліпеня савецкія войскі вызвалілі Вільню. У час баёў за Вільню войскі 11-й гвардзейскай і 31-й армій выйшлі да ракі Нёман, 15 ліпеня авалодалі плацдармамі на яе левым беразе, на фронце да 70 км фарсіравалі Нёман у раёне Алітуса і на поўдзень ад яго. 16 ліпеня вызвалена правабярэжная частка Гродна (31-я армія і 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус 3-га Беларускага фронту, 50-я армія 2-га Беларускага фронту), 24 ліпеня — занёманская частка горада (у ходзе Беластоцкай аперацыі). Вялікую ролю пры вызваленні Вільні і фарсіравання Нёмана адыграла 1-я паветраная армія, у складзе якой дзейнічаў французскі авіяполк «Нармандыя». У ходзе аперацыі савецкія войскі цесна ўзаемадзейнічалі з беларускімі і літоўскімі партызанамі. Вынікі аперацыіДа 20 ліпеня савецкія войскі 3-га Беларускага фронта прасунуліся на 210 км. У выніку Віленскай аперацыі былі створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Беларускага фронта да граніц Усходняй Прусіі. КрыніцыЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia