Беластоцкая аперацыя
Беластоцкая аперацыя — наступальная аперацыя войск 2-га Беларускага фронта (генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў) 5—27 ліпеня 1944 года, састаўная частка Беларускай аперацыі. У Беластоцкай аперацыі ўдзельнічалі арміі: 3-я (перададзена са складу 1-га Беларускага фронту, генерал-палкоўнік А. В. Гарбатаў), 49-я (генерал-лейтэнант І. Ц. Грышын), 50-я (генерал-лейтэнант І. В. Болдзін), 4-я паветраная (генерал-палкоўнік аіяцыі К. А. Вяршынін). Ход аперацыіВойскі 2-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў Мінскай аперацыі і праследавалі разгромленага праціўніка, паводле дырэктывы Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 4 ліпеня 1944 года атрымалі задачу без аператыўнай паўзы развіваць наступленне ў напрамку Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток; у ходзе наступлення завяршыць разгром рэштак нямецкіх 4-й і 9-й армій, не даць ім магчымасці замацавацца і арганізаваць супраціўленне на загадзя падрыхтаваных рубяжах; у далейшым выйсці да граніцы з Усходняй Прусіяй і ў паўночна-ўсходнія раёны Польшчы. 5—16 ліпеня савецкія войскі праследавалі праціўніка, які адступаў, знішчалі яго ар’егарды і адбівалі контратакі. Часці 49-й і 50-й армій адбівалі ўсе спробы войск праціўніка, якія трапілі ў акружэнне, вырвацца з мінскага катла ў паўднёвым і паўднёва-заходніх напрамках. 7 ліпеня войскі 49-й арміі вызвалілі Дзяржынск, 8 ліпеня часці 3-й арміі і армейскі рухомы атрад 50-й арміі вызвалілі Навагрудак. 9 ліпеня войскі 3-й арміі выйшлі на рубеж рэк Нёман і Моўчадзь (за 5 сутак прасунуліся на 120—125 км), фарсіравалі 3 водныя перашкоды, 12 ліпеня вызвалілі Зэльву, 13 ліпеня — Масты, 14 ліпеня — Ваўкавыск, і падышлі да ракі Свіслач. 10 ліпеня ў аперацыю ўведзены войскі 50-й арміі, якія за 6 дзён выйшлі на рубеж рэк Свіслач (вусце ракі) і Нёман (сярэдняе цячэнне), фарсіравалі іх і 16 ліпеня вызвалілі асноўную частку Гродна (на правым беразе Нёмана). 17—27 ліпеня войскі фронту — 50-я, 3-я арміі і ўведзеныя з 2-га эшалона ў бітву 49-я армія, а таксама 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус (перададзены з складу 3-га Беларускага фронту, генерал-лейтэнант М. С. Аслікоўскі) — зламалі супраціўленне праціўніка, якое ўзрасло з падыходам у раён Гродна — Свіслач да 10 нямецкіх дывізій. Баі ў гэтым раёне завяршыліся 23—24 ліпеня, была вызвалена 24 ліпеня занёманская (левабярэжная) частка Гродна, савецкія войскі прасунуліся на 45—60 км. Войскі фронту пры падтрымцы 4-й паветранай арміі і авіяцыі далёкага дзеяння 27 ліпеня вызвалілі Беласток і выйшлі на подступы да граніцы Усходняй Прусіі, на рубеж Аўгустоўскага канала на захад ад Беластока. Быў зроблены пачатак вызвалення паўночна-ўсходніх раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням былі нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх». КрыніцыЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia