Герхард Домак
Герхард Ёханэс Паўль Домак (30 кастрычніка 1895, Лагуў, Германская імперыя, — 24 красавіка 1964, Бургберг, ФРГ) — нямецкі патолаг і бактэрыёлаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне за 1939 год з фармулёўкай «за адкрыццё антыбактэрыяльнага эфекту прантазілу»[5]. БіяграфіяГерхард Домак нарадзіўся ў Лагуве (Брандэнбург) у сям’і дырэктара школы. Да 14 гадоў ён хадзіў у школу горада Зомерфельд (цяпер Любска). У кільскім універсітэце ён навучаўся на медыцынскім кірунку, але з пачаткам вайны пайшоў служыць добраахвотнікам. У снежні 1914 года ён быў паранены і служыў да канца вайны ў якасці ваеннага медыка. Пасля вайны скончыў навучанне і працаваў у Грайфсвальдскім універсітэце, дзе вывучаў інфекцыйныя захворванні, выкліканыя бактэрыямі. У 1925 годзе ён услед за сваім навуковым кіраўніком Вальтэрам Гросам перайшоў у Вестфальскі ўніверсітэт імя Вільгельма, дзе атрымаў годнасць прафесара. Таксама ён атрымаў пасаду ў лабараторыі Bayer у Вупертале. У тым жа годзе ён ажаніўся з Гертрудай Штрубе — у гэтым шлюбе нарадзілася тры сыны і дачка. Домак быў прызначаны на пасаду дырэктара Інстытута паталогіі і бактэрыялогіі кампаніі Bayer, дзе працягнуў даследаванні Джозэфа Клярэра і Фрытца Міцша, заснаваныя на працах Паўля Эрліха аб выкарыстанні фарбавальнікаў (асноўнага прадукту кампаніі IG Farben) у якасці хіміятэрапеўтычнага прэпарата. Ён выявіў, што сульфаніламід прантазіл з’яўляецца эфектыўным сродкам супраць стрэптакока; з дапамогай яго ён у тым ліку вылечыў сваю дачку, прадухіліўшы ампутацыю яе рукі. У 1939 годзе Герхард Домак атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі і медыцыне з фармулёўкай «за адкрыццё антыбактэрыяльнага эфекту прантазілу». Аднак улады трэцяга рэйха вымусілі яго адмовіцца ад прэміі, і гестапа змясціла яго пад арышт на тыдзень[6][7]. Сульфанаміды сталі рэвалюцыйным сродкам свайго часу, аднак пазней ім на замену прыйшоў эфектыўнейшы пеніцылін з меншай колькасцю выяўленых пабочных эфектаў (сульфанаміды могуць служыць прычынай нырачнакаменнай хваробы і выклікаць змены ў касцявым мозгу). Даследаванні Домака прывялі да распрацоўкі лекаў супраць туберкулёзу тыясемікарбазону і ізаніазіду, з дапамогай якіх удалося ўтаймаваць эпідэмію сухотаў у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Пасля вайны, у 1947 годзе, Домак усё ж атрымаў Нобелеўскую прэмію, але без грашовай часткі, бо тэрмін выплаты да таго часу мінуў. Ён змяніў вобласць сваіх даследаванняў, заняўшыся вывучэннем туберкулёзу і прымяненнем хіміятэрапіі для лячэння анкалагічных захворванняў. Домак памёр у мястэчку Бургберг каля Кенігсфельда ў 1964 годзе. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia