Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі — размешчаны па адрасе Гродна, вуліца Замкавая, 16. Адзіны музей у Рэспубліцы Беларусь, які спецыялізуецца на вывучэнні гістарычнага мінулага рэлігій і канфесій. Пры музеі працуюць навуковая бібліятэка (звыш 15 тысяч тамоў), рэстаўрацыйная майстэрня. ГісторыяФармальна музей пачаткова паўстаў у Полацку ў 1973 годзе паводле пастановы Бюро ЦК КПБ, але першыя гады існаваў амаль выключна на паперы. Хутка было вырашана перавесці музей у больш значны ў адміністрацыйны плане горад, таму ў 1975-77 гадах калектыў фактычна чакаў пераносу музея ў Гродна. Магчыма, перанос быў звязаны таксама з патрэбай атэістычнай прапаганды на Гродзеншчыне, якая заставалася рэгіёнам з найбольшай колькасцю веруючага насельніцтва[1][2]. У Гродне ён быў заснаваны 7 ліпеня 1977 як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, адкрыты для наведвальнікаў 15 студзеня 1985[3]. З 13 верасня 1989 пачаў называцца Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі, а з 12 жніўня 2005 атрымаў сучасную назву сучасную назву. Першым дырэктарам музея быў прызначаны ідэйны атэіст і вядомы беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк. Супрацоўнікам ён запомніўся як актыўны збіральнік спадчыны, які арганізоўваў паездкі па экспанаты ў самыя аддаленыя мясціны Гродзенскай вобласці[4]. Супрацоўнікі музея імкнуліся таксама збіраць матэрыялы з усёй тэрыторыі Беларусі, каб найбольш поўна паказаць разнастайнасць рэлігійнай культуры[5]. Першая экспазіцыя размяшчалася ў архітэктурным ансамблі былога жаночага манастыра Раства Багародзіцы. Пасля таго, як у 1992 комплекс быў вернуты вернікам, музей атрымаў двухпавярховы комплекс былога палаца Храптовічаў. Ён быў зусім не прыстасаваны пад патрэбы музея і патрабаваў доўгага рамонту[6]. У 2009 былі завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў будынку музея, адкрыта стацыянарная выстаўка «Эпоха. Час. Будынак», дзве выставачныя залы (плошчай 83,9 кв. м. і 51,3 кв. м.), канцэртная зала на 90 месцаў. У снежні 2010 адчынілі свае дзверы для наведвальнікаў шэсць залаў экспазіцыі «Рэлігія і культура ў Беларусі». У межах рэстаўрацыі будынка былога палаца над брамай змясцілі выяву герба Гродна — аленя святога Губерта. У 1979 годзе да музея ў якасці філіі была далучана Каложская царква. Супрацоўнікі музея спрыялі даследаванням стану храма, яго захаванасці[7]. У канцы 1980-х гадоў дырэктар Аляксей Карпюк сустракаўся з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам і спрыяў перадачы будынка Каложы праваслаўнай царкве[8]. Экспазіцыі. Дзейнасць музеяПаводле стану на 2023 год музейная экспазіцыя складаецца з 18 залаў: 5 залаў – экспазіцыя «Эпоха. Час. Будынак», 12 залаў – экспазіцыя «Рэлігія і культура Беларусі», 1 зала – экспазіцыя «Пасля Катастрофы. З гісторыі гродзенскіх яўрэяў»)[9]. Музеем падрыхтаваны шматлікія выстаўкі ў музеях вобласці і рэспублікі, найбольш адметнымі сталі: «Повязь часоў — беларускі ручнік», «Барока ў Беларусі», «Гарадская культура», «Нам засталася спадчына», «Традыцыі продкаў: беларускі народны касцюм», «Біблія — кніга кніг», «Свет сакральнага мастацтва», «Вобраз Маці Божай у іканапісе», «Смерцю смерць перамогшы», «Святыя і падзвіжнікі хрысціянскай царквы», «Паміж небам і зямлёй». У 2010 у залах музея арганізаваны выстаўкі «Спявай Госпаду, уся зямля» (да фестывалю царкоўных спеваў), «Вялікдзень — святаў свята», на якой была прадстаўлена калекцыя з 259 вялікодных яек заходнееўрапейскай, беларускай і расійскай вытворчасці, «У Гродне іх можна сустрэць найчасцей» (вобраз анёла ў творах гродзенскіх мастакоў), а таксама выстаўка прысвечанай фестывалю нацыянальных культур. Да Міжнароднага дня музеяў упершыню была падрыхтавана канцэртна-тэатралізаваная праграма «Дзень і ноч у музеі». ![]() Аснову навукова-асветніцкай дзейнасці музея складаюць экскурсіі па экспазіцыях і выставах музея, лекторыі, лекцыі і кансультацыі для выхавацеляў дзіцячых садкоў і настаўнікаў сярэдніх школ, спецыялізаваныя заняткі з рознымі ўзроставымі групамі. Супрацоўнікі музея таксама праводзяць музейныя заняткі з інтэрактыўным блокам у дзіцячых садках, урокі-экскурсіі, музейныя ўрокі, тэматычны заняткі, тэматычныя экскурсы па горадзе для дзяцей і дарослых, праграмы для дашкольнікаў «Падарожжа ў мінулае Белай Русі» і «Апавяданні старога куфра», а таксама цыкл урокаў-экскурсій «Мураваныя харалы Гродна» (помнікі культавай архітэктуры), які стаў лагічным працягам праграмы «Гродназнаўства», і тэматычны экскурс «Музыка, якая застыла ў камені», распрацаваны для атрымання дадатковых паглыбленых ведаў. Музей аказвае метадычную дапамогу ў пытаннях гісторыі рэлігіі дзяржаўным і грамадскім музеям Гродзенскай вобласці, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў і вучням сярэдніх агульнаадукацыйных школ, прымае на экспертную камісію кнігі і помнікі мастацтва. Час працыМузей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00 (каса да 17.00). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia