Дамамерычы
Дама́мерычы[2] (трансліт.: Damamieryčy, руск.: Домамеричи) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, на рацэ Сасноўцы. Уваходзіць у склад Дамамерыцкага сельсавета. Знаходзіцца за 14 км на поўнач ад Клімавічаў, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Клімавічы (лінія Орша — Унеча), на аўтамабільнай дарозе Р42 Звянчатка — Івацэвічы[3]. ГісторыяУ крыніцах вядома з 1604 года як дзяржаўная ўласнасць у Крычаўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага. У 1724 годзе — ўладанне Радзівілаў, уваходзіла ў Крычаўскае староства. У 1737 годзе была пабудавана драўляная царква, меліся карчма і млын. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска апынулася ў Крычаўскім старостве Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. На той час у паселішчы, якое было ўласнасцю памешчыка, існавалі вадзяны млын, сукнавальня і царква. Вяскоўцы займаліся апрацоўкай і падрыхтоўкай да прадзення пянькі і кудзелі[4]. Станам на 1785 год, у Дамамерычах дзейнічаў бровар, на якім у 1819 годзе працавала 8 чалавек. Гаспадар маёнтка ў 1845 годзе валодаў 3119 дзесяцінамі зямлі, вадзяным млыном, броварам і крупарушняй, у 1858 годзе — карчмой. У 1864 годзе адкрылася народнае вучылішча, дзе ў 1889 годзе навучаліся 39 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. У 1872 годзе з’явілася яшчэ адна крупарушня, прадукцыя якой збольшага вывозілася ў Рослаўль[4]. У 1881—1905 гадах ва ўрочышчы Асінаўка, непадалёку ад вёскі, дзейнічала Асінаўская шкляная мануфактура[5]. Акрамя таго, 88 рабочых працавалі на цагельні, якая ў 1883 годзе выпусціла цэглы на 72.3 тысяч рублёў[6]. У 1884 годзе ў Дамамерычы з Клімавічаў была пераведзена бальніца. На той час у вёсцы штогод 9 мая праводзіліся кірмашы. Па выніках перапісу 1897 года, у сяле працавалі бальніца, заезны і піцейны дамы, кузня, паштовая станцыя і хлебазапасны магазін. Двойчы на год праводзіліся кірмашы. Побач быў аднайменны фальварак, дзе існаваў вадзяны млын. У 1909 годзе ў вёсцы адкрылася паштовае аддзяленне. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дамамерычы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года яна ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні. У выніку першага ўзбуйнення БССР Дамамерычы вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яны сталі цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці. У 1924 годзе замест культурна-асветніцкага гуртка ў вёсцы адкрылася хата-чытальня. 12 кастрычніка 1930 года быў арганізаваны калгас «Барацьба», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 110 гаспадарак, 622 га ворыва і абслугоўваўся Клімавіцкай МТС. Дзейнічалі вадзяны млын, кузня, урачэбная амбулаторыя. З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Дамамерычы былі пад нямецкай акупацыяй. У верасні 1943 года нацысты спалілі вёску і забілі 10 жыхароў[4]. На могілках у брацкай магіле пахаваны вяскоўцы, якія загінулі на франтах вайны. Пасля вайны паселішча аднавілася і ў 1950 годзе далучылася да калгаса імя М. І. Калініна. У 1980-я гады ў вёсцы існавалі бібліятэка з фондам больш за 10400 кніг, крама, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт і ферма буйной рагатай жывёлы. У канцы 2000-х гадоў у вёсцы дзейнічалі ўжо толькі крама, бібліятэка і аддзяленне сувязі. У 2010 годзе цэнтр Дамамерыцкага сельсавета быў перанесены з Дамамерычаў у Палошкава, пры гэтым яго назва не змянілася. Насельніцтва
ЗабудоваВёска складаецца з дзвюх вуліц — адна працяглая, амаль мерыдыяльнай арыентацыі, другая кароткая, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудавана шчыльна традыцыйнымі сялянскімі хатамі. Гаспадарчы комплекс размешчаны на паўночна-заходняй ускраіне вёскі[4]. Славутасці
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia