Замкавая вежа (Нясвіж)
Замкавая вежа — помнік архітэктуры XVI ст. у Нясвіжы (вул. Міцкевіча), узор абарончых збудаванняў, які спалучае рысы беларускага абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу. Уваходзіць у комплекс былога кляштара езуітаў і знаходзіцца паўночным боку касцельнай агароджы[1][2]. ГісторыяПабудавана ў другой палове XVI ст. з цэглы ў сістэме абарончых сцен каля Замкавай брамы, знаходзілася ў гарадскім абарончым валу і звязвала замак з горадам[3]. АрхітэктураПершапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы і высокай абарончай вежы. Вежа ўяўляе сабой квадратнае ў плане чатырох’яруснае збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. Другі ярус, найбольш высокі, аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі праёмамі, якія чаргуюцца з глухімі прамавугольнымі нішамі. Трэці ярус мае на кожнай грані па 3 высокія арачныя праёмы, акаймаваныя арачнымі ліштвамі. Невялікі чацвёрты ярус мае на кожнай грані па 3 маленькія арачныя праёмы, завяршаецца шырокім прафіляваным карнізам. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырвонай цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкаратыўную двухколерную гаму фасадаў[1][2]. Замкавая вежа канструкцыйна пераклікаецца з вежай-званіцай Троіцкага касцёла збудаванай ў той жа час у мястэчку Чарнаўчыцы, якое як і Нясвіж належала Радзівілам[2]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia