У пачатку XIX стагоддзя вёска перайшла ў спадчыну роду Міхалоўскіх. Потым як пасага ад Гелены Міхалоўскай яна перайшла да яе мужа Антонія Білевіча, які перадаў яе, таксама як пасаг, сваёй дачцэ Марыі. У 1863 годзе дачка Білевіча выйшла замуж за Юзэфа Вінцэнта Пілсудскага і вёска стала ўласнасцю Пілсудскіх. У фальварку Зулаў нарадзіліся два сыны Марыі і Юзафа Вінцэнта: Браніслаў Пілсудскі (1866) і Юзаф Пілсудскі (1867). У ліпені 1875 года сядзіба згарэла і сям’я Пілсудскіх пераехала ў Вільню. Неўзабаве пасля гэтага яна была вымушана прадаць усе свае маёнткі (Зулаў і 19 іншых вёсак) праз штрафы, якія былі накладзены на яе сына Браніслава, які нібыта ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да замаху на цара Аляксандра III (сярод іншых, з братам Уладзіміра ЛенінаАляксандрам Ульянавым). У 1882 годзе вёску набыў спадчыннік роду Агінскіх — Міхал Агінскі, які прадаў яе расіскаму рыжскаму купцу Кліму. Апошні прадаў вёску афіцэру расійскай арміі Кураносаву, які падзяліў маёнтак, распрадаў большую частку навакольных лясоў і быў вымушаны пакінуць свае землі ў 1915 годзе праз наступленне немцаў падчас Першай сусветнай вайны. Немцы акупавалі гэтыя тэрыторыі ў 1915 годзе і падчас вайны і большую частку лясоў высеклі.
У 1920 годзе Зулава апынулася ў Сярэдняй Літве, з 1922 года ў складзе Польшчы. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомыя як Заходняя Беларусь. Пасля стабілізацыі граніцы вёска перайшла пад дзяржаўнае кіраванне, памешчыцкая плошча скарацілася да 65 га, а сам Зулаў стаў тылавой базай суседняй вайсковай базы. У 1934 годзе таварыства ветэранаў польска-бальшавіцкай вайны выкупіла ў войска тэрыторыю сядзібы Зулаў і стварыла камітэт па адбудове рэзідэнцыі, дзе нарадзіўся Юзаф Пілсудскі. Дом быў рэканструяваны паводле рэкамендацый варшаўскага архітэктара Рамуальда Гута і 10 кастрычніка 1937 года афіцыйна адкрыты як біяграфічны музей маршала. Неўзабаве пасля ўводу савецкіх войскаў у Польшчу ў 1939 годзе, ён быў цалкам разбураны.