Каленік Мішкавіч (XIV ст. -- да 20 жніўня 1450) — баярын, прыбліжаны вялікага князя літоўскага Свідрыгайлава. Продак роду Тышкевічаў.
Біяграфія
Сын нязнанага бліжэй баярына Міхаіла (Мішкі або Міські). Магчыма, паходзіў з чарнігава-северскага баярства, аднак, нашчадкі Каленіка лічыліся ўжо кіеўскімі зямянамі.
Складальнікі гербоўнікаў, найперш Сымон Акольскі, які ў сваёй працы спасылаўся на дакументы з «архіву Тышкевічаў», адзначаюць, што Каленік служыў гаспадару «як галава на радзе і як правая рука на вайне», а ў 1434 годзе заняў урады пуціўльскага і звенігарадскага намесніка. Акольскі таксама называе яго «маршалкам» вялікага князя, гэтая звестка выглядае цалкам легендарнай [1][2].
Паводле дарчай граматы ад 17 кастрычніка 1437 года, выданай у Кіеве, за верную, «нигды не опущеную» службу Каленік атрымаў значны комплекс маёмасці, не цалкам лакалізаваны, у прыватнасці з прычыны розніцы ў тэкстах дзвюх рэдакцый дакумента. Вядзецца пра сяло Буркаўцы, слабадзішча каля Звягеля, Міхеевічы, Хадарковічы і Тайковічы у Жытомірскім павеце, а ў Оўруцкім — сяло Астаф’ева на рацэ Нарыні, Валковічы, Дзямідковічы і Дзмітрыевіча дзеці на Хвасніцы, пад Палонным — Вішчыкусовічы і Плішча на сутоку Каменкі са Случчу. Акрамя таго, былі нададзены разлеглыя землі над Гнілапяццю і Гуйвай, так званая Слабадзішчанская воласць (Слабадзішча, Бярдзічаў, Руднікі, Чарталесцы, Сільцэ і Бернаўка), аднак адпаведны прывілей не захаваўся[3][4][5].
Нашчадкі Каленіка Мішкавіча карысталіся гербам «Ляліва», таму Уладзіслаў Сямковіч у свой час выказаў здагадку, што Каленік мог прыняць герб у 1432—1440 гадах ад Івана Манівідавіча, бацька якога прыняў гэты герб падчас Гарадзельскай уніі[6]. Алег Аднарожанка схіляецца да думкі, што баярын карыстаўся ўласным знакам, які склаўся на мясцовым грунце без значных знешніх уплываў[7].
Невядома, ці захаваў Каленік свае ўрады ў 1440-я гады, ці быў ён адхілены ад намесніцтва кіеўскім князем Алелькам Уладзіміравічам[8].
Родзічы Каленіка прынамсі ў канцы XIV ст. мелі ўладанні ў Чарнігава-Северскай зямлі. Па дакументах і надпісе пра «род пана Каленікавіча і пані яго» на надмагільнай пліце ў Кіева-Пячэрскім манастырыНаталля Якавенка называе братоў — Андрэя[заўв 1], Паўла[заўв 2] і Еську[заўв 3]. На думку даследчыцы, згаданае ў сінодыку імя Клімент гэта хроснае імя Мішкавіча, а жаночае імя Аграфіна, якое ідзе да яго парай — імя яго жонкі[13][14][9].
Пакінуў сыноў
Івана, жанатага княжной Агаф’яй Іванаўнай Глінскай, якая пазней пастрыглася ў манашкі пад імем Гафталіны і ў 1500 годзе запісала Гатна кіеўскаму Пустынна-Мікольскаму манастыру[15][16].
Каленіка, згадваецца крыніцамі ў 1457/1458-1488 гадах, у прыватнасці як суддзя «по приказанью господаря нашаго, князя Семена Олександровича, отчича киевского»[17][18]. Ад сына Каленіка Каленікавіча — Тышкі, пайшоў род Тышкевічаў.
Уладзімір Сабчук імаверна паказаў, што Сенька[заўв 4], Дашка і Федзька Каленікавічы, якіх гісторыкі лічылі сынамі Мішкавіча, на праўдзе былі з роду армянскага паходжання ў Львоўскай зямлі[19].
Ушанаванне памяці
У 2016 годзе ў імя Каленіка Мішкавіча перайменаваны адзін з завулкаў у Звенігародцы, які называўся імем Сідара Каўпака[21].
Заўвагі
↑Андрэй Мішкавіч (лац.: Andream Miskowicz; пан Андрей Мишкович) — каморнік Свідрыгайлы (1433), пасол да Ягайлы (1433)[10]. Апошні раз згадваецца як сведак Свідрыгайлавага надання канюшаму караля пану Грыньку сяла Храпіна ў Тураўскім павеце (24 верасня 1451)[11].
↑Павел Мішкавіч вядомы толькі абменам у 1437 годзе свайго маёнтка Сноўск на Хальч з вялікім князем Свідрыгайлам. Меў сыноў — пісара гаспадарскага Васіля, падключага троцкага Андрэя, падключага віленскага Багдана, Яўстафія і Рыгора.
↑Еська Мішкавіч (лац.: Iosskoni Mikowicz, Yoskoni, Yesko camerarius vestre fraternitatis) — каморнік Свідрыгайлы (1435), пасол да Жыгімонтп Люксембургскага летам 1435 і да тэўтонскага вялікага магістра, імаверна, у канцы 1436 года. У другой палове 1440-х гадоў атрымаў ад Казіміра Ягелончыка сяло Красны Двор у Мсціслаўскім княстве, канфіскаваны ў Юрыя Лугвенавіча[12].
↑Займаў пры Свідрыгайле ўрады падскарбія і падканцлера (зг. 1446–1452). Апошні раз згадваецца як сведак пагаднення холмскага кашталяна Ванькі Джусіча Кірдзеевіча з пляменнікам Алехнам Юр'евічам у 1470 годзе[19][20].
Крыніцы
↑Василь Тишкевич, воєвода підляшський, маршалок господарський і гетьман дворний В. Кн. Литовсько-Руського (1523–1571). Історично-генеалогічна розвідка. — Т. CXXIV. Архівавана з першакрыніцы 24 січня 2022.
↑Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / Рымвідас Пятраўскас; пераклад з літоўскай мовы Алесь Мікус. — 2-е выд.. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 150.
↑Геральдика членів господарської ради великого князя Свидригайла Ольгердовича. Архівавана з першакрыніцы 12 жовтня 2020.
↑Василь Тишкевич, воєвода підляшський, маршалок господарський і гетьман дворний В. Кн. Литовсько-Руського (1523–1571). Історично-генеалогічна розвідка. — Т. CXXIV. Архівавана з першакрыніцы 24 січня 2022.
↑Новые документы о Киевской земле XV века. Архівавана з першакрыніцы 19 жовтня 2020.
↑ абСобчук В.Д. Від коріння до крони: Дослідження з історії князівських і шляхетських родів Волині XVI — першої половини XVII століття. — Кременець: Кременец.-Почаїв. держ. іст.-архітектур. заповідник, 2014. — С. 329-331.
Яковенко Н. М. Українська шляхта з кінця XIV — до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна / Н. Яковенко. — Київ: Критика, 2008. — 469 с.
Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века / отв. ред. Б. Н. Флоря. — Москва: «Индрик», 2015. — 712 с. — ISBN 978-5-91674-366-1.
Uruski, S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. 1-15. — Warszawa, 1904—1938.