Васіль Паўлавіч (пісар гаспадарскі)

Васіль Паўлавіч
Нараджэнне не пазней за 1430
Смерць не пазней за 1496
Бацька Павел Мішкавіч[d]
Дзеці Васіль Васілевіч Нікольскі

Васіль Паўлавіч (да 1430 — да 1496) — пісар гаспадарскі за часам вялікага князя Казіміра.

Біяграфія

З чарнігаўскіх баяр, сын Паўла Мішкавіча.[1]

З «маладых гадоў» служыў вялікаму князю Казіміру[2], з 1448 года вядомы як пісар гаспадарскі, у запісах Літоўскай Метрыкі падпісваўся як «Васко Павлович»[3].

За службу вялікі князь Казімір даў Васілю Паўлавічу маёнтак у Дзярэчынскай воласці (10 «службаў» пазнейшага сяла Кочын), калі ён ажаніўся з удавой былога ўладальніка.[2]

«Палажыў сваю галаву» на гаспадарскай службе.[2]

Меў сына Нікольскага Васілевіча, таксама пісара гаспадарскага.[2]

Паходжанне і сваяцтва

Бацька — Павел Мішкавіч, вядомы толькі абменам паміж восенню 1436 і летам 1437 года з вялікім князем Свідрыгайлам свайго маёнтка Сноўск на Хальч паблізу Гомеля і «раба Івана» ў дадатак[4]. Ёсць думка, што Павел брат іншага набліжанага вялікага князя Свідрыгайлы — Каленіка Мішкавіча.[5] Прывілей абмену Сноўска на Хальч захаваўся толькі як выпіс 1661 года з наваградскіх гродскіх кніг, можна толькі здагадвацца быў Сноўск даўняй вотчынай Мішкавічаў ці нядаўняя выслугай часоў чарнігаўскага княжання Свідрыгайлы[6]. Паміж 1440 і 1443 гадамі віленскі ваявода Ян Даўгірд надаў «двор Хальчэ з людзьмі і са ўсім» нейкаму Гарману Радзівонавічу[7], аднак у 2-й палове XV ст. Хальчам валодалі нашчадкі Паўла Мішкавіча[8][9].

Вядомы сыны Паўла, браты Васіля — падключы троцкі Андрэй, падключы віленскі Багдан, Яўстафій і Рыгор, якога пазнейшая традыцыя атаясняе з Галактыёнам, прэтэндэнтам на кіеўскі мітрапалічы сталец па Місаілу Пструху.[1][10]

Пачынаючы з Антона Ясінскага, які ўсе згадкі ў крыніцах «Васка пісара», «Васка Паўлавіча» і «Васка Любіча» атаясняў з менскім баярынам і пісарам гаспадарскім Васілём Любічам, дзве асобы — Васіля Паўлавіча і Васіля Любіча — у літаратуры часта злучаюць у гібрыдную постаць.[11]

Вотчыны Васіля, Багдана і Андрэя Паўлавічаў былі ў Чарнігаўскім павеце. Станам на 1496 год, там маёнткамі Свібрыж (цяпер Сыбэрэж) і Забалавіссе, селішчам Ргошч (цяпер Рогашчы), ловішчам і бортнай зямлёй Замглай валодаў Багдан Паўлавіч. Паміж 1500—1506 гадамі, на замену чарнігаўскай вотчыны, захопленай маскоўскімі войскамі, атрымаў двор Вакінікі[lt] ў Троцкім павеце і сын Васіля Паўлавіча — Нікольскі Васілевіч. Андрэй Паўлавіч у 1502 годзе таксама атрымаў у «хлебакармленне» двор Краснае за тры гады або да вяртання захопленай маскоўцамі чарнігаўскай вотчыны. Хто з Паўлавічаў валодаў Хальчам, як і калі адбыўся раздзел бацькоўскай маёмасці, пэўна не вядома.[1]

Вялікі князь Аляксандр, пры наданні Чарнігаўскага княства збегламу ў ВКЛ мажайскаму князю Сямёну, лістом ад 1 ліпеня 1496 года «выняў на сябе» некалькіх баяр, якія мелі маёнткі ў Чарнігаўскім павеце, але служылі гаспадару — сярод іх названы Андрэй Паўлавіч з «братанічамі» — пляменнікамі з боку брата — (Міхаілам) Халецкім і (Васілём) Нікольскім.[2]

Крыніцы

  1. а б в Русина О. Василь Никольський… С. 49.
  2. а б в г д Русина О. Василь Никольський… С. 45.
  3. Русина О. Василь Никольський… С. 46.
  4. Келембет С. Литовсько-католицькі князі в Сіверській землі: 1401 – 1452 рр. // Сіверянський літопис. — 2019. — № 4-5. — С. 20.
  5. Полехов 2015, p. 616.
  6. Яковенко Н.М. Українська шляхта з кінця XIV — до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна / Н. Яковенко. — Київ: Критика, 2008. — С. 184.
  7. LM. Kn. 3. P. 29
  8. Полехов 2015, p. 616-617.
  9. Цемушаў В.М. На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага / В.М. Цемушаў; навук. рэд. В.Ф. Голобеў; пераклад з рускай мовы Н. Бакшанская, М. Мартысевіч, С. Цемушаў. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 239 с. — ISBN 978-5-9904531-2-8.
  10. Граля Х. Посох и меч. Православная иерархия Польско-литовского государства в эпоху войн за «dominium Russiae» (конец XV–XVI вв.). (Просопографические заметки) // Человек архивный: сборник статей к семидесятилетию Юрия Моисеевича Эскина и 42-летию его архивной деятельности. — Москва: Древлехранилище, 2021. — С. 54.
  11. Русина О. Василь Никольський… С. 48-49.

Літаратура

  • Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века / отв. ред. Б. Н. Флоря. — Москва: «Индрик», 2015. — 712 с. — ISBN 978-5-91674-366-1.
  • Русина О. Василь Никольський — невідомий книжник XVI століття і його творчість // Записки Наукового товариства імені Шевченка. Том 240 (CCXL). Праці Комісії спеціальних (допоміжних) історичних дисциплін. Львів, 2000. — С. 43—52.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya