Карл IX (кароль Швецыі)
Карл IX (шведск.: Karl IX; 4 кастрычніка 1550, Стакгольм — 30 кастрычніка 1611, Нючэпінг) — герцаг Сёдэрманландскі, рэгент Швецыі з сярэдзіны 1590-х гадоў, кароль Швецыі з 1604 года з дынастыі Васа. БіяграфіяКарл быў трэцім сынам Густава I Васы ад другой жонкі Маргарэты (Эрыксдотэр) Леёнхувуд. Па завяшчанні бацькі (1560) атрымаў у валоданне герцагства, у якое ўваходзіў амаль увесь Сёдэрманланд, большая частка Нерке, некалькі прыходаў Вестманланда, частка херада Вадсбу ў Вестэргётландзе і ўвесь Вермланд. Ва ўзросце ўсяго толькі 15 гадоў камандаваў артылерыяй пры захопе Варберга ў 1565 годзе. Пасля ўдзелу ў паўстанні супраць Эрыка XIV, у якім ён адыграў не апошнюю ролю, набыў значны ўплыў у каралеўстве. Неўзабаве пасля звяржэння Эрыка Карл уступіў у канфлікт з Юханам III, які жадаў абмежаваць яго значную ўладу ў герцагстве. Паколькі рыксрад падтрымаў караля, то Карлу прыйшлося саступіць. Пасля смерці Юхана ў 1592 годзе і да прыбыцця ў Швецыю яго сына Жыгімонта, раней абранага польскім каралём, кіраванне дзяржавай знаходзілася ў руках рыксрада, у якім Карл меў ролю «найпершага». З узыходжаннем на прастол новага караля над Швецыяй навісла пагроза правядзення контррэфармацыі, паколькі Жыгімонт вызнаваў каталіцтва. Карл усяляк перашкаджаў гэтаму, стаўшы адным з галоўных абаронцаў пратэстанцкай веры. Пасля ад’езду Жыгімонта ў Рэч Паспалітую рыксрад на час яго адсутнасці ганараваў Карла тытулам «найпершай асобы Савета і рэгента дзяржавы». Калі ж кароль выказаў сваё незадавальненне гэтым, Карл у 1595 годзе сабраў у Сёдэрчэпінгу рыксдаг, на якім саслоўі пацвердзілі яго паўнамоцтвы, даручыўшы назіраць за выкананнем Жыгімонтам каралеўскай клятвы, дадзенай ім пры ўзыходжанні на прастол. Аднак супярэчнасці з членамі рыксрада прывялі да іх парыву з герцагам Карлам. На рыксдагу, які сабраўся ў 1597 годзе ў Арбузе і байкатаваўся вышэйшым дваранствам (на ім прысутнічаў толькі адзін член рыксрада), Карлу як рэгенту былі прадстаўлены неабмежаваныя паўнамоцтвы. Яго канфлікт з каралём перайшоў у адкрытую фазу пасля таго, як ён распачаў ваенныя дзеянні супраць замкаў, якія знаходзіліся ў руках леннікаў караля. Вынікам гэтага стаў масавы ад’езд знаці да караля ў Рэч Паспалітую. У 1598 годзе Жыгімонт высадзіўся ў Швецыі на чале войска, якое, аднак, у бітве ў Стонгебру, якая адбылася 25 верасня, пацярпела паражэнне ад арміі герцага. Кароль быў вымушаны выдаць Карлу пецярых членаў рыксрада і вярнуўся ў Польшчу. У 1599 годзе рыксдаг зрынуў Жыгімонта. Карл скарыстаўся гэтай перамогай, каб расправіцца са сваімі праціўнікамі. На рыксдагу ў Лінчэпінгу, які адбыўся ў 1600 годзе, быў арганізаваны суд над узятымі ў палон членамі рыксрада. На чале суда стаялі два верныя герцагу члены Савета, што было парушэннем дамоўленасці з каралём. У якасці абвінаваўцы выступаў сам герцаг. Чацвёра абвінавачваных прызналіся ў здрадзе і былі памілаваны. Аднак яшчэ чацвёра 29 сакавіка 1600 гады былі пакараны смерцю (гэта падзея ў шведскай гістарыяграфіі вядома як «Лінчэпінгская крывавая лазня»). Тым не менш, герцаг, верны завяшчанню бацькі, не спяшаўся з прыняццем каралеўскага тытула, тым больш што малодшы сын Юхана III герцаг Эстэргётландскі па праве стаяў бліжэй да трона, чым Карл. Толькі з 1603 года ён пачынае выкарыстоўваць тытул караля. Аднак шырока выкарыстоўвацца ён стаў толькі пасля таго, як сын Юхана ў 1604 годзе адмовіўся ад прэтэнзій на карону. У 1607 годзе Карл быў каранаваны ва Упсале пад імем Карла IX. У далейшым на знешнюю палітыку Карла IX дынастычнае пытанне працягвала аказваць значны ўплыў, што прывяло да актывізацыі Швецыі на ўсходнім кірунку. Яго спроба захапіць Лівонію прывяла да пагаршэння адносін з Даніяй, Галандыяй і Англіяй, гандаль якіх несла з-за ваенных дзеянняў страты. Распачаты ў 1611 годзе ваенны канфлікт паміж Даніяй і Швецыяй (так званая Кальмарская вайна, яна доўжылася да 1613 года), стаў для Карла нечаканасцю; за прыступам гневу, выкліканым гэтай навінай, рушыў услед удар, а ў канцы кастрычніка 1611 года — смерць. Карл IX быў пахаваны ў кафедральным саборы Стрэнгнеса. Сям’яКарл быў двойчы жанаты. Яго першая жонка — Марыя Пфальцская (1562—1589). Пасля яе смерці ён ажаніўся з Крысцінай Гольштэйн-Готарпскай (1573—1625), ад якой у яго нарадзіліся будучы кароль Густаў II Адольф (1594—1632) і прынц Карл Філіп (1601—1622), вядомы ў рускай гісторыі як прэтэндэнт на царскую карону. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia