Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў (Вільня)
Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільнюсе. Размяшчаецца ў Старым горадзе, па адрасе вуліца Дамінікону (Дамініканская), 8 (Dominikonų g. 8), працягнуўшыся ўздоўж гэтай вуліцы бакавым фасадам і заднім фасадам выходзячы на вуліцу Ігнота (Святога Ігната; Šv. Ignoto g.). Адносіцца да Вільнюскага дэканата Вільнюскай архідыяцэзіі. Штодзённыя набажэнствы на польскай мове. ГісторыяУ 1408 годзе будаўніцтва касцёла Святога Духа фундаваў вялікі князь Вітаўт. Асноўны аб’ём касцёла меў план прамавугольнай формы, заканчваўся прэсбітэрыем з гранёнай апсідай. 3 паўночнага боку да вімы прымыкала сакрыстыя. У другой чвэрці XV ст. касцёл павялічаны ў даўжыню. У 1501 годзе паводле загаду вялікага князя Аляксандра касцёл з забудовай вакол яго перададзены запрошаным з Польшчы дамініканцам. Яны часткова перабудавалі касцёл і ўзвялі каля паўднёва-заходняга вугла квадаратную ў плане вежу. Быў пабудаваны кляштар (прымыкае да галоўнага і паўночнага фасадаў). Пашкоджаны ў час пажараў 1655, 1748 і 1749 гадоў[1]. За параўнальна кароткі тэрмін стараннямі дамініканцаў, магната Людвіка Паца, Брыгіты Салагуб з Радзівілаў і іншых мецэнатаў да 1770 года храм і кляштар былі адбудаваны. У яго аб’ёмную кампазіцыю ўключаны грамадзянскія пабудовы, размешчаныя на паўночны захад ад касцёла. У сярэдзіне другой паловы XVI ст. недалёка ад паўднёвага прасла галоўнага фасада ўзведзена вежа-званіца, прыстасаваная для абароны[1]. У 1655 годзе касцёл і кляштар моцна пашкоджаны маскоўскім войскам. Адноўлены на сродкі М. Вайніловіча. Асвячоны ў 1688 годзе. У XVII—XVIII стст. касцёлу і кляштару нададзены барочныя рысы[1]. У 1812 годзе храм пацярпеў ад французскіх салдат і рамантаваўся ў 1813—1815 гадах. У 1818 годзе бурай сарвала дах і яго прыйшлося нанова перакрываць. У 1844 годзе расійскія ўлады скасавалі кляштар. Са скасаваннем манастыра касцёл ізноў стаў парафіяльным і дзейнічаў на ўсім працягу XIX і XX стагоддзяў. У 1849 корпус кляштара ператвораны ў турму. У яго памяшканнях па распараджэнні генерал-губернатара М. М. Мураўёва трымаліся ў няволі ўдзельнікі паўстання 1863 года, у т. л. Якуб Гейштар, Кастусь Каліноўскі, ягоны найбліжэйшы паплечнік Цітус Далеўскі, ягоны брат, адзін з заснавальнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі Францішак Далеўскі і іншыя. У 1993 годзе на будынку па вуліцы Ігнота (Švento Ignoto g. 11) была адкрыта мемарыяльная дошта ў гонар Кастуся Каліноўскага[2]. Набажэнствы традыцыйна адбываюцца на польскай мове. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча Папы Рымскага Яна Паўла II з вернікамі польскага паходжання (пры ўдзеле архібіскупа Аўдрыса Юозаса Бачкіса, які вітаў пантыфіка, і ў прысутнасці прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа, віцэ-прэм’ера Польшчы ў 1992—1993 гадах Генрыка Гарышэўскага, архібіскупаў Тадэвуша Кандрусевіча і Казіміра Свёнтака)[3][4]. Выкарыстаны Памам ў прамове абарот «літоўцы польскага паходжання» выклікаў незадаволенасць часткі польскай грамадскасці Літвы.[5] Архітэктура![]() Шматлікія рамонты і перабудовы парушылі яго першапачатковую архітэктуру. Цяпер касцёл Св. Духа — тыповая двухвежавая познабарочная 3-нефавая базіліка з купалам над сяродкрыжжам. Галоўны фасад двухвежавы, падзелены карнізамі на ярусы, раскрапаваныя пілястрамі на асобныя праслы. Галоўны ўваход зроблены з боку паўднёвага фасада, аформлены парталам з дарычнымі калонамі, пілястрамі і рэльефным картушам[1]. Інтэр’ер аздоблены ў стылі ракако і позняга барока. Галоўны дэкаратыўныя акцэнты — 16 вялікіх алтароў арыгінальнай кампазіцыі і амбон. Купал і скляпенні размаляваны фрэскамі на тэмы з жыцій святых[1]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia