Кацярына I (імператрыца расійская)
Кацярына I, Марта Скаўронская (15 красавіка 1684 — 17 мая 1727) — расійская імператрыца (з 1721 як жонка дзейнага імператара, з 1725 як кіруючая імператрыца), другая жонка Пятра I Вялікага, маці імператрыцы Лізаветы Пятроўны. БіяграфіяМарта Скаўронская паходзіла з беларускіх сялян Мінскага ваяводства, прыгонных Сапегаў, католікаў. Яе бацька Самуіл Скаўронскі (паводле іншых звестак, Янка Скаўрашчук, Скаварошчанка або Скавароцкі) збег у Інфлянты, дзе арандаваў фальварак каля Марыенбурга. Бацькі Марты памерлі ў час эпідэміі, яе ўзяў на выхаванне і перавёў з каталіцтва ў лютэранства пастар Э. Глюк з Марыенбурга. У жніўні 1702 выйшла замуж за шведскага драгуна Ё. Рабэ. На пачатку верасня 1702 пасля ўзяцця Марыенбурга расійскай арміяй трапіла ў палон да Б. Шарамецева , які перадаў яе фаварыту цара Пятра I А. Меншыкаву, а той саступіў цару. Марта прыняла праваслаўе і атрымала імя Кацярына Аляксееўна. 3 1705 фактычная жонка цара, у 1710 атрымала тытул гасударыні. Выйшла замуж за цара ў лютым 1712, нарадзіла 8 дзяцей, з якіх засталіся 2 дачкі — Ганна (1708-28), герцагіня гальштэйнская, маці расійскага імператара Пятра III, і Лізавета (1709-62), будучая расійская імператрыца. Разам з Пятром I удзельнічала ў Пруцкім паходзе 1711 года , дзе, ахвяраваўшы свае каштоўнасці, правяла збор грошай сярод афіцэраў і саддат, каб падкупіць турэцкага пашу і даць магчымасць арміі выйсці з акружэння. Пасля паходу Пётр I у 1714 заснаваў для ўзнагароджання жанчын ордэн святой Кацярыны. Мела ўплыў на цара. Вакол Кацярыны гуртавалася новая знаць, у тым ліку выхадцы з Беларусі: А. Меншыкаў, П. Ягужынскі, П. Шафіраў і іншыя. Кацярына I прымала ўдзел у барацьбе супраць групоўкі царэвіча Аляксея Пятровіча, каб адхіліць яго ад трона і забяспечыць яго сваім дзецям. У 1724 каранавана як імператрыца. У тым жа годзе ледзь не страціла статус з-за любоўнай сувязі са сваім камергерам В. Монсам , які быў пакараны смерцю. Пасля смерці Пятра I 28 студзеня 1725 дзякуючы падтрымцы гвардзейскіх палкоў і новай знаці на чале з А. Меншыкавым Кацярына I абвешчана імператрыцай. Сама Кацярына дзяржаўнымі справамі не займалася. У час яе панавання расійскі ўрад пачаў выкупляць з прыгону ў паноў на Беларусі і ў Літве братоў і сясцёр Кацярыны. Яны і іх нашчадкі ў 1742 ад імператрыцы Лізаветы Пятроўны атрымалі графскія тытулы (Скаўронскія, Гендрыкавы, Яфімоўскія). Пасля смерці Кацярыны I трон наследаваў сын царэвіча Аляксея Пятровіча Пётр II (1727—1730). У гонар яе названы горад Екацерынбург, а таксама Кацярынінскі палац у Царскім Сяле. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia