Ларыса Фёдараўна Шчыракова
Ларыса Фёдараўна Шчыракова (нар. 13 красавіка 1973) — беларуская журналістка, краязнаўца, палітычная зняволеная рэжыму Лукашэнкі. БіяграфіяНарадзілася 13 красавіка 1973 года ў Гомелі. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Па спецыяльнасці працавала настаўніцай гісторыі і англійскай мовы ў школе. Пазней захапілася журналістыкай і займалася ёй прафесійна з 2008 года. Супрацоўнічала з рознымі незалежнымі медыя, больш за іншых — з тэлеканалам «Белсат».[1][2] З 2009 года рэалізоўвала праекты Еўрапейскай камісіі для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, працуючы з ліквідаванай уладамі ў 2021 годзе моладзевай групай «Талака» над стварэннем і распаўсюджваннем відэаматэрыялаў грамадскай накіраванасці ў Гомелі. У 2012 годзе Шчыракова сыграла галоўную ролю ў дакументальна-мастацкай стужцы «Палута Бадунова — успомніць і не забыць»[3][патрэбна лепшая крыніца]. Фільм пра Палуту Бадунову паводле кнігі Валянціны Лебедзевай пачала здымаць сама, але потым звярнулася да рэжысёра Валерыя Мазынскага[крыніца?]. Таксама мела ўласны праект «Забітыя і забытыя», у якім здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных Сталінам жыхароў Гомельшчыны і змяшчала іх на сваім канале YouTube.[4][патрэбна лепшая крыніца] Палітычны пераслед, суды і зняволеннеЗа прафесійную дзейнасць журналістку больш за 40 разоў каралі адміністрацыйнымі штрафамі[5][6]. За асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту 2020 года суды ёй сутак не прызначалі, бо Шчыракова адна гадавала непаўналетняга сына[крыніца?]. 6 снежня 2022 года журналістку арыштавалі пасля ператрусу ў яе доме, сына змясцілі ў прытулак.[7] 16 снежня 2022 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Шчыракову прызналі палітычнай зняволенай.[8] 27 жніўня 2022 года ў Гомельскім абластным судзе пачаўся закрыты працэс над палітвязынкай[9]. Шчыракову абвінавацілі паводле артыкулаў 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса[1]. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, яна «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама яна нібыта «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат»[10]. 31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прысудзіў палітвязынцы 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф 100 базавых велячынь (3700 BYN) з частковай канфіскацыяй маёмасці[9][11][10]. Шчыракова, якая ў 2021 годзе яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі, не прызнала сваёй віны і не падавала апеляцыю на прысуд, палічыўшы гэта марным[10]. Вырак набыў моц, і 22 верасня 2023 года асуджаную журналістку ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» МУС[12]. Неўзабаве Шчыракову этапавалі з гомельскага СІЗА №6 ў жаночую папраўчую калонію №4 у Гомелі адбываць тэрмін[10]. У калоніі яна працуе швачкай. Па словах праваабаронцаў і былых зняволеных, умовы працы палітычных зняволеных цяжкія, а заробкі мізэрныя[13][патрэбна лепшая крыніца]. Асабістае жыццёАдна выхоўвала сына Святаслава. З-за арышту маці 6 снежня 2022 года сын быў змешчаны ў дзіцячы дом. Праз месяц адтуль яго забраў пад апеку бацька, які жыў у Расіі, бо іншым родзічам хлопца не аддалі[14]. Падчас знявольвання ў гомельскім СІЗА ў 2023 годзе ў Шчыраковай памерла маці, на пахаванне якой яе не адпусцілі[15]. Міжнародная падтрымкаПрэзідэнтка Еўрапапарламента Раберта Метсола выказала безумоўную салідарнасць са Шчыраковай і ўсімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі.[16] Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Journalistes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікалі да безадкладнага вызвалення Ларысы Шчыраковай.[17] Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север (Maja Sever) напісала і перадала Шчыраковай ліст з цёплымі словамі падтрымкі.[18] Абавязкі сімвалічнай «хроснай» Шчыраковай узяла на сябе Вэндзі Чэмберлен , дэпутатка Палаты абшчын Вялікабрытаніі .[19] УзнагародыУ кастрычніку 2023 года Шчыракова атрымала прэмію Free Media Awards за сваю журналісцкую дзейнасць.[20] Крыніцы
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia