Маладая Беларусь (альманах)
«Малада́я Белару́сь» — літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны альманах, які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу на беларускай мове беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» у 1912—1913 гадах. Друкаваўся адначасова кірыліцай і лацінкай. Меў літаратурна-мастацкі, сацыяльна-палітычны і навукова-краязнаўчы аддзелы[1]. Выступаў з ідэяй пашырэння беларускай нацыянальнай асветы, культуры, школьнай справы. Змяшчаў на сваіх старонках беларускую бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу беларускага друку[2]. У канцы 1911 года вестка пра альманах з’яўляецца на старонках «Нашай нівы», а у 1912 годзе выходзіць першы сшытак часопіса[3]. Сшытак меў аб’ём 166 старонак і тыраж 1500 экзэмпляраў[4]. У звароце «Да чытачоў» рэдакцыя часопіса абвясціла сваёй задачай «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб, умацаваўшы ў ім свядомыя адносіны да нашай справы, мець у ім беларуса-грамадзяніна»[1]. «Наша ніва» адгукнулася на першы сшытак артыкулам, у якім былі адзначаны такія яго недахопы, як маленькая колькасць пісьменнікаў у выпуску, а таксама слабыя карэктура і эстэтычны выгляд[5]. Нягледзячы на тое, што выйшла толькі 3 сшыткі (два ў 1912 і адзін у 1913 годзе), часопіс пакінуў выразны след у гісторыі беларускай літаратуры: упершыню друкаваліся драматычная паэма Янкі Купалы «Сон на кургане», некаторыя вершаваныя апавяданні Якуба Коласа, апавяданні «Асеннія лісты», «Лішняя» і «Зялёнка» Цёткі, «Абразкі» Змітрака Бядулі, «Амерыканец» А. Новіча, вершы Цішкі Гартнага, Хведара Чарнышэвіча, Алеся Гурло, Канстанцыі Буйло, Янкі Журбы, Альфонса Петрашкевіча[3]. У артыкулах Антона Навіны (Антона Луцкевіча) «На дарозе да новага жыцця» і «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» абгрунтавана адраджэнская канцэпцыя беларускай гісторыі[1]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia