Менскі акруговы архіў Менскага акруговага камісарыята

Касцёл Святога Іосіфа ў 1943 годзе

Менскі акруговы архіў — архіў у Мінску, які дзейнічаў у час нямецкай акупацыі 1941—1944 гг. пры Менскім акруговым камісарыяце.

Дзейнічаў з 1941 года. З заняццем немцамі Мінска архівы, як і іншыя аб’екты культуры, апынуліся пад пагрозай знішчэння. Дакументы дарэвалюцыйнага перыяду Менскага абласнога архіва захоўваліся ў архівасховішчы № 1[1] у будынку былога Свята-Духавага храма па вул. Бакуніна, 3[2]. Улетку праваслаўныя вернікі адкрылі зачыненыя бальшавікамі храмы. Каб вызваліць храм святар Уладзімір Фінькоўскі наняў 50 яўрэяў, якія на працягу трох дзён выкінулі на вуліцу ўсе дакументы з архівасховішча[1][3]. Акрамя таго, Фінькоўскі забраў з архіва частку маёмасці[1].

Чатыры архівісты Мінскага абласнога архіва змаглі іх перанесці іншае архівасховішча[1], відаць, у суседнім будынку архіва, які размяшчаўся ў былым касцёле Святога Іосіфа па вул. Бакуніна, 4. Дакументы былі пераблытаны і патрабавалі ўпарадкавання[1]. Архіў меў вялікія складанасці з забеспячэннем захаванасці дакументаў. У архівасховішчы былі выбіты вокны, праз якія пранікалі дождж і снег, праз што псаваліся дакументы. Акупацыйныя ўлады не клапаціліся пра захаванасць беларускіх архіваў, зварот у Генеральны камісарыят з просьбай аказаць дапамогу архіву застаўся без увагі, архівісты самі забілі частку вокнаў дошкамі і фанерай, а дакументы накрылі кардонам і паперай. Забіць усе вокны не ўяўлялася магчымым, бо ў цемры было б немагчыма весці працу ў архіве[1].

У такім стане архіў знаходзіўся ў цячэнні ўсяго перыяду вайны. Падчас завей, асабліва ў лютым, у яго наносіла шмат снега, які архівістам штодня даводзілася прыбіраць. Пры добрым надвор’і архівісты праветрывалі памяшканні, каб не развівалася цвіль[1].

Паводле А. Шукелойця, у 1941 годзе «ў Гістарычным архіве (у былым касцёле бернардзінцаў) засталася адна маладая прафесійная працаўніца, сп-ня Дзяржынская [відаць, ён блытае яе з Мянжынскай], якая адважна бараніла фонды ад розных валацугаў і зарганізавала нармальную дзейнасць гэтае ўстановы. Архіў камплектаваў па тры асобнікі ўсіх выдаваных кніжак, газет, лятучак, легальных і нелегальных»[4][5].

У сакавіку 1942 г. пасаду загадчыцы архіва займала Яніна Мянжынская. Акрамя яе ў архіве працавала 3 чалавекі: Антон Ганжын, Марыя Бабкова, Вітольд Мянжынскі. У чэрвені 1942 г. месца Ганжына заняў Вацлаў Навакоўскі. У сувязі з тым, што Мянжынская была хворая (недастатковасць мітральнага клапана), яе абавязкі некаторы час у 1942 г. і 1943 г. выконваў Навакоўскі[1].

У сакавіку 1943 г. супрацоўнікі архіва перавезлі ў архівасховішчы ацалелыя матэрыялы з Акадэміі навук[1][6]. У Менскім акруговым архіве падчас акупацыі знаходзіліся на захоўванні ўсе архіўныя фонды, якія засталіся ў Менску: дарэвалюцыйныя дакументы гістарычнага архіва, паслярэвалюцыйныя фонды, фонды перададзеныя напярэдадні войны з Віленскага архіва, у тым ліку і акты з Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў[1].

Акрамя забеспячэння захаванасці дакументаў у архіве вяліся працы па складанні пераліку фондаў і вопісаў. Цягам 1942 года супрацоўнікі архіва займаліся рэгістрацыяй метрычнага фонду. У сакавіку 1943 г. для гістарычнага архіва, які пацярпеў з-за святара Фінькоўскага, была распрацавана схема па сістэматызацыі архіўных матэрыялаў. Ніхто з супрацоўнікаў архіва не меў спецыяльнай архіўнай адукацыі, таму праца прасоўвалася вельмі павольна. У сакавіку 1943 г. было скончана складанне спісу дваранскіх дыпломаў. У чэрвені 1943 г. былі разабраны старыя акты і каралеўскія дыпломы часоў Рэчы Паспалітай, складзена схема іх сістэматызацыі. Метрычныя кнігі былі прыведзены ў парадак, апісаны і зарэгістраваны. У адпаведнасці са складзеным вопісам метрычных кніг розных касцёлаў і цэркваў, усе кнігі, якія лічыліся ў ёй, былі пранумараваны. Значная іх частка, асабліва невялікага аб’ёму і дрэнна захаваныя, звязаны ў пачкі, расстаўлены ў адпаведным парадку на стэлажах. З мэтай найбольш зручнага карыстання метрычнымі кнігамі было пачата складанне каталога. У 1944 г. прыступілі да апрацоўкі выяўленых у архіве матэрыялаў князя Любамірскага з вотчыны ў Дубровенскім графстве[1][7].

У архіве паслярэвалюцыйнага перыяду працягвалася праца па апрацоўцы неўпарадкаваных матэрыялаў адмысловага аддзела Беларускай ваеннай акругі, якія паступілі сюды ў 1937 г. У другой палове 1943 г. у сувязі з няспраўнасцю каналізацыі ў памяшканні архіва на Панцэрштрасэ, 6 (вул. Інтэрнацыянальная), усе акты, якія знаходзіліся там, былі перанесены на другі паверх[1][8]. Пры гэтым усе дрэнна звязаныя, а таксама не звязаныя пачкі былі спакаваны. Паколькі ў архівасховішча не было памяшкання са стэлажамі, гэтыя дакументы заставаліся неразабранымі. У сувязі з рамонтам будынка ў студзені 1944 г. дакументы былі перанесены для захоўвання з другога паверху на гарышча. Як пісаў В. Навакоўскі: «яны падвергліся вялікай небяспекі быць знішчанымі пры любым непрыемным выпадку»[1].

У архіве праводзілася некаторая праца па выкарыстанні дакументаў. Так, па ініцыятыве нямецкага ваеннага камандавання яго наведвалі нямецкія афіцэры, якія знаёміліся з дваранскімі актамі. Найбольш цікавыя матэрыялы дэманстраваліся падчас экскурсій. У 1943 г. архіў наведала 5 груп нямецкіх афіцэраў, колькасцю па 20-30 чалавек[1][9].

Адначасова праводзілася ўпарадкаванне архіўнай бібліятэкі, у якой захоўваліся кнігі арыштаванага напярэдадні вайны былога намесніка загадчыка ЦАУ БССР М. В. Мялешкі. Да вайны кнігі былі апячатаны і імі ніхто не карыстаўся. З пачаткам вайны шафа была ўзламана і частка кніг знікла[10][1]. Архівісты перанеслі ацалелыя кнігі з падвала на другі паверх, дзе знаходзілася чытальная зала, пранумаравалі іх і склалі на іх каталог[11][1].

У студзені 1944 года з надыходам зімы значна ўскладніліся і пагоршыліся ўмовы для працы ў архіве, бо памяшканне не было ўцеплена, вокны разбіты, гулялі скразнякі. У будынку архіва тапілася толькі адна печка, але яна не магла абагрэць нават невялікую канторку[1].

Па загадзе Генеральнага камісарыята найбольш каштоўныя дакументы, акты, граматы, каштоўныя кнігі былі запакаваны ў скрыні. Шэраг кніг перададзены Генеральнаму камісарыяту для вывазу ў Германію. Нягледзячы на інфармацыю пра вываз матэрыялаў у справах архіва няма інфармацыя пра пералік перамешчаных дакументаў[1].

Нягледзячы на добрасумленнае выкананне супрацоўнікамі архіва сваіх прафесійных абавязкаў, што садзейнічала забеспячэнню захаванасці кінутых на волю лёсу архіваў у гады акупацыі Мінска, яны былі абвінавачаны ў дапамаганні акупантам і падвергліся рэпрэсіям у паваенныя гады[1]. Мянжынская была асуджана да 4 гадоў папраўча-працоўных лагераў, Ганжын — да 5 гадоў ссылкі ў Сібіры, Навакоўскі — да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў з канфіскацыяй маёмасці. Усе пасля рэабілітаваныя[1].

Дакументы, звязаныя з дзейнасцю Менскага акруговага архіва Менскага акруговага камісарыята, захоўваюцца ў фондзе 793 Калекцыі малааб’ёмных фондаў устаноў акупацыйнага перыяду 1941—1944 гг. у Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці[1][12].

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Гернович, Т. Д. Минский окружной архив в годы Великой Отечественной войны (по материалам Государственного архива Минской области) // Архивы и война. К 75-летию Победы над фашизмом [Электронный ресурс]: материалы междунар. науч. конф., Минск, 4 нояб. 2020 г. / Белорус. гос. ун-т; под общ. ред. А. Г. Кохановского; науч. ред. М. Ф. Шумейко. — Минск : БГУ, 2021. — С. 34-39.
  2. Спіс абанентаў Менскай АТС. — Мн., 1939. — 215, [1] с. ; 26 см. — 4000 экз. — 4 р.
  3. ГАМО. Ф.1039. Оп.1. Д.250. Л. 14.
  4. А. Шукелойць, Менск пад немцамі, «Наша ніва» 1992, № 9
  5. Uniwersytet Warszawski, Віктар Корбут Менск 23 чэрвеня 1941 – 23 ліпеня 1944 года // Przegląd Środkowo-Wschodni. — 2019-01-15. — Т. 4/2019. — С. 263–318. — DOI:10.32612/uw.2543618X.2019.pp.263-318
  6. ГАМО. Ф.1039. Оп.1. Д.250. Л. 19.
  7. ГАМО. Ф.1039. Оп.1. Д.250. Л. 26.
  8. ГАМО. Ф.1039. Оп.1. Д.250. Л. 24 об.
  9. ГАМО. Ф.1039. Оп.1. Д.250. Л. 21 об
  10. ГАМО. Ф.1039. Оп.1. Д.250. Л. 22 об.
  11. Бібліятэка Міхася Мялешкі: Зводны каталог / Склад.: В. У. Скалабан і інш. Мінск: БелНДІДАС, 1998.
  12. Коллекция малообъемных фондов учреждений оккупационного периода 1941-1944 гг. .: Информация о фонде .: Главная. fk.archives.gov.by. Праверана 1 чэрвеня 2025.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya