Касцёл Святога Іосіфа і кляштар бернардзінцаў (Мінск)
Касцё́л Свято́га Іо́сіфа і кляштар бернардзінцаў — рымска-каталіцкі комплекс на Высокім Рынку ў Мінску. Размяшчаецца па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, якая першапачаткова называлася Вялікай Бернардзінскай вуліцай. Помнік архітэктуры стылю барока XVII стагоддзя. ГісторыяВялікае Княства Літоўскае![]() Кляштар бернардзінцаў быў заснаваны ў 1624 годзе па фундацыі краснасельскага старосты Андрэя Кенсоўскага і яго жонкі Гальшкі з Ляўковічаў, якія падаравалі бернардзінцам пляц з драўляным домам на Высокім рынку. Фундацыя пацверджана ў 1625 каралём Жыгімонтам III Вазай і віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам у 1628 годзе[1][2][3]. ![]() Драўляныя касцёл і канвент збудаваны ў 1630-я гг., але ў 1644 годзе згарэлі. У 1644—1652 гадах узведзены мураваныя касцёл і кляштар, якія ў 1656 годзе, у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, таксама згарэлі[3]. Аўстрыйскі дыпламат А. Маерберг у 1661 годзе занатаваў, што пабачыў у Менску «спусташэнне, зробленае гэтаму гораду маскоўцамі», і адзначыў, што бернардзінцы «пачалі ўжо там папраўляць свае разбураныя святыні»[4]. У хуткім часе яны адноўлены з дабудаванай у 1676 годзе мураванай капліцай па фундацыі Крыштофа Станіслава Завішы, у крыпце якой адбываліся пахаванні прадстаўнікоў знатных родаў: Завішаў, Кенсоўскіх, Тышкевічаў, Хмараў і інш. Аднак, наведаўшы кляштар у 1697 годзе, рускі стольнік П. Талстой адзначыў касцёл як «небогатого строения»[5][3]. Аўстрыйскі пасол Ё. Г. Корб, наведаўшы Менск у 1698 годзе, заўважыў, што тутэйшыя бернардзінцы «жывуць бедна»[4]. Як сведчыў ігумен мінскага манастыра базылян Ян Аляшэўскі, у канцы лютага — на пачатку сакавіка 1708 года казакі абрабавалі бернардзінскі кляштар: «усе тады вымушаны былі з кляштара ўцячы», а бернардзінскі «ксёндз-прэзідэнт, які быў у вялікай небяспецы і ледзьве жывы ўскочыў у наш манастыр, вымушаны быў дзеля аховы свайго здароўя скінуць бернардзінскую расу і апрануць базылянскую». Перабудаваны ў 1752 г. пасля пажараў 1738 і 1740 гг., у выніку чаго ён набыў цяперашнія рысы[6][3]. У 1753 г. на ахвяраванні рэчыцкага харунжага Я. Юдзіцкага памерам 8 тысяч злотых пры кляштары заснавана брацтва Святой Ганны. Дзейнічала школа філасофіі, у якой 1753—1799 гадах было 8—10 навучэнцаў, 2 выкладчыкі[3]. Пад уладай Расійскай імперыіУ 1819 годзе заснавана пачатковая школа з навучаннем па сістэме Бэла—Ланкастэра (88 вучняў), у 1830 годзе ў кляштары было 13 манахаў і 12 клірыкаў. Зноў пашкоджаны пажарамі ў 1809 і 1835 гг., але ў хуткім часе адноўлены[3]. ![]() Манастырскі комплекс, які ўключаў касцёл Св. Іосіфа, жылыя дамы, трапезную, школу, шпіталь, 2 стайні, піваварню і іншыя гаспадарчыя пабудовы (захаваліся часткова), уваходзіў у ансамбль плошчы Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды) і вул. Бернардзінскай (сучасная вул. Кірылы і Мяфодзія). 3 паўднёвага боку каля касцёла ў 1810—1817 гг. пабудаваны гандлёвыя рады[3]. У XIX стагоддзі ў кляштары знаходзілася бібліятэка на 1532 тамы (у 1817 годзе яе нанова скамплектавалі). Паводле У. Сыракомлі, манахі к 1850-м гадам «не сабраліся ўпарадкаваць тут кнігасховішча», што пацярпела ад агню ў 1835 годзе[4]. Т. Корзан сведчыў, што да 1850-х гадоў сам бываў у «некалькіх келлях», кляштар быў «шматлюдны»[4]. У 1862 годзе ў кляштары здарыўся пажар, у выніку якога былі знішчаны і папсаваны начынне і аздобы. Аднак манахі неўзабаве зрабілі рамонт[4]. У 1864 г. кляштар скасаваны і пераўтвораны ў праваслаўны мужчынскі Свята-Духаў манастыр[3]. У 1864 г. манастырскія будынкі часова выкарыстоўваліся пад следчую турму для ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў, пазней перададзены ваеннаму ведамству[3]. Касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св. Кірыла і Мяфодзія, а кляштарныя карпусы былі ператвораныя ў казармы Каломенскага пяхотнага палка[7] і памяшканні следчай камісіі[4]. 3 1872 года пасля скасавання касцёла ён выкарыстоўваўся пад архівы[3]. Найноўшы часДа 1922 года будынак касцёла меў адрас Мала-Манастырскі завулак, 4[8][9]. ![]() З 1923 года ў будынку касцёла па адрасе вул. Бакуніна, 4 размяшчаўся Менскі абласны архіў[8][9]. Тут знаходзілася канцылярыя архіва, а архівасховішча размяшчалася ў суседнім будынку былога Свята-Духавага сабора па вул. Бакуніна, 3[10]. У час нямецкай акупацыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны ў будынку касцёла дзейнічаў Менскі акруговы архіў Менскага акруговага камісарыята[11]. У выніку рэканструкцыі ў пачатку 1960-х гадоў прастора залы расчлянёна на паверхі 2 жалезабетоннымі перакрыццямі[3]. У 1963 годзе Мінскі абласны архіў пераехаў у новы будынак па вул. Даўгабродскай, 32 (цяпер вул. Казлова, 26)[12][13]. З 1969 года ў былым касцёле месціўся Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР[7]. У будынку кляштара ў савецкі час знаходзілася ваенная камендатура[4]. У 1984 годзе фасады касцёла часткова рэстаўрыраваныя (архітэктар Г. Босак)[3]. Быў адноўлены фігурны шчыт, за ўзор якога ўзяты шчыт уніяцкай царквы ў Барунах[14]. У 1988 годзе разглядалася магчымасць стварыць тут музей этнаграфіі і старажытнабеларускага мастацтва[4]. З 1992 года ў ім знаходзіцца Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў-музей літаратуры і мастацтва Беларусі[3]. З 19 сакавіка 2005 года сябры рымска-каталіцкай парафіі Святога Іосіфа ладзілі штодзённыя вячэрнія малебны за вяртанне будынка касцёла вернікам. 15 ліпеня 2009 года ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што касцёл бернардзінцаў не могуць вярнуць каталікам праз тое, што няма сховішча, куды можна перамясціць фонды архіваў[15]. У 2009—2014 гадах былы кляштар рэканструявалі пад гатэль «Манастырскі», адкрыццё якога прымеркавалі да Чэмпіянату свету па хакеі 2014 году[16]. У 2022 годзе га галоўным фасадзе касцёла праведзеныя працы па аднаўленні гістарычнага каларыту (арх. Р. Забела)[17][18]. Архітэктура![]() Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока. Трохнефавая 6-слуповая бязвежавая базіліка з 5-граннай апсідай, накрыта агульным высокім двухсхільным дахам. Бакавыя нефы ўтвараюць па 3 злучаныя паміж сабой капліцы, накрытыя аднасхільнымі дахамі[3]. У архітэктуры пануе пластычны сілуэт галоўнага фасада, які мае хвалістую паверхню, раскрапаваную 4 шырокімі іанічнымі пілястрамі на 3 часткі, цэнтральная з якіх завершана фігурным шчытом з валютамі па баках. Уваход вырашаны шырокім парталам, над якім прабіта вялікае 3-лопасцевае арачнае акно хораў, абапал якога паміж пілястрамі — нішы, дзе стаялі стукавыя скульптуры святых. Сцены бакавых фасадаў расчлянёны арачнымі і лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках, контрфорсамі на апсідзе[3]. Інтэр’ерУнутры цэнтральны неф быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем (абрынулася ў гады Вялікай Айчыннай вайны), бакавыя капліцы, адна з якіх фундавана ў 1676 годзе К. Завішам — крыжовымі. Скляпенне над прэсбітэрыем мела фрэскавы роспіс. У тоўшчы сцяны галоўнага фасада вітыя лесвіцы на хоры і ў склеп. Дэкор і жывапіс 9 алтароў, за выключэннем лепкі капітэляў пілястраў і слупоў, не захаваліся. Алтары Св. Антонія, Бязгрэшнага Зачацця, Св. Роха, Маці Божай Ружанцовай у 1864 г. перанесены ў касцёл езуітаў. У сакрысціі меліся 3 партрэты апекуноў кляштара генерала Мараўскага, памешчыкаў Станішэўскага і Чапскай. На хорах быў пастаўлены 10-галосы арган, які ў пачатку XIX стагоддзя быў заменены на новы «на 22 галасы і з 4 мяхамі»[3]. У выніку апошняй рэканструкцыі (пачатак 1960-х гг.) прастора залы расчлянёна на паверхі 2 жалезабетоннымі перакрыццямі[3]. Кляштар3 паўночнага ўсходу да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане кляштарны корпус. Архітэктурны рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры ў прасценках. Галерэйная планіроўка аб’ядноўвае манаскія келлі, трапезную, бібліятэку і інш. Тэрыторыя кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамай[3].
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia