Міхал Антонавіч Зяновіч
Міхал Антонавіч Дэспат-Зяновіч (польск.: Michał Despot-Zenowicz, руск.: Михал Антонович Деспот-Зенович), 1768—пасля 1823, грамадскі дзеяч, докшыцкі павятовы маршалак (1795—1797), барысаўскі павятовы падкаморы (1799—1802), барысаўскі павятовы маршалак (1811—1814), мінскі губернскі маршалак (1814—1823). Паходжанне і сям'яНалежаў да каталіцкага шляхецкага роду Зяновічаў гербу «Дэспат», які паходзіў з Полацкага ваяводства ВКЛ. Нарадзіўся ў 1768 у сям'і шляхціца Антона Жыгімонтавіча Зяновіча і яго жонкі шляхцянкі Элеаноры-Магдалены Важынскай (Скарбек-Важынскай), шлюб якіх адбыўся ў 1764. Бацька Антон Зяновіч адносіўся да сярэднезаможнай каталіцкай шляхты Полацкага ваяводства ВКЛ, дзе і займаў мясцовыя земскія пасады — полацкага войскага (18.12.1762—18.04.1763) і полацкага падкаморага (07.03.1764—6.03.1795); валодаў фальваркамі Окунева і Забор'е ў Полацкім ваяводстве; атрымліваў ад манарха Рэчы Паспалітай у пажыццёвае валоданне Шнітаўскае староства, арэндныя Чэрніцкае староства (прывілеем ад 1 ліпеня 1768) і Бельчыцкае староства (прывілеем 19 красавіка 1784) у Полацкім ваяводстве і ў спадчыннае валоданне фальваркі Якшыцы і Свіла ў Менскім ваяводстве (прывілеем 23 лістапада 1768), Глінаўшчына, Воранаў, Гняздзілава, Альбяровічы, Енкі і Пісарэўшчына (тым жа прывілеем 23 лістапада 1768) у Аршанскім павеце ВКЛ. Маці Міхала Элеанора-Магдалена Важынская паходзіла з каталіцкай шляхты Ашмянскага павета ВКЛ. Міхал Антонавіч Зяновіч ажаніўся з Ганнай Крыштофаўнай Шчыт (Неміровіч-Шчыт), ад якой меў сем дзяцей: Ігнат, Ян, Геранім, Антон, Людвік, Юсціна, Віргінія. Службовая дзейнасцьСваю публічную і палітычную кар'еру пачаў з таго, што быў выбраны ў 1789 на сойміку Полацкага ваяводства ВКЛ дэпутатам ад Полацкага ваяводства ў Галоўны Літоўскі Трыбунал, а ў 1790 — паслом ад Полацкага ваяводства на «Вялікі сойм» (1788—1792). У 1791 ён стаў дэкрэтовым пісарам, шамбялянам манарха Рэчы Паспалітай і кавалерам ордэна Святога Станіслава. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, ужо пры расійскай уладзе, у Мінску на дваранскіх выбарах выбіраўся павятовымі дваранамі на пасаду докшыцкага павятовага маршалка (1795—1797), меўшы ў Докшыцкім павеце 679 рэвізскіх душ, а пасля скасавання Докшыцкага павета (і ўключэння яго тэрыторыі ў склад суседніх паветаў) — падкаморым (1799—1802) Барысаўскага павета, дзе меў зямельную маёмасць. У 1800 Зяновіч упамінаецца як пісар літоўскай асэсорыі. На дваранскіх выбарах у Мінску быў абраны 28 верасня (ст.ст.) 1811 на пасаду барысаўскага павятовага маршалка (1811—1814). 20 лютага 1812 быў таксама прызначаны Віленскім універсітэтам на пасаду ганаровага наглядальніка вучэльняў Барысаўскага павета. ![]() Сваю пасаду барысаўскага павятовага маршалка захаваў за сабой, хоць пасля прыходу ў 1812 у літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі французскіх войск падчас франка-расійскай вайны Міхал Зяновіч увайшоў у склад створанай французскімі ўладамі мясцовай адміністрацыі: паводле дэкрэта князя Экмлюльскага (французскага маршала Луі-Нікаля Даву) ад 13 ліпеня (25 ліпеня) 1812 была створана Камісія Часовага Урада Мінскай правінцыі для кіравання справамі ў захопленай Мінскай губерні і прызначаны асобы (у тым ліку Зяновіч), якія павінны ўвайсці ў яе склад. У Мінску гэтая Камісія выбрала са свайго кола старшыню (князя Міхала Крыштафавіча-Дамінікавіча Пузыню) і генеральнага камісара пры маршале князе Экмюльскім (ім як раз і стаў Міхал Антонавіч Зяновіч). Паводле дэкрэта князя Экмлюльскага Камісія падзялілася на тры аддзелы (гаспадарчы, паліцыі і фінансавы), размеркаваўшы ў аддзелах асоб, выбраных князем Экмюльскім членамі Камісіі. Міхал Зяновіч увайшоў членам (разам з Антонам Тадэвушавічам Ваньковічам) у склад гаспадарчага аддзела, узначаленага старшынёй — Ігнатам Станіслававічам Манюшкам (1787—1869). Паводле дэкрэта французскага імператара Напалеона І ад 19 чэрвеня (1 ліпеня) 1812 для кіравання захопленымі французамі тэрыторыямі, дзе было прагалошана Вялікае Княства Літоўскае, ствараліся дэпартаменты на чале са сваёй адміністрацыяй: па паступовым захопе тэрыторыі былі створаны Віленскі, Гродзенскі, Мінскі і Беластоцкі дэпартаменты — у межах адпаведных расійскіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Толькі 27 ліпеня (8 жніўня) 1812 Камісія Часовага Урада Мінскай правінцыі была ліквідавана французскай уладай, аднак усе яе члены былі пакліканы на пасяджэнне ў складзе аддзелаў Адміністрацыі Мінскага дэпартамента. Хоць Зяновіч у склад новай адміністрацыі не ўвайшоў, але быў з 15 ліпеня (27 ліпеня) да канца жніўня 1812 прэфектам падпрэфектуры Барысаўскага дыстрыкта (павета), пры князі Экмюльскім (маршале Даву) — генеральным камісарам. Пасля адыходу французскіх войск з тэрыторыі літоўска-беларускіх зямель і вяртання расійскага панавання, многія з мясцовай шляхты, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Расіі на баку Францыі, атрымалі амністыю паводле маніфеста расійскага імператара Аляксандра I ад 23 снежня 1812 (6 студзеня 1813). 25 красавіка 1814 у Санкт-Пецярбургу адбыўся надзвычаны сход членаў Сената, Дзяржаўнай Рады і Сінода Расійскай імперыі для абмеркавання пытання аб прынясенні расійскаму імператару Аляксандру I (1777—1825) «ад імя святкуючай Расіі ахвяравання падзякі за вялікія Яго подзвігі, праславіўшыя і ўзнёсшыя айчыну Нашу над усімі дзяржавамі». 15 мая 1814 быў выдадзены ўказ Сената аб зборы ахвяраванняў на спаруду помніка імператару Аляксандру І у гонар перамогі ў вайне 1812 года над Напалеонам І. А 18 чэрвеня 1814 у Мінску для разгляду справы па выкананні гэтага ўказу Сената аб зборы ахвяраванняў адбыўся сход, на які з'ехаліся губернскі маршалак (1811—1814) граф Людвік Міхалавіч Ракіцкі і павятовыя маршалкі Мінскай губерні (у тым ліку, Зяновіч). ![]() У верасні 1814 на дваранскіх выбарах у Мінску Міхал Зяновіч быў зноў выбраны павятовым дваранствам аднагалосна (140 баламі) на пасаду барысаўскага павятовага маршалка, аднак гэту пасаду не заняў, бо быў выбраны пазней, 7 верасня 1814, на тых жа дваранскіх выбарах на пасаду мінскага губернскага маршалка. Вакантную пасаду барысаўскага павятовага маршалка (1814—1820) заняў граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч (1756—1858), бацька вядомага этнографа, археолага, гісторыка і культурнага дзеяча Яўстаха Тышкевіча (1814—1873), які таксама ў 1844 быў выбраны барысаўскім павятовым маршалкам (1844—1847). Паводле дадзеных за 1814 Міхал Зяновіч валодаў маёнткам Янушаў у Барысаўскім павеце Мінскай губерні, што налічваў 644 рэвізскія душы. У 1816 паводле царскага ўказа стаў кавалерам ордэна Святога Уладзіміра 4-й ступені і ордэна Святой Ганны 2-й ступені. На наступных дваранскіх выбарах у Мінску ў 1817 і 1820 быў пераабраны дваранамі губерні на пасаду мінскага губернскага маршалка, зацвярджаўся, адпаведна, расійскай уладай на гэтай пасадзе, атрымаў чын стацкага саветніка. Як і многія прадстаўнікі краіннай і рэгіянальнай эліты, стаў членам мясцовых масонскіх лож, што было вельмі папулярным і распаўсюджаным у тыя часы, – «Паўночная паходня» (прамоўца з 1818 і майстар кафедры з 1819), «Гара Табар», «Шчаслівае вызваленне», «Уладзіслаў Ягела», «Святыня пакоя». Пасля таго як прыйшлі звесткі аб смерці ў 1817 Тадэвуша Касцюшкі ў Швейцарыі, 21—21 лютага (7—8 сакавіка) 1818 мінскі губернскі маршалак Міхал Зяновіч выступіў з прамовай на ўрачыстым ушанаванні героя ў кафедральным касцёле ў Мінску. Упамінаецца ў 1822 як правадзейны член Маскоўскага таварыства сельскай гаспадаркі, ганаровы наглядальнік вучэльняў Барысаўскага павета. ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia