Освальд Шпенглер
Освальд Шпенглер (ням.: Oswald Spengler; 29 мая 1880, Бланкенбург, Германія — 8 мая 1936) — нямецкі філосаф, гісторык, культуролаг, прадстаўнік філасофіі жыцця. БіяграфіяВывучаў філасофію, гісторыю, матэматыку і мастацтва ў Берлінскім і Мюнхенскім універсітэтах. Працаваў настаўнікам у Гамбургу, выкладчыкам матэматыкі ў Мюнхене. Асноўны твор — «Заход Еўропы» (Т. 1-2; 1918-22), у якім абгрунтаваў ідэю адасобленасці культурна-гістарычных тыпаў. Разглядаў гісторыю як своеасаблівы калейдаскоп з васьмі «арганічных» культурна-гістарычных тыпаў (ці культур): егіпецкай, індыйскай, вавілонскай, кітайскай, апалонаўскай (грэка-рымскай), магічнай (візантыйска-арабскай), фаўстаўскай (заходнеэўрапейскай) і культуры мая. Сярод іншых значных работ О. Шпенглера — «Чалавек і тэхніка» (1931), «Гады рашэнняў» (1933) і інш. СветапоглядПаводле Освальда Шпенглера, кожная культура як сукупнасць сімвалаў мае свой уласны прасімвал, які з’яўляецца яе «душой», сістэмастваральным пачаткам; як толькі «душа» культуры ажыццявіла ўсю паўнату сваіх магчымасцей у розных культурных формах (мова, веравызнанне, мастацтва, навука, дзяржава) культура прыходзіць у заняпад і становіцца цывілізацыяй. Разглядаў культуру як замкнёны арганізм, які ў сваім развіцці праходзіць усе асноўныя стадыі жыццёвага цыклу — нараджэнне, росквіт, заняпад. Лічыў, што поўны цыкл культура праходзіць прыблізна за адно тысячагоддзе. Пасля гэтага яна выраджаецца ў сваю супрацьлегласць — цывілізацыю, дзе пануе голы тэхніцызм, бяздушнасць, а на змену творчасці і развіцця прыходзяць бясплоддзе і акасцяненне; людзі паступова ператвараюцца ў бязлікія істоты. Паводле О. Шпенглера, няма агульначалавечай культуры, а ёсць нацыянальна непаўторныя культуры асобных народаў і рэгіёнаў, якія дамінуюць у пэўныя гістарычныя эпохі. На яго думку, цывілізацыя нясе «згасанне душы» культуры, перавагу рацыяналізму над ісцінай, прагматызму над натхненнем, перанасычанасць усіх бакоў жыцця тэхнікай і арганізац. формамі, якія падпарадкоўваюць сабе чалавека. Адмовіўся ад ідэі адзінага сусв.-гіст. развіцця і прагрэсу як агульнай яго накіраванасці, але ў сваёй перасцярозе пра апакаліпсіс зах. свету звярнуў увагу на неабходнасць захавання і развіцця культуры як найважнейшага шансу лепшай будучыні чалавецтва. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia