Паўднёвы Сулавесі
Паўднёвы Сулаве́сі (індан.: Sulawesi Selatan) — правінцыя на паўднёвым захадзе і ў цэнтры вострава Сулавесі ў Інданезіі. Плошча - 46 717,48 км². Насельніцтва (2014 г.) - 8 395 7471 чал. Адміністрацыйны цэнтр — Макасар. Геаграфія і прыродаПравінцыя Паўднёвы Сулавесі займае 46 717,48 км² і ахоплівае тэрыторыі паўднёвага захаду і цэнтральнай часткі вострава Сулавесі, а таксама прылеглых меншых па памерах астравоў. У яе склад уваходзяць як нізінныя прыбярэжныя тэрыторыі, так і горы. Гара Рантэмарыё на поўначы правінцыі — найвышэйшая на Сулавесі (3478 м). Карысныя выкапні — вапняк, пясок, друз, соль, нікель. Горныя і нізінныя лясы адрозніваюцца значнай біялагічнай разнастайнасцю, багатай флорай і фаўнай. На поўдні правінцыі знаходзіцца другі па агульнай плошчы ў свеце атол — Така-Боне-Ратэ. Для захавання прыроды Паўднёвага Сулавесі арганізаваны шэраг нацыянальных паркаў. ГісторыяНа тэрыторыі Паўднёвага Сулавесі археолагамі знойдзены найстаражытнейшыя сведчанні існавання чалавека на востраве. Яны адносяцца да 30 тысячагоддзя да н. э. У перыяд сярэднявечча пачалі складвацца першыя дзяржаўныя ўтварэнні. У XVI ст. адкрыты партугальскімі мараплаўцамі. З сярэдзіны XVII ст. дзяржавы Паўднёвага Сулавесі трапілі пад уплыў Нідэрландаў. Да пачатку XX ст. яны былі заваяваны галандцамі. У 1946 г. тэрыторыя правінцыі ўвайшла ў склад марыянетачнай дзяржавы Усходняя Інданезія. 17 жніўня 1950 г. далучана да Інданезіі. Як асобная правінцыя ўзнікла ў 1960 г. Сучасныя межы набыла ў 2004 г. НасельніцтваЗгодна данным 2014 г., Паўднёвы Сулавесі з'яўляўся самай населенай правінцыяй вострава Сулавесі. Тут жыло 8 395 747 чал. Найбуйнейшым горадам правінцыі і ўсяго вострава быў Макасар (1 398 804 чал.). Этнічны склад насельніцтва вельмі стракаты, аднак большую частку прадстаўляюць бугі (41,9 %), макасарцы (25,43%) і тараджы (9,02%). Асноўная рэлігія — іслам (87,88%%). Тараджы спавядаюць хрысціянства (пратэстантызм і каталіцызм). ЭканомікаАдміністрацыйны цэнтр Паўднёвага Сулавесі, Макасар, з'яўляецца адным з галоўных транспартных вузлоў на ўсходзе Інданезіі. Сельская гаспадарка прадстаўлена таварнай вытворчасцю такіх культур, як рыс, кава, какава, чай і інш. У горных раёнах развіваецца жывёлагадоўля. Асаблівую ролю адыгрывае гадаванне буйвалаў. На паўночным ўсходзе здабываюць нікель. Традыцыйныя віды прамысловасці — харчовая, вытворчасць шоўку, будаўніцтва і рамонт марскіх суднаў. Развіваецца турызм.
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia