Платон Мікалаевіч Жуковіч
Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (26 верасня 1857, Пружаны, Расійская імперыя — 12 снежня 1919, Петраград, РСФСР) — расійскі і беларускі вучоны-гісторык, архівіст, педагог, царкоўны і грамадскі дзеяч[2]. Прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук (1918). Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных даследчыкаў міжканфесыйных адносін у Рэчы Паспалітай, даследаваў палітыку Расіі на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Стаяў на пазіцыях афіцыйнай гістарыяграфіі Расійскай імперыі. Пісаў свае даследаванні ў «заходнерускім духу»[3], сцвярджаў, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расійскага цара. Разам з тым, паводле сучасных ацэнак ён быў адным з нешматлікіх даследчыкаў царкоўнай гісторыі ХІХ стагоддзя, які імкнуўся да пазаканфесійнай аб'ектыўнасці ў сваіх працах[4]. ПаходжаннеБацька, Мікалай Міхайлавіч Жуковіч (28.12.1826 (10.1.1827) — 29.7.1908), праваслаўны святар. Нарадзіўся ў мястэчку Дзівін Кобрынскага павета (цяпер у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў 1849 годзе, рукапакладзены ў сан дыякана. 28 лістапада 1849 года хіратанізаваны ў сан іерэя царквы Нараджэння Хрыстовага ў Пружанах. Неўзабаве пасля пабудовы сабора Аляксандра Неўскага ў сане мітрафорнага протаіерэя стаў яго настаяцелем. Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках. БіяграфіяПлатон Жуковіч нарадзіўся 26 верасня 1857 у горадзе Пружаны Гродзенскай губерні. У 1867 годзе паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, скончыўшы яго ў 1871 годзе адным з трох лепшых вучняў. Пасля паступіў у Літоўскую семінарыю. Па яе сканчэнні ў 1877 годзе працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленні, якое ўзначальваў Міхаіл Каяловіч, выхадзец з Беларусі і адзін са стваральнікаў ідэалогіі заходнерусізму[5]. Платон Жуковіч з’яўляўся адным з лепшых студэнтаў, пра што сведчаць не толькі адзнакі, але і ўспаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозій і Польская царква яго часу», якая пасля перарасла ў кандыдацкую дысертацыю, абароненую ў 1881 годзе. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленні. Пасля сканчэння вучобы быў размеркаваны на абавязковае выкладанне (паўтара гады за кожны рок навучання) ў Полацкае духоўнае вучылішча. Выкладаў геаграфію і арыфметыку, адначасна працягваючы навуковыя даследаванні. У 1882 апублікаваў манаграфію "Кардинал Гозий и польская церковь его времени", а 16 студзеня 1883 паспяхова абараніў дысертацыю, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя. Быў запрошаны ў кола аўтараў "Энцыклапедычнага слоўніка" Бракгаўза і Эфрона для публікацыі артыкула "Гозий (Станислав)"[6]. Пасля гэтага ён атрымаў прапанову заняць кафедру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 года на загад Свяшчэннага Сінода ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскага духоўнага вучылішча, а ў 1884 годзе стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай семінарыі. Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся даследаваннямі каталіцкай духоўнай адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыццё Літвы і Беларусі. Ён меў доступ да рэдкіх дакументаў, у выніку чаго яго працы мелі надзвычайную вартасць. Працяглы час займаючыся вывучэннем каталіцкай адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранай з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур’ёзная пагроза для цэльнасці расійскай дзяржавы. У жніўні 1891, па смерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на вакантную пасаду загадчыка кафедры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафесар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніў дысертацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.» (апублікавана як манаграфія ў 1897). У 1911 у сувязі з выслугай 30-гадовага тэрміну перадаў кафедру грамадзянскай гісторыі свайму вучню Д. Зіньчуку, а ў 1912 абраны ганаровым членам Духоўнай акадэміі. З’яўляўся членам Рускага гістарычнага таварыства з 1914 года. Акрамя таго, з’яўляўся ганаровым членам Імператарскага Археалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалагічнай камісіі, пажыццёвым членам Уладзімірскай губернскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным членам Камісіі для разбору і парадкавання архіву Свяшчэннага Сінода, Імператарскага рускага гістарычнага таварыства, Імператарскага маскоўскага археалагічнага інстытута імя імператара Мікалая II і Рускага бібліялагічнага таварыства. З 1914 займаўся даследаваннем становішча насельніцтва, школьнай справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай; працаваў над гісторыяй інвентароў і пачатку сялянскай рэформы на Беларусі XIX ст. Лічыў важным публікаваць крыніцы, якія б дазвалялі вывучаць і тлумачыць палітыку Расійскай дзяржавы на былых землях ВКЛ. У 1915 годзе камандзіраваны ў Галіцыю, занятую расійскімі войскамі, для распрацоўкі пытання магчымасці аб'яднання мясцовых грэка-каталікоў з Рускай праваслаўнай царквой[6]. У 1917 годзе браў удзел у працы Усерасійскага царкоўнага сабору[7]. Пасля закрыцця Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленне акадэміка Івана Пальмава быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі. Памёр у 1919 годзе, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 годзе набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выдання гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы да біяграфій асобных дзеячаў царкоўнай гісторыі і асветы, навучальных духоўных устаноў Беларусі, апісанне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнай творчасці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павел Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандр Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандр Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[8]. Сачыненні
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia