Расійска-беларускі нафтавы канфлікт (2020)Расійска-беларускі нафтавы канфлікт — чарговы канфлікт урадаў і кампаній Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь вакол паставак нафты. Перадгісторыя30 і 31 снежня 2019 г. прэзідэнты абодвух краін, А. Лукашэнка і У. Пуцін, вялі перамовы пра пастаўкі нафты ў 2020 г., але не дамовіліся. 31 снежня А. Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыйскага мора і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба»[1]. У 2019 г. Беларусь купляла нафту за 83% сусветнага кошту. Сёлета ён вырасце з прычыны чарговага памяншэння расійскіх мытаў на нафтапрадукты, на перапродажы якіх зарабляў афіцыйны Мінск. Як удакладніла эканамічны аглядальнік Т. Манёнак, «спрэчка ідзе аб прэміі для расійскіх кампаній памерам блізу $10 за тону». Аднак гэтая прэмія была ўсталявана ў 2011 г., калі кошт барэля быў ледзь не ўдвая большы за $64, і Беларусь столькі зарабляў на безмытавых пастаўках, што мог дазволіць дакінуць расійскім кампаніям такую прэмію[2]. У сваю чаргу, Расія, дагэтуль не кампенсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 г. Не ўзгаднілі кампенсацыю за расійскі падатковы манеўр. У бюджэт-2020 Беларусі закладзены страты ў памеры 951 млн. рублёў. Роля нафты ў эканоміцы БеларусіПа меркаванні экспертаў, Беларусі на ўласныя патрэбы трэба каля 7—8 млн т нафты на год[3]. У 2020 г. Беларусь планавала перапрацаваць 24 млн т нафты. На перапрацоўцы нафты і далейшым продажы нафтапрадуктаў (галоўным чынам у краіны ЕС) Беларусь зарабляла, напрыклад, у 2018 г. 12,8 млрд долараў ЗША, набыўшы нафты на 6,8 млрд долараў ЗША. Паводле справаздачы Міністэрства фінансаў Беларусі, нафтавыя пастаўкі ў 2018 г. склалі 10% даходаў бюджэта Беларусі. У 2019 годзе экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым вымярэнні склаў 5,2 млрд. долараў ЗША, скараціўшыся на 19,7% у параўнанні з 2018 годам[4]. Як вынік праблем, звязаных у першую чаргу з нафтахіміяй[5], у студзені 2020 года ВУП Беларусі знізіўся на 1,9 % у параўнанні са студзенем 2019 года[6]. ХраналогіяУ пачатку снежня 2019 г. віцэ-міністр энергетыкі Казахстана Асет Магауаў паведаміў, што беларускі бок заявіў пра гатоўнасць імпартаваць каля 3,2—3,5 млн т нафты і цёмных нафтапрадуктаў у год, і паказаў, што адпаведнае двухбаковае пагадненне паміж Беларуссю і Казахстанам можа быць падпісана ўжо ў пачатку 2020 г.[7] 1 студзеня 2020 г. Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь[8], але расійская нафта працягвала паступаць транзітам праз Беларусь у краіны Еўропы[9]. У выніку, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемства Беларусі вымушаны былі працаваць на рэштках, якія засталіся з 2019 г. 3 студзеня Прадстаўніца Міністэрства транспарту Латвіі І. Канцэна паведаміла, што прадпрыемствы Латвіі, у т. л. марскія порты і чыгунка, гатовыя прадставіць Беларусі паслугі перагрузкі, захавання і транспартавання нафты[10]. У той жа дзень, кіраўнік транспартнай кампаніі LG Cargo Э. Лазаўскас, заявіў журналістам, што Літва можа прапанаваць Беларусі інфраструктуру для паставак сырой нафты ў аб'ёме да 3 млн тонаў на год[11]. Супрацоўнік прэс-службы «Белнафтахіму» заявіла, што «экспарт нафтапрадуктаў часова прыпынілі», каб не дапусціць дэфіцыт паліва на ўнутраным рынку[12]. 4 студзеня прыпыненыя пастаўкі былі часткова адноўленыя нафтавымі кампаніямі групы «Сафмар» Міхаіла Гуцырыева. 10 студзеня А. Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім аб’ектам падаткаабкладання экалагічным падаткам прызнана транзітная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі трубаправодамі[13]. 14 студзеня Беларуская нафтавая кампанія накіравала камерцыйныя прапановы аб куплі нафты ва «ўсе магчымыя краіны: і Украіна, і Польшча, і краіны Балтыі, і Казахстан, Азербайджан», заявіў сёння першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дз. Круты[14]. У сваю чаргу, афіцыйны прадстаўнік дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана (SOCAR) І. Ахмедаў паведаміў, што Азербайджан гатовы пастаўляць нафту Беларусі, перамовы пра гэта былі, але пакуль што канкрэтнага рашэння няма[15]. 22 студзеня пачаўся працэс абмеркавання варыянта пастаўкі нафты з Азербайджана пры дапамозе ўкраінскага нафтаправода Адэса—Броды[16]. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у кулуарах форума ў Давосе заявіў, што Socar можа тэхнічна ажыццяўляць пастаўкі нафты ў Беларусь праз трэйдынгавыя аперацыі. Каб падкрэсліць сур'ёзнасць сваіх пазіцый, Беларусь абвесціла пра штомесячныя рамонтныя работы на трубаправодзе «Дружба», па якім расійская нафта плыве, між іншага, у краіны Заходняй Еўропы. На час рамонту — прапускная здольнасць зменшыцца напалову[17]. 15 студзеня паводле слоў часовага дырэктара кампаніі Klaipedos nafta Г. Сабаляўскаса, літоўскі бок гатовы перавальваць да 3 млн тон сырой нафты з судоў. Дырэктар Клайпедскага порта па маркетынгу і агульных пытаннях А. Друнгілас казаў, што тэарэтычна нафту для Беларусі можна было б імпартаваць і праз Буцінгскі нафтатэрмінал, кантраляваны кампаніяй Orlen Lietuva, аднак гэтая кампанія з'яўляецца канкурэнтам беларускіх заводаў[18]. 16 студзеня прайшла сустрэча беларускага віцэ-прэм'ера І. Ляшэнкі і выконваючага абавязкі віцэ-прэм'ера РФ Дзмітрыя Козака. Яны абмеркавалі «ўзаемадзеянне ў нафтавай сферы», але пра вынікі нічога не паведамілі[19]. 17 студзеня віцэ-прэм'еры не здолелі вырашыць рознагалоссі па цане на сыравіну[20]. 17 студзеня міністр энергетыкі Казахстана Нурлан Нагаеў на сустрэчы з намеснікам старшыні «Белнафтахіма» А. Бунаковыма абмеркавалі праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты[21]. 19 студзеня міністр камунікацыяў Латвіі Т. Лінкайтс заявіў, што яго краіна мае тэхнічную магчымасць і неабходную інфраструктуру для таго, каб перапампоўваць нафту праз свае парты ў Беларусь[22]. Аднак, як адзначыла Т. Манёнак, «гэта несур'ёзная пакуль што альтэрнатыва», бо праз чыгунку ў Беларусь можна паставіць не больш за 3 млн т нафты на год, калі патрэбы беларускіх НПЗ складаюць да 24 млн т. Пра галіны трубаправода «Дружба», якія вядуць у Літву і Латвію, і якія пустуюць 2006 і 2003 гг., адпаведна, гаворкі не ідзе[2] 20 студзеня расійскае выданне «Коммерсантъ», спаслаўшыся на свае крыніцы, паведаміла, што Беларусь і Расія прыпынілі перамовы пра транзіт нафты. У Маскве нібыта лічаць бессэнсоўным абмяркоўваць кошт транзіту да таго часу, пакуль не будуць удакладнёныя аб'ёмы нафты[23]. У той жа дзень беларускае прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» завяршыла рамонт участкаў магістральнага нафтаправоду «Мазыр—Брэст-3»[24]. У прэс-службе ўрада Беларусі паведамілі, што бакі дасягнулі пагаднення аб падыходах і методыцы кампенсацыі за брудную нафту[25]. Агенцтва «Reuters» паведаміла, што Беларусь купіла партыю нарвежскай нафты Johan Sverdrup, склад якой, блізкі да складу расійскай Urals. Танкер Breiviken з 80 000 тон сыравіны павінен быў прыбыць у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня[26]. Аднак, у сувязі з рэзкім пагаршэннем надвор'я, якое справакавала хвалі вышынёй да 3 метраў, рух судоў у порце быў абмежаваны. Таму, танкер увайшоў у порт Клайпеды толькі 23 студзеня[27]. 26 студзеня першая партыя нарвежскай нафты прыбыла на Наваполацкі НПЗ[28]. 21 студзеня А. Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях павышэння эфектыўнасці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт, на якой заявіў аб неабходнасці пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты, а таксама паставіў задачу дыверсіфікаваць пастаўкі чорнага золата: 30—40% павінна пастаўляцца з Расіі, 30% — з Балтыкі, яшчэ 30% — праз Украіну[29]. У гэты жа дзень, прэс-служба «Белнафтахіма» паведаміла, што экспарт нафтапрадуктаў аднавіўся, бо павялічваюцца плыні нафтавай сыравіны на беларускія заводы[30]. 22 студзеня старшыня праўлення канцэрна «Белнафтахім» А. Рыбакоў заявіў, што Беларусь мае практычна гатовыя кантракты на пастаўку нафты з альтэрнатыўных Расіі крыніц[31]. У кулуарах Сусветнага эканамічнага форума ў Давосе, кіраўнік «Лукойла» В. Алекпераў паведаміў, што «Лукойл» не плануе нейкім чынам кампенсаваць страты Беларусі з-за падатковага манеўра ў нафтавай галіне і аднаўляць пастаўку нафты на НПЗ краіны на ільготных умовах. Аб'ёмы нафты, якія пастаўляліся раней Беларусі, былі перанакіраваны на іншыя напрамкі[32]. 22 студзеня пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў у інтэрвію агенцтву ТАСС выказаў думку, што дзве краіны неўзабаве могуць знайсці рашэнні па нафтагазавых пытаннях. Ён адзначыў, што «Расійскі бок гатовы кампенсаваць шкоду. Такая пазіцыя і ў гэтым выпадку паказвае прыхільнасць саюзніцкім адносінам»[33]. У той жа час, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота прапанаваў выпрацаваць «нейкую такую формулу цаны на энерганосьбіты, якая б насіла доўгатэрміновы характар і не змушала бокі кожны раз на вельмі складаныя перамовы»[34]. Адной з прыкмет вастрыні і ўсёй сур'ёзнасці канфлікту стала рыторыка А. Лукашэнка, які 24 студзеня, з абурэннем вяшчаў, што «кожны год перад Новым Годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты». Ён адзначыў, што расійскі бок дзейнічае «нахабна, беспардонна... каб нахіліць і зняважыць», і што праблема Беларусі, у гэтым пытанні, гэта манапалізм[35]. 29 студзеня А. Лукашэнка Указам № 27 ўпаўнаважыў ўрад на правядзенне перагавораў з Казахстанам аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь, а таксама па праекце пагаднення і яго падпісанне пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта[36]. У лютым расійскія нафтавыя кампаніі групы «Сафмар» паставяць 250 тыс. т нафты[37]. 1 лютага Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 46 ад 28 студзеня 2020 г., якой падвысіў экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС з $77,2 да $78,5 за 1 т[38] Падчас свайго візыту ў Беларусь дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа прапанаваў Беларусі звярнуцца па нафту ў ЗША[39]. У ходзе сустрэчы было падпісана рамачнае пагадненне пра пастаўку амерыканскай нафты (18 млн. бар.) ў Беларусь з Паўночнай Дакоты[40], якая можа пайсці па SWOP-схеме. Сутнасць схемы у тым, што Беларусь купляе нафту ў ЗША і вязе яе ў Польшчу. А Польшча закупляе нафту ў Расіі. «Беларуская» нафта перапрацоўваецца на заводах Польшчы, а Беларусь, у сваю чаргу, забірае і перапрацоўвае «польскую» нафту з нафтаправода «Дружба»[41]. 7 лютага ў Сочы прайшлі чарговыя перамовы па нафце з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, па выніках якіх было заяўлена, што Масква і Мінск працягнуць абмяркоўваць пастаўкі нафты выключна на камерцыйных умовах: «Калі казаць пра дамоўленасці аб нафце, нафтавым рынку, то расійскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку», — сказаў віцэ-прэм'ер Дз. Крутой. Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб падкрэсліў, што «фраза аб сусветных цэнах бессэнсоўная», бо цана для ўсяго свету ўключае экспартнае мыта, якое Беларусь не плаціць[42]. Але ўжо 10 лютага віцэ-прэм'ер Дз. Крутой патлумачыў, што ў «сусветную цану» уваходзяць: цана паміж кампаніямі — чыстая, без прэміі, і тое мыта, якое ёсць ва ўмовах расійскага падатковага манеўру на сённяшні дзень. Сумарна — гэта мінус 17% да той каціроўкі, якую мы бачым на нафце Brent[43]. 11 лютага Беларусь пачала забіраць тэхналагічную нафту для нафтаперапрацоўчых заводаў з адгалінаванняў нафтаправоду «Дружбы», не закранаючы транзіт[44]. 12 лютага кіраўнік расійскай кампаніі Аляксандр Дзюкаў па выніках сустрэчы прадстаўнікоў нафтавых кампаній з міністрам энергетыкі Расіі Аляксандрам Новакам паведаміў, што «Газпром нафта» гатовыя абмяркоўваць з Беларуссю розныя схемы паставак нафты. Ён адзначыў, што кампанія гатовая абмеркаваць і давальніцкую схему паставак[45]. 17 лютага даччыная кампанія «Беларуснафты» — кампанія «Янгпур», якая вядзе здабычу нафты ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расіі, пераарыентавала пастаўкі нафтавай сыравіны на Беларусь. 18 лютага прайшла сутрэча Аляксандра Лукашэнка з галоўным выканаўчым дырэктарам, старшынёй праўлення НК «Раснафта» Ігарам Сечыным[46]. Вынікі сустрэчы пакуль невядомы. 19 лютага прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка паведаміў, што канцэрн працягвае перамовы з польскім бокам аб магчымасці запуску ў рэверс беларускага ўчастка магістральнага нафтаправода «Дружба» для забеспячэння альтэрнатыўных Расіі паставак нафты ў Беларусь[47]. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь пастановай № 13 ад 10 лютага 2020 года павысіла тарыф на паслугу па транспарціроўцы нафты па магістральным трубаправодзе ААТ «Гомельтранснафта Дружба» па маршрутным кірунку «Унеча (Высокае)—Полацк—Невель» з 191,2 расійскіх рублёў да 203,8 за адну тону (без падатку на дабаўленую вартасць)[48]. Выкарыстаўшы сітуацыю з падзеннем сусветных цэн на нафту, беларускія перапрацоўшчыкі аднавілі запасы сыравіны да красавіка 2020 года. Таксама Масква згадзілася дэ-факта пастаўляць нафту без прэміі[49]. Гл. таксама
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia