Раіса Мікалаеўна Жук-Грышкевіч
Раі́са Мікала́еўна Жук-Грышке́віч, дзявочае Жукоўская (22 кастрычніка 1919, Пружаны, цяпер Брэсцкая вобласць — 2 красавіка 2009, Бары, Канада) — беларуская грамадская дзяячка. Біяграфія![]() Нарадзілася Раіса Жукоўская 22 кастрычніка 1919 года ў Пружанах у сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч. Скончыла тут польскую пачатковую школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, пасля была накіравана ў Смаляніцу. У 1942 годзе выехала ў Германію, працавала ў «Вінеце». Пасля сканчэння вайны трапіла ў лагер для перамешчаных асоб брытанскай акупацыйнай зоны ў горадзе Ватэнштэце[1]. Раіса была сцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў лякарні. Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыстку. У 1949 годзе з’ехала ў Канаду. Еўрапейскія медыцынскія дыпломы ў Канадзе не прызнаваліся, таму вымушана была вучыцца наноў. У 1954 годзе скончыла ўніверсітэт у Таронта і атрымала дыплом доктара дантычнай хірургіі. Адначасова з вучобай на дантыста наведвала курсы беларусазнаўства, адкрытыя пры ўніверсітэце В. Жук-Грышкевічам. Працавала стаматолагам да 1990 года. 4 верасня 1953[2] выйшла замуж за доктара Таронцкага ўніверсітэта Вінцука Жук-Грышкевіча, на той час таксама намесніка Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка. З першых дзён жыцця ў Канадзе стала сябрам Згуртавання беларусаў Канады, была сярод яго заснавальнікаў. Шмат гадоў узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, выдавала яго друкаваны орган «Камунікаты». У 1965—1975 гадах узначальвала Задзіночанне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У 1973 годзе як прадстаўніца ад беларускай этнічнай групы ўведзена канадскім урадам у Кансультацыйную Раду па пытаннях мультыкультуралізму. Ад 1978 года сяброўка Рады БНР. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлендзе на плошчы Мучанікаў усталявалі Памятны крыж тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі. З 1997 года — член Прэзідыума Рады БНР. Выдала кнігі «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (Таронта, 1993) і «Род Жукоўскіх-Меярэвічаў». У рамках Выдавецкага камітэта Згуртавання беларусаў Канады спрычынілася выданню двух падручнікаў беларускай мовы аўтарства сваёй сястры Валянціны Пашкевіч. У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага з’езду беларусаў свету ў Мінску. Падчас гэтага прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны[3]. У 1995 годзе ўзяла ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Мінску. ![]() Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасці Бары, дзе памерла 2 красавіка 2009 года. Яе пахавалі 4 красавіка 2009 года побач мужа на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia