Рэчкі (Веткаўскі раён)
Рэ́чкі[1] (трансліт.: Rečki, руск.: Речки) — былая вёска ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. На момант скасавання як населенага пункта ўваходзіла ў склад Свяцілавіцкага сельсавета. Ліквідавана ў 2011 годзе[2]. Радзіма Героя Савецкага Саюза Рыгора Васілевіча Ксяндзова[3]. ГісторыяПраблема часу ўзнікнення![]() У архіўных зборах Дзерналовічаў захаваўся дакумент «Excerp агранічэння вёскі Галоднай alias Рэчка» 1776 года, які змяшчае звесткі пра зямельныя межы сяла Галоднае-Рэчка («seło Hołodno Reczka»), узятыя з «агранічэння» Чачэрскага староства, «панамі Валовічам старостам Слонімскім і Мікалаем Нарушэвічам старостам Маркоўскім учыненага», а ў 1753 годзе «актыкаванага» ў «гродзе рэчыцкім»[4]. «Excerp» (урывак, фрагмент) апісвае азначаныя межы прыблізна так, як іншыя падобныя дакументы XVIII ст. (гл. ніжэй), але тэкст у ім падаецца не на польскай мове, а па-старабеларуску лацінскай графікай[4]. Гэта дае падставы меркаваць, што пачатковы дакумент быў складзены да XVIII ст. — у часы, калі старабеларуская мова актыўна выкарыстоўвалася ў справаводстве Вялікага Княства Літоўскага. Згадка паноў Валовіча і Нарушэвіча як складальнікаў «агранічэння» дазваляе аднесці час з’яўлення пачатковага дакумента да 1560—1561 гадоў. Менавіта на гэты перыяд прыпадае дзейнасць указаных ураднікаў па рэарганізацыі сістэмы землекарыстання і абкладання сялян у гаспадарскіх валасцях на ўсходзе ВКЛ, а складанне інвентарных апісанняў сталася адным з галоўных яе напрамкаў[5]. Такім чынам, азначаныя гады могуць лічыцца часам першай згадкі вёскі Рэчкі. Разам з тым, падвойная назва «сяла» не вырашае пытанняў яго першаснай лакалізацыі і атаесамлення з геаграфічна блізкай вёскай Галодная, вядомай з пачатку XVI ст.[6] У Рэчы ПаспалітайПершыя больш пэўныя пісьмовыя сведчанні пра Рэчкі адносяцца да 1680 года, пад якім у «Інвентары Чачэрскага староства» сярод сёл міжрэчча Сожа і Беседзі згадваецца вёска Рэчка[7]. У інвентары таго ж староства за 1704 год Рэчка («wies Rzeczka») фігуруе з пералікам пяці жыхароў (імаверна, уладальнікаў домагаспадарак): Андрэй Жораў, Ананя Чырок, Ахрэм Рэчыцкі, Ян Гуля (руднік), Сямён Самацёс (на правах слабады). Вёска сплочвала агульны падатак (відаць, падымнае), парахаўшчыну і старажоўшчыну. Да вёскі прылягалі пусткі Тапуціна, Хаціна, Акулічова, Акеева[8]. Граніцы яе зямель вызначаліся тады наступным чынам[9]:
Супольнымі з вёскай Лапічы значыўся «востраў» Калодзінскі выган і луг каля Беседзі[9]. Станам на 1726 год заставалася за Чачэрскім староствам, уваходзячы ў Вотарскае войтаўства. У ёй значылася 5 дымоў з гаспадарамі — Грышка і Васіль Жоравы, Іван Агееў, Міхал Чырок, Даніла Лапацін. Частку зямлі трымалі «руднікі ўсялякія»[10]. Сем гаспадарак знаходзіліся на правах рознатэрміновай слабады. Слабажанамі былі Міна Лавуцін, Кузьма Іваноў, Міхал з Неглюбкі, Мацвей Шаўчонак, Саўка Піліпаў, Мацвей Супруноў і Васіль Чарнаморды[11]. Вёска сплачвала чынш, парахаўшчыну і старажоўшчыну, давала ўсталяваныя нормы мёду, «хмелю добрага без лісця», а таксама «па куру адным» з дыма, асобныя платы «на ягамосць пана губернатара»[11] і гіберну[12]. Граніцы яе істотна не адрозніваліся ад граніц 1704 г. За ёй прызнавалася мясцовасць Галоднае («Hołodno») «у агранічэнні Хізоўскім пад даўнімі рубяжамі», а таксама азёры Галоднае, Смедзін, Мальч (у публікацыі памылкова «Matez») (супольнае з Юркавічамі), Галадзенец[13]. «Інвентар Чачэрскага староства» 1738 года зафіксаваў 8 дымоў вёскі Рэчка з гаспадарамі, сярод якіх ужо вядомыя па 1726 годзе Грышка і Васіль Жоравы, Іван Агееў, Даніла Лапацін, Кузьма Іваноў, а таксама Сцяпан Чырок, Янка Нагееў (Макееў?), Міхей Дубадзел. Агееў, Іваноў і Дубадзел пазначаліся як «прыбылыя», але месца, адкуль прыбылі, канкрэтызавалася толькі для першых двух — «са Старадуба». Таксама да вёскі адносілася 6 слабажан, якія «ў тым року аселі з Казаччыны». Набор павіннасцяў збольшага заставаўся ранейшым за выняткам мёду і асобных плат, няма ў пераліку і гіберны[14]. ![]() У 1754 годзе Рэчка ўжо не згадвалася сярод вёсак Чачэрскага староства. Інвентар за адпаведны год упамінае яе толькі ў апісанні прыналежнасці азёр Смедзін і Мальч: абодва вадаёмы знаходзіліся «ў грунце вёскі Рэчкі», але не належалі ёй[15]. У інвентары 1763 г. нават такіх скупых згадак няма[16]. Па ўсім відаць, вёска стала прыватным уладаннем па-за юрысдыкцыяй Чачэрскага староства. Апошняе пацвяржаецца тым, што ў 1765 годзе Рэчка была цэнтрам аднайменнага дзяржання («dzierzawy») у пасесіі рэчыцкага маршалка Халецкага і адносілася да Рэчыцкага павета[17]. Дзяржанне складалася з трох частак — уласна вёскі Рэчка, слабажан (відаць, як асобнае пасяленне), а таксама вёскі Рудня. Гаспадаркі ў іх размяркоўваліся ў наступнай колькасці: Рэчка — 22, слабажане — 6, Рудня — 3[18]. З прозвішчаў даўнейшых жыхароў Рэчкі (1704, 1726) станам на 1765 г. у ёй захоўвалася толькі прозвічша Жораў («Ƶoraw» або «Ƶuraw»), якое насілі тры гаспадары[19]. Асобныя прозвішчы ўказваюць на прафесійную прыналежнасць носьбітаў (ці іх бацькаў) — Ганчаронак, Швец, Дубадзел, Буднік, Цяслёнак[19]. Наяўнасць між слабажан гаспадара, якога клікалі Алёшка Маскаль («Aloszka Moskal»)[20], дае падставы дапускаць прысутнасць у дзяржанні Рэчка пэўнай колькасці старавераў. У вёсцы Рэчка працавала карчма.[19] За слабодскімі значыўся колавы млын[20]. У Рудні ўсе гаспадары былі «руднікі, што жалеза робяць»[20]. У Расійскай імперыі![]() У складзе Расійскай імперыі вёска апынулася ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772)[21]. У «Ведамасці пра дваран Магілёўскай губерні» ад 1777 года вёска запісана як «Рэчкі» («Речки»), належала обер-сакратару Аляксею Васільеву і знаходзілася ў складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, а яе насельніцтва («число головъ») складала 105 чалавек — 98 хрысціянскага і 7 іўдзейскага веравызнання[22]. Паводле звестак генеральнага межавання 1784 года: сяло Рэчкі («Речки» на плане, «Рѣчки» ў тлумачэнні да плана) разам з Рудняй таго ж землеўласніка, але з іншай тытулатурай (правадзейны стацкі саветнік і кавалер)[23][24]. Колькасць жыхароў падавалася як 130 «мужеска пола душ»[24][25]. Наяўнасць у Рэчках царквы адсочваецца на тым жа плане генеральнага межавання прысутнасцю ў размяшчэнні сяла ўмоўнага знаку-крыжыка і пазнак «ЦЗ» (царкоўная зямля) ў наваколлях[23][26]. Але царква існавала тут і раней — ведамасць Магілёўскай духоўнай кансісторыі ад 7 (18) ліпеня 1781 года, пададзеная ў Свяцейшы сінод, рапартавала аб дабраахвотным далучэнні ўніяцкай царквы сяла Рэчкі («Речанская») Рагачоўскага павета да праваслаўя[26][27]. Стараннямі прыхаджан новы будынак царквы быў узведзены ў 1801 годзе, а ў 1859 годзе — капітальна перабудаваны «за кошт казны» з прыбудовай званіцы. Царкоўна-адміністрацыйная прыналежнасць рэчкаўскага храма некалькі разоў змянялася: станам на 1859 г. — Чачэрскі духоўны заказ Рагачоўскага павета (пазней пераназваны ў Чачэрска-Засожскае благачынне), з 1870-х гадоў — 3-я благачынная акруга, з 1885 года — 4-я акруга, з 11 (23) мая 1899 года — 5-я благачынная акруга Гомельскага павета[26].
Згодна са звесткамі перапісу 1897 г. насельніцтва Рэчак складала 589 чалавек (мужчын — 271, жанчын — 318), пераважная большасць з якіх належала да праваслаўнага веравызнання — 563[30]. Найноўшы часУ 1926—1992 гадах цэнтр Рэчкаўскага сельсавета, адміністрацыйная прыналежнасць якога некалькі разоў змянялася ў сувязі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі пераўтварэннямі: на момант другога ўзбуйнення БССР — у Свяцілавіцкім раёне; з 4 жніўня 1927 — у Веткаўскім; з 12 лютага 1935 — Свяцілавіцкім; з 17 снежня 1956 — Веткаўскім; з 25 снежня 1962 — Гомельскім; з 6 студзеня 1965 — Веткаўскім[29]. Да 26 ліпеня 1930 года адносіўся да Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 — да Гомельскай вобласці[29]. Станам на 1926 год Рэчкаўскі сельсавет складаўся з сяла Рэчкі і аднайменнага насенгаса. Колькасць гаспадарак сельсавета складала 160 (149 у сяле і 11 у насенгасе), тут пражывала 824 чалавекі (763 і 61), з іх мужчын налічвалася 401 (374 і 27), а жанчын — 423 (389 і 34). Нацыянальная прыналежнасць («народнасць») гаспадароў размяркоўвалася наступным чынам: беларусы — 19 (17 і 2), велікарусы — 135 (129 і 6), іншыя — 6 (3 і 3). У Рэчках меліся паштовы і лекарскі пункты, аддзел спажывецкай кааперацыі, працавалі школа I-й ступені і хата-чытальня[29][31]. Насенная гаспадарка была створана ў былым фальварку[29]. Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у час нямецкай нацысцкай акупацыі захопнікамі былі расстраляныя 18 жыхароў Рэчак узростам ад 7 да 40 гадоў (12 мужчын, 2 жанчыны, 4 дзяцей). Злачынства было ўчынена ў ліпені 1942 года. Сярод забітых — сям’я рэчкаўцаў Рабінаў: муж Архіп Уладзіміравіч Рабіна 37 гадоў, жонка Ліда 39 гадоў, чацвёра дзяцей 7, 10, 12 і 16 гадоў адпаведна[32]. На прымусовыя працы ў Германію акупанты сагналі адну жыхарку вёскі Рэчкі (у ліку васьмі жыхароў Рэчкаўскага сельсавета) — Марыю Аліціну[33]. Галерэя
Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia