СІ (міжнародная сістэма адзінак вымярэння)![]() СІ (SI, фр.: Système International d'Unités) — міжнародная сістэма адзінак, сучасны варыянт метрычнай сістэмы. СІ з’яўляецца самай распаўсюджанай сістэмай адзінак у свеце, як у побыце, так і ў навуцы і тэхніцы. У цяперашні час СІ прынята ў якасці стандартнай сістэмы адзінак большасцю краін свету і амаль заўсёды выкарыстоўваецца ў вобласці навукі, нават у тых краінах, у якіх у побыце выкарыстоўваюцца традыцыйныя адзінкі. У гэтых нешматлікіх краінах (напрыклад, у ЗША), азначэнні традыцыйных адзінак былі зменены — яны пачалі вызначацца праз адзінкі СІ. СІ шырока ўжываецца ў свеце, як у бытавых вымярэннях (напрыклад, у гандлі), так і ў навуцы[1][2]. Толькі адна прамыслова развітая краіна, ЗША, не выкарыстоўвае метрычную сістэму ў якасці асноўнай у сваёй камерцыйнай дзейнасці і стандартызацыі[3]. Вялікабрытанія афіцыйна прыняла частковае ўвядзенне метрычнай сістэмы, не маючы, аднак, намеру замены сваіх брытанскіх адзінак цалкам. Канада таксама прыняла СІ, але брытанская ці амерыканская сістэма па-ранейшаму дапускаецца законам для выкарыстання, і шырока прымяняецца ў многіх галінах жыцця канадскага грамадства, асабліва ў рознічным гандлі прадуктамі харчавання, будаўніцтве і чыгунцы[4]. У Ліберыі і М’янме таксама шырока выкарыстоўваюцца адзінкі вымярэння брытанскай сістэмы. Гэтыя так званыя імперскія адзінкі з’яўляюцца агульнымі пры вымярэнні дыяметра або дыяганалі многіх рэчаў, напрыклад, роварных колаў, барабанаў, камп’ютарных манітораў і памераў іншых кампанентаў камп’ютара. Міжнародная сістэма адзінак СІ складаецца з набору адзінак вымярэння і набору кратных і дробных прыставак да іх. Сістэма таксама вызначае стандартныя скарочаныя абазначэнні для адзінак і правілы запісу вытворных адзінак. Сістэма СІ не з’яўляецца нязменнай, яна ёсць набор стандартаў, у якім ствараюцца адзінкі вымярэння і карэктуюцца іх значэнні ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі ў залежнасці ад узроўню сучаснага развіцця вымяральных тэхналогій. Вызначэнні адзінак СІ разглядаюцца і аналізуюцца на Міжнароднай канферэнцыі па мерах і вагах, якая праводзіцца раз на чатыры гады ў Парыжы[5]. Міжнародны стандарт ISO 1000 (ICS 01060) апісвае Міжнародную сістэму СІ і рэкамендацыі па выкарыстанні кратных і вытворных адзінак[6]. Агульныя звесткі![]() СІ была прынятая XI Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вагах, некаторыя наступныя канферэнцыі занеслі ў СІ рад змен. СІ вызначае сем асноўных і вытворныя адзінкі фізічных велічынь (далей — адзінкі), а таксама набор прыставак. Устаноўлены стандартныя скарочаныя абазначэнні для адзінак і правілы запісу вытворных адзінак. Асноўныя адзінкі: кілаграм, метр, секунда, ампер, кельвін, моль і кандэла. У рамках СІ лічыцца, што гэтыя адзінкі маюць незалежную размернасць, г. зн. ні адна з асноўных адзінак не можа быць атрымана з іншых. Вытворныя адзінкі атрымліваюцца з асноўных з дапамогай алгебраічных дзеянняў, такіх як множанне і дзяленне. Некаторым з вытворных адзінак у СІ прысвоены ўласныя назвы. Прыстаўкі можна выкарыстоўваць перад назвамі адзінак; яны азначаюць, што адзінку трэба памножыць або падзяліць на вызначаны цэлы лік, ступень ліку 10. Напрыклад, прыстаўка «кіла» азначае множанне на 1000 (кіламетр = 1000 метраў). Прыстаўкі СІ называюцца таксама дзесятковымі прыстаўкамі. Міжнародныя, беларускія і рускія абазначэнніУ Беларусі дзейнічае пастанова[7], якая прадпісвае абавязковае выкарыстанне адзінак СІ. У ёй пералічаныя адзінкі фізічных велічынь, дазволеныя да ўжывання, прыведзеныя іх міжнародныя, беларускія і рускія абазначэнні і ўстаноўленыя правілы іх выкарыстання. Паводле гэтых правілаў, пры дагаворна-прававых адносінах у вобласці супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, а таксама ў пастаўляемых за мяжу разам з экспартнай прадукцыяй тэхнічных і іншых дакументах дазваляецца ўжываць толькі міжнародныя абазначэнні адзінак. Ужыванне міжнародных абазначэнняў абавязкова таксама на шкалах і таблічках вымяральных прыбораў. У астатніх выпадках, напрыклад, ва ўнутраных дакументах і звычайных публікацыях можна выкарыстоўваць ці міжнародныя, ці беларускія, ці рускія пазначэнні. Не дапускаецца адначасова ўжываць міжнародныя і беларускія ці рускія абазначэнні, за выключэннем публікацый па адзінках велічынь. Гісторыя![]() СІ з’яўляецца развіццём метрычнай сістэмы мер, якая была створана французскімі навукоўцамі і ўпершыню шырока ўкаранёна пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі. Да ўвядзення метрычнай сістэмы адзінкі выбіраліся выпадкова і незалежна адна ад адной. Таму перавод з адной адзінкі ў іншую быў складаным. Да таго ж, у розных месцах ужываліся розныя адзінкі, часам з аднолькавымі назвамі. Метрычная сістэма павінна была стаць зручнай і адзінай сістэмай мер і ваг. Метрычная сістэма была задумана групай навукоўцаў (сярод іх быў Антуан Лавуазье, вядомы як «бацька сучаснай хіміі»), сфарміраванай па запыту Нацыянальнага схода і Людовіка XVI у Францыі для стварэння адзінай і рацыянальнай сістэмы мер[8]. 1 жніўня 1793 году Нацыянальны сход прыняў новую адзінку метр для вымярэння даўжыні, а таксама іншыя дзесятковыя адзінкі з папярэднімі вызначэннямі і тэрміны. У 1799 годзе былі зацверджаны два эталоны — для адзінкі даўжыні (метр) і для адзінкі масы (кілаграм). Пазней, у 1832 годзе, Карл Фрыдрых Гаус рэкамендаваў выкарыстанне такой метрычнай сістэмы, якая была бы ўзгоднена для фізічных вылічэнняў. Гаус правёў вымярэнне магнітнага поля Зямлі выкарыстоўваючы метрычную сістэму, заснаваную на трох механічных адзінках — міліметры, граме і секундзе, якія адпавядалі фізічным велічыням даўжыні, масы і часу. У 1874 годзе была ўведзена сістэма СГС, заснаваная на трох адзінках — сантыметр, грам і секунда. Былі таксама ўведзены дзесятковыя прыстаўкі ад мікра да мега. У 1889 годзе 1-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах прыняла сістэму мер, падобную на СГС, але заснаваную на метры, кілаграме і секундзе, бо гэтыя адзінкі былі прызнаны зручнейшымі для практычнага выкарыстання. У наступным былі ўведзены базавыя адзінкі для фізічных велічынь у вобласці электрычнасці і оптыкі. У 1960 годзе XI Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах прыняла стандарт, які ўпершыню атрымаў назву «Міжнародная сістэма адзінак (СІ)». У 1971 годзе XIV Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах занесла змены ў СІ, дадаўшы, у прыватнасці, адзінку колькасці рэчыва (моль). Адзін з камітэтаў МКМВ прапанаваў шэраг змяненняў у азначэнні асноўных адзінак вымярэння ў сістэме СІ[9]. Сустрэча МКМВ у кастрычніку 2010 году паказала, што прапанова не была поўнай[10], і, як чакаецца, гэтае пытанне будзе разгледжана ў 2015 годзе. Адзінкі СІНазвы адзінак СІ пішуцца з малой літары, пасля пазначэнняў адзінак СІ кропка не ставіцца, у адрозненне ад звычайных скарачэнняў. Асноўныя адзінкі
Вытворныя адзінкіВытворныя адзінкі могуць быць выражаны праз асноўныя з дапамогай матэматычных аперацый множання і дзялення. Некаторым з вытворных адзінак, для зручнасці, прысвоены ўласныя назвы, такія адзінкі таксама можна выкарыстаць у матэматычных выразах для ўтварэння іншых вытворных адзінак. Матэматычны выраз для вытворнай адзінкі вымярэння выцякае з фізічнага закону, з дапамогай якога гэтая адзінка вымярэння вызначаецца або азначэння фізічнай велічыні, для якой яна ўводзіцца. Напрыклад, хуткасць — гэтая адлегласць, якую цела праходзіць у адзінку часу; адпаведна, адзінка вымярэння хуткасці — м/с (метр у секунду). Часта адна і тая жа адзінка можа быць запісаная па-рознаму, з дапамогай рознага набору асноўных і вытворных адзінак (гл., напрыклад, апошні слупок у табліцы Вытворныя адзінкі з уласнымі назвамі). Аднак на практыцы выкарыстоўваюцца ўстаноўленыя (ці проста агульнапрынятыя) выразы, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць фізічны сэнс велічыні. Напрыклад, для запісу значэння моманту сілы прынята выкарыстоўваць Н•м, а не м•Н ці Дж.
Новае вызначэннеНа XXIV Генеральнай канферэнцыі па мерах і вагах 17-21 кастрычніка 2011 года была аднагалосна прынятая рэзалюцыя[11], у якой, у прыватнасці, прапанавана ў будучай рэвізіі Міжнароднай сістэмы адзінак перавызначыць чатыры асноўныя адзінкі СІ: кілаграм, ампер, кельвін і моль. Мяркуецца, што новыя вызначэнні будуць грунтавацца на фіксаваных лікавых значэннях пастаяннай Планка, элементарнага электрычнага зарада, пастаяннай Больцмана і пастаяннай Авагадра, адпаведна[12]. Усім гэтым велічыням будуць прыпісаны дакладныя значэнні, заснаваныя на найбольш дакладных выніках вымярэнняў, рэкамендаваных Камітэтам па дадзеных для навукі і тэхнікі (CODATA). У рэзалюцыі сфармуляваны наступныя палажэнні, якія тычацца гэтых адзінак[11]:
Вышэй і далей Х замяняе адну або больш значных лічбаў, якія будуць вызначаныя ў далейшым на падставе найбольш дакладных рэкамендацый CODATA. Рэзалюцыя не прадугледжвае змяняць сутнасць азначэнняў метра, секунды і кандэлы, аднак для падтрымання адзінства стылю, плануецца прыняць новыя, цалкам эквівалентныя існуючым, вызначэнні ў наступным выглядзе:
У выніку рэалізацыі намераў, сфармуляваных у рэзалюцыі, СІ ў сваім новым выглядзе стане сістэмай адзінак, у якой[11]:
Адзінкі, якія не ўваходзяць у СІНекаторыя адзінкі, якія не ўваходзяць у СІ, па рашэнні Генеральнай канферэнцыі па мерах і вагах «дапускаюцца для выкарыстання сумесна з СІ».
У розных абласцях часам выкарыстоўваюцца і іншыя адзінкі.
Некаторыя краіны не прынялі сістэму СІ, або прынялі яе толькі часткова і працягваюць карыстацца англійскай сістэмай мер ці падобнымі адзінкамі. Расійскі ГОСТ 8.417-2002 дазваляе ўжыванне наступных адзінак: град, светлавы год, парсек, дыоптрыя, кілават-гадзіна, вольт-ампер, вар, ампер-гадзіна, карат, тэкс, гал, абарот у секунду, абарот у хвіліну. Дазваляецца ўжываць адзінкі адносных і лагарыфмічных велічынь, такія як адсотак, праміле, мільённая доля, фон, актава, дэкада. Дапускаецца таксама ўжываць шырока распаўсюджаныя адзінкі часу, напрыклад, тыдзень, месяц, год, стагоддзе, тысячагоддзе. Кратныя і дробныя адзінкіДзесятковыя кратныя і дробныя адзінкі ўтвараюць з дапамогай стандартных множнікаў і прыставак СІ, якія далучаюцца да назвы або абазначэння адзінкі. Правілы напісання абазначэнняў адзінак
Глядзіце таксама правілы выкарыстання прыставак СІ. Гл. таксамаЗноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia