Сар’янка
Сар’я́нка (лат.: Sarjanka, Sārija) — рака ў Лудзенскім і Краслаўскім раёнах Латвіі і ў Верхнядзвінскім раёне Беларусі, правы прыток Дзвіны. Даўжыня ракі — 87 км (з якіх 38 км прыпадаюць на беларускі ўчастак), плошча вадазбору — 1000 км² (у Беларусі — 800 км²), сярэднегадавы расход вады ў вусці — 7,4 м³/с, сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,9 м/км. Па вышыні рака спадае больш як на 100 м. НазваНазва ракі старабалцкага паходжання, адпачатная форма назвы — Сар’я (< *Sarija), якая і захавалася ў тапоніме Сар’я. Гідранімічныя аналагі — літоўская рачная назва Saria, пруская Sar-ape[1]. Корань з шэрагу Sar- : Ser- : Sir-, адсюль гідронімы тыпу назвы вілейскай ракі Страча (< *Sirinčia)[2], літоўскай Sirija[3]. Ад індаеўрапейскага *ser- / *sor- «цячы», вытворныя якога засталіся ў балцкай гідраніміі[4][5]. Корань пашыраны з дапамогай балцкага гідранімічнага пашыральніка -ij-, як у балцкіх рачных назвах тыпу Vilkijà, Juodijà, Ілія, Сінія. У сучаснай літоўскай мове ў гэтага пашыральніка, раней шматфункцыйнага, захавалася функцыя ўтвараць зборныя назоўнікі (vyras "муж; мужчына" — vyrijà "мужчыны; мужы, мужжо")[6]. Блізкі яму пашыральнік -ej- у рачных назвах тыпу Бабруя, Мярэя. Значэнне назвы Сар'я можна прыблізна перадаць як "Цякучая, плыткая (рака)". Асноўныя прытокіСправа: Асуніца (у Латвіі — Суніца), Віранка, Ціўша (у Латвіі — Чаўшыца). Злева: ручай Каменка, Тур’я. АгульнаеВыцякае з усходняга краю возера Біжас, упадае ў Дзвіну за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Вусце (дакладныя геаграфічныя каардынаты: шырыня — 55° 49' 60 N, даўжыня — 27° 52' 60 E). Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша і паўночна-заходняй частцы Полацкай нізіны. На адлегласці ў 7 км рака ўтварае натуральную мяжу паміж Беларуссю і Латвіяй. У басейне ракі знаходзяцца 75 дробных азёр агульнай плошчай 29 км². Даліна ракі трапецападобная, пераважная шырыня — 250—300 м. Пойма перарывістая, шырыня — ад 150 да 200 м, у паводку затапляецца на глыбіню да 1 м, а ў высокую паводку — нават да 1,5—2,5 м. Схілы вышынёй да 10—15 м, перарэзаныя ярамі. Рэчышча звілістае, шырынёй 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні і 15—25 — у ніжнім. На тэрыторыі Латвіі рэчышча Сар’янкі на працягу 15 км штучна рэгулявалася. На правым беразе ракі, за 10 км ад вусця, знаходзіцца вёска Сар’я, цэнтр Сар’янскага сельсавета. Турызм і адпачынакРэкі Сар’янка і Асуніца з’яўляюцца адным з этапаў адзінага ў Беларусі воднага турысцкага маршруту 2-й катэгорыі складанасці. Басейн Сар’янкі ў сярэднім цячэнні бязлюдны, тут шмат помнікаў на магілах спаленых і неадноўленых вёсак, сустракаюцца старадаўнія курганы. У Беларусі даліна і рэчышча ракі амаль на ўсім працягу аб’яўлены помнікам прыроды. На яе берагах растуць хваёвыя бары і пушчы, у лясах і на лугавой абалоне нямала рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фаўны, у т.л. занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (шпажнік чарапіцавы, скочкі, рагулькі высокія, гарычка крыжакветная; зімародак, аляпка, чорны бусел, буры мядзведзь і інш.). Ля былой вёскі Пустэльнікі цягнуцца маляўнічыя пясчаныя яры, руіны былога млына; каля вёскі Абухава — россып валуноў і донныя ключы, флювіягляцыяльны цырк і геалагічны помнік — агаленне міжледавіковых арганагенных адкладаў. Па берагах нямала крыніц. Найбольш вядомыя з іх крыніца ў Сар’і і каля моста праз раку Асуніцу, абедзве маюць статус помнікаў прыроды. Каля былой вёскі Калюты на дзённую паверхню выходзяць дэвонскія даламітазаваныя вапнякі, якія ў рэчышчы ўтвараюць каскады парогаў, а на берагах — праявы карставага рэльефу. Захаваліся рэшткі старых земляных печаў па абпальванні вапняку. Мясціны адпачынку добраўпарадкаваны ў Пустэльніках і пры вусці ракі Віранкі, а таксама ў Суніцы. Паўсюдна шмат прыдатных месцаў для купання. Дно ракі пясчанае або камяністае, часта сустракаюцца пясчаныя і галечныя пляжы. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia