Тамаз Гамкрэлідзэ
Тама́з Валерыя́н Гамкрэлі́дзэ (груз. თამაზ ვალერიანის ძე გამყრელიძე; 23 кастрычніка 1929 г. — 10 лютага 2021 г.) — выбітны грузінскі мовазнавец, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Грузіі ў 2005 — 2013 гг. БіяграфіяНарадзіўся ў Кутаісі. Бацька быў рэпрэсіраваны ў 1937 г. Родны брат Рэваз Гамкрэлідзэ стаў вядомым матэматыкам. У 1952 г. скончыў Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць семіталогія. У 1956 г. абараніў дысертацыю «Праіндаеўрапейскія элементы хецкай мовы» і атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук. У 1960 г. пасля абароны дысертацыі «Хецкая мова і тэорыя гартані» стаў доктарам філалагічных навук. У 1964 г. узначаліў кафедру структурнай і прыкладной лінгвістыкі Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1973 — 2000 гг. кіраваў інстытутам усходазнаўства Акадэміі навук Грузіі. У 1984 — 1990 гг. — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. У 1990 — 1991 гг. — дэпутат Вярхоўнага Савета Грузіі. У 1992 — 2004 гг. тройчы выбіраўся ў парламент Грузіі. У 2005 — 2013 гг. — прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Грузіі. Навуковыя поглядыНавуковыя працы Тамаза Гамкрэлідзэ прысвечаны пераважна тэорыі лінгвістыкі, тыпалогіі і гісторыі грузінскай мовы і індаеўрапейскіх моў. У 1972 — 1973 гг. Т. Гамкрэлідзэ і В. І. Іваноў прапанавалі перагляд фаналагічнай і марфаналагічнай сістэмы індаеўрапейскіх моў. На гэтай аснове ў 1984 г. яны выступілі з так званай армянскай гіпотэзай, якая лакалізавала прарадзіму індаеўрапейцаў на ўсходзе Анатоліі і ў Закаўказзі. ЗноскіСпасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia