Уладзімір Мсціславіч (князь пскоўскі)

Уладзімір Мсціславіч
Нараджэнне не пазней за 1178
Смерць не раней за 1226
Род Рурыкавічы
Бацька Мсціслаў Расціславіч[d]
Дзеці Яраслаў Уладзіміравіч
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзімір Мсціславіч (да 1178 — каля 1226) — князь пскоўскі (да 1208—1211, 1215—1217), велікалуцкі (зг. 1209), ржэўскі (1217—1226) і наваторжскі (зг. 1226).

Біяграфія

З роду смаленскіх князёў Расціславічаў — унук родапачынальніка, вялікага князя кіеўскага Расціслава Мсціславіча, сын таропецкага і ноўгарадскага князя Мсціслава Храбрага.[1]

Упершыню Уладзімір згаданы пад 1180 годам, калі напярэдадні смерці бацька даручае яго сваім братам Рурыку і Давыду Расціславічам. У хрышчэнні, магчыма, быў Флорам або Лаўрам, калі слушная гіпатэтычная атрыбуцыя Валянцінам Яніным булы з выявай святога Феадора на адным баку і святых Флора і Лаўра на другім менавіта як пячаткі Уладзіміра Мсціславіча.[1]

У 1208 годзе ўжо як пскоўскі князь Уладзімір браў удзел у адбіцці набегу літоўцаў на Наўгародскую зямлю. У 1209 годзе яго брат, ноўгарадскі князь Мсціслаў Удатны, пасадзіў Уладзіміра на княжанне ў Вялікія Лукі, але ён захоўваў і пскоўскае княжанне.[1]

Як пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч спрабаваў наладзіць адносіны з лівонскімі немцамі, паводле Генрыха Латвійскага, дачка князя Уладзіміра ўзяла шлюб з Дытрыхам Буксгёўдэнам, братам рыжскага біскупа Альберта. Але ў 1211 годзе пскавічы прагналі Уладзіміра Мсціславіча з княжання, да 1215 года, з невялікім перапынкам, ён быў васалам біскупа Альберта як «суддзя Ідумеі» — вобласці да паўночнага ўсходу ад Рыгі.[1]

У 1215 годзе князь Уладзімір вярнуўся ў Пскоў, у 1216 годзе браў удзел на баку брата, ноўгарадскага князя Мсціслава Мсціславіча, і растоўскага князя Канстанціна Усеваладавіча ў шэрагу баявых аперацый — паходзе да Ржэвы, разарэнні Верхняга Паволжа, потым бітве на Ліпіцы — супраць малодшых братоў Канстанціна, князёў Юрыя і Яраслава.[1]

На думку Аляксандра Назарэнкі, у 1217 годзе, пасля зыходу Мсціслава Мсціславіча з Ноўгарада ў Галіч, імаверна, адбыўся падзел Таропецкай воласці Мсціславічаў — Уладзімір атрымаў усходнюю частку з Ржэвай, а яго брат Давыд — заходнюю з Таропцам.[1]

Апроч Ржэўскай «отчыны» князь Уладзімір трымаў у Наўгародскай зямлі яшчэ Новы Торг, бо зімой 1225—1226 гадоў адбіваў набег літоўцаў на таропецкія землі на чале атрада наваторжцаў. Гэта апошняя летапісная згадка пра князя Уладзіміра Мсціславіча, імаверна, неўзабаве ён памёр.[1]

Паводле Назарэнкі, з такіх скупых звестак цяжка скласці пэўныя ўяўленні пра палітыку Уладзіміра. У Назарэнкі «склалася ўражанне», што Уладзімір Мсціславіч быў прыхільнікам абмежавання ўплыву ўладзіміра-суздальскіх князёў на паўночна-заходняй Русі, таму як пскоўскі князь ён спрабаваў забяспечыць самастойнасць Пскова адносна Ноўгарада праз саюз з Рыгай. Гэта стала прычынай актыўнага ўдзелу яго сына Яраслава ў захопе лівонскімі немцамі Пскова ў 1240 годзе, тады князь Яраслаў разглядаў Пскоў як сваю «отчыну».[1]

Магчымае царкоўнае шанаванне

З XVII ст. у Ржэве вядомы шанаванне мясцовых святых князя Уладзіміра і княгіні Агрыпіны. Атаясненне іх з вядомымі гістарычнымі асобамі магчыма толькі гіпатэтычнае. З прычыны таго, што князь Уладзімір Мсціславіч адзіны з гістарычных ржэўскіх князёў з імем Уладзімір, Яўген Галубінскі і архіепіскап Дзімітрый (Самбікін) атоеснілі мясцовашанаванага святога з ім, а Агрыпіну з яго жонкай, з гістарычных крыніц наогул невядомай.[1]

У 1-й палове XVIII ст. мошчы ржэўскіх князеў Уладзіміра і Агрыпіны спачывалі пад спудам ва Успенскім саборы Ржэвы, над імі ў 1716 годзе на сродкі Л. І. Чалішчава зроблена драўляная разная пазалочаная грабніца з шатамі і іканастасам. На грабніцы быў абраз з выявай Уладзіміра і Агрыпіны — уклад ржэўскага ваяводы стольніка С. Ф. Абярнібесава.[1]

У сярэдзіне XVIII ст. Ржэва належала да Цвярской епархіі, таму, паводле ўказу расійскай імператрыцы Ганны Іванаўны па расследаванні агулам царкоўных непарадкаў, у 1745 годзе архіепіскап цвярскі і кашынскі Мітрафан (Слатвінскі) правёў тут расследаванне святкавання памяці Уладзіміра і Агрыпіны. Пра вынікі архіепіскап пісаў, што з якога года, з якой прычын, кім пачата святкаванне, ці праўда пад грабніцай пахаваны менавіта князь з княгіняй, які цуды і вылячэнні ад іх і каму былі, ні пратапоп, ні іншыя свяшчэннаслужыцелі не ведалі, ніякага летапісу або запісу пра гэта няма. Калі адкрылі грабніцу, на глыбіні каля 4,5 метраў быў каменны з дубовымі дошкамі склеп і ў ім дзве дубовыя труны, але мошчаў там не было, толькі спарахнелыя косткі. Таму архіепіскап забараніў царкоўнае святкаванне памяці Уладзіміра і Агрыпіны, а грабніцу разабралі.[1]

Не гледзячы на дэкананізацыю, імаверна, шанаванне Уладзіміра і Агрыніны ў Ржэве працягвалася. Вядомы спіс службы Уладзіміру і Агрыпіне 1850-х гадоў (ДГМ. Барс. № 1269, напісаны на паперы 1770-х гадоў), але тэкст капіруе службу дабраверным князю Пятру і княгіні Фяўронні Мурамскім, толькі зменены імёны. Таксама Уладзімір і Агрыпіна шанаваліся стараабрадцамі. Аднак, да пачатку XX ст. па Уладзіміры і Агрыпіне ў Ржэве яшчэ служылі толькі паніхіды.[1]

Каля 1905 года архіепіскап цвярскі і кашынскі Дзімітрый (Самбікін) уключыў імёны Уладзіміра і Агрыпіны ў «Алфавітны паказальнік мясцовашанаваных святых Цвярскога краю». Царкоўнае святкаванне памяці адноўлена пасля ўключэння Уладзіміра і Агрыпіны ў Сабор Цвярскіх святых, яго святкаванне вызначана ў 1979 годзе ініцыятывай архіепіскапа калінінскага і кашынскага Алексія (Канаплёва). Дні памяці дабраверных князя і княгіні ржэўскіх — 15 ліпеня; 23 чэрвеня; 1-я нядзеля пасля 29 чэрвеня — у Саборы Цвярскіх святых.[1]

Крыніцы

Літаратура

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya