Урочышча Гай (мемарыяльны комплекс)
Урочышча Гай — мемарыяльны комплекс у Баранавічах на ўшанаванне памяці 3 тыс. чэхаславацкіх грамадзян (у т.л. 1 тыс. яўрэяў з гета Тэрэзіенштата) — ахвяр фашысцкага тэрору ў Другую Сусветную вайну. Створаны на заходняй ускраіне г. Баранавічы ў 1972 г. (скульптар М. Альтшулер, арх. М. Мілавідаў, А. Марэніч, А. Макараў). На месцы, дзе стаяў кулямёт, з якога расстрэльвалі ахвяр у чэрвені 1942 г., устаноўлены цэнтральны манумент: дзве бетонныя пліты (вышіня 13 і 14 м), злучаныя аркай у цэнтры. Яны нагадваюць слупы агароджы канцлагера. Уверсе да іх прымацаваны бронзавы звон, унізе — медны рэльеф з выявай мноства рук, узнятых і сціснутых у пратэсце, болі і адчаі. У комплекс уваходзяць дзве брацкія магілы, аб’яднаныя бетоннай плітой з надпісам-прысвячэннем, сімвалічны «Парог жыцця і смерці» — бетонны брус, пакладзены ўпоперак палявой дарогі, «Сцяна загінуўшых» з трох тысяч камянёў, на якой прымацаваная мемарыяльная мармуровая дошка з выявамі цярновай галінкі і надпісам на рускай і чэшскай мовах: «Светлай памяці чэхаславацкіх братоў». Лаканічнае вырашэнне тэмы, выразнасць помніка, журботныя гукі звона ствараюць вялікае эмацыянальнае ўражанне. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia