Фракійская мова
Фракі́йская мова — адна з моў індаеўрапейскай сям'і моў, у старажытныя часы распаўсюджаная на поўдні Усходняй Еўропы ў гістарычным рэгіёне Фракія, які ахопліваў сучасныя Балгарыю, Паўночную Македонію, еўрапейскую частку Турцыі, а таксама паўднёвы ўсход сучаснае Румыніі (Дабруджа) і некаторыя часткі Грэцыі і Сербіі; была распаўсюджана сярод гістарычнага этнасу фракійцаў. Раннім Сярэднявеччам датуецца смерць мовы. Даведзены індаеўрапейскі характар мовы, аднак не ўсталяваная яе дакладная класіфікацыя сярод індаеўрапейскіх моў. Як і іншыя падобныя старажытныя мовы Балканскага паўвостраву, фракійская мова часта аб'ядноўваецца пад паняццям палеабалканскія мовы, які не з'яўляецца генетычным аб'яднаннем і ўключае толькі шэраг некласіфікаваных індаеўрапейскіх моў рэгіёна. Мова вядомая толькі дзякуючы досыць абмежаванаму корпусу пісьмовых помнікаў, які ўключае ў сябе серыю глосаў у старажытнагрэчаскіх крыніцах і некалькі надзвычай кароткіх надпісаў. Граматыка мовы дагэтуль не рэканструяваная, часам да фракійскай мовы адносяць словы няяснай этымалогіі балгарскай і румынскай моў. ГісторыяФракійцы згадваюцца ўжо ў часы Гамера як саюзнікі траянцаў, пазней сведчанні Герадота згадвалі фракійцаў як другі паводле колькасці народ пасля індыйцаў. У V ст. да н.э. фракійцам удалося стварыць уласную дзяржаву, якая, аднак ужо ў наступным стагоддзі была заваявана македонцамі. Пачынаючы з II ст. да н.э. Фракію пачынаюць паступова заваёўваць рымляне. Прыкладна не пазней за V ст. н.э. большасць фракійцаў зведала раманізацыю або элінізацыю (моўную асіміляцыю з пераходам на лаціну або грэчаскую мовы). Іншыя звесткі падаюць поўнае выцясненне фракійскай мовы на перыяд VI ст. н.э., што адбывалася дыялектамі славян, якія на той час перасяліліся ў Фракію. У якасці доказу на карысць асіміляцыі фракійцаў славянамі, а не ранейшымі грэкамі, разглядаецца тое, што назва балгарскага Плоўдзіву ўзыходзіць да фракійскага Pulpuldeva, а не да старажытнагрэчаскага Φιλιππούπολις[1]. Некаторыя лінгвісты таксама дапускаюць мажлівасць існавання фракійскага субстрату ў румынскай мове. КласіфікацыяНа цяперашні час агульнапрызнаным з'яўляецца індаеўрапейскі характар фракійскай мовы, аднак не ўсталяванае яе дакладнае месца сярод іншых моў гэтай сям'і. Адной з найбольш распаўсюджаных гіпотэзаў класіфікацыі фракійскай мовы адносна іншых індаеўрапейскіх з'яўляецца гіпотэза аб утварэнні асобнай галіны з фракійскай і дакійскай моў (апошняя была ў асноўным распаўсюджаная да раманізацыі сучаснае Румыніі і Малдовы на тэрыторыі гэтых сучасных краін). Раней таксама ставіліся спробы па выяўленні асаблівых сувязяў між фракійскай мовай і іншай індаеўрапейскай мовай няяснай класіфікацыі — фрыгійскай, аднак на цяперашні час гіпотэза аб фрака-фрыгійскіх сувязях у асноўным адхіленая[2]. Існуюць таксама гіпотэзы аб паходжанні фракійскай мовы як даччыннай мовы адносна дакійскай. Прадстаўленыя таксама гіпотэзы аб фрака-ілірыйскіх сувязях і гіпотэзы, паводле якіх фракійская мова з'яўлялася асобнай галіной у складзе індаеўрапейскай сям'і моў (для параўнання, падобная класіфікацыя прынятая для албанскай і армянскай моў). Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх мяркуецца пра паходжанне Албанскай мовы з ілірыйскай мовы з фракійскім уплывам або непасрэдна з фракійскай. На думку балгарскага лінгвіста У. Георгіева, дакійская, фракійская і Албанская мова ўтвараюць уласную галіну ў складзе індаеўрапейскіх моў[3]. Тым не менш, у сувязі з вельмі маленькай ступенню пісьмовай фіксацыі дакійскай, ілірыйскай і фрыгійскай моў дадзеныя гіпотэзы з'яўляюцца малаабгрунтаванымі[4][5]. Іншыя пункты гледжання адмаўляюць гэтыя гіпотэзы паводле іншых крытэраў: так, гіпотэза фрака-ілірыйскіх сувязяў крытыкуецца ў сувязі з мажлівым узаемным уплывам дзвюх моў[6]. Пастулююцца сувязі меркаванае фрака-дакійскай галіны з Албанскай, старажытнагрэчаскай або балтыйскімі[7] мовамі. Прапаноўваліся гіпатэтычныя сувязі фракійскай мовы з іншай палеабалканскай мовай, пеанійскай, што, аднак, таксама з'яўляецца сумніўным праз слабую зафіксаванасць апошняй. Румынскім лінгвістам С. Алцяну была высунутая гіпотэза, паводле якой дакійская і фракійская мова першапачаткова з'яўляліся «кентумнымі» мовамі, пасля чаго абедзве мовы зазналі сатэмізацыю[8]. На падставе пэўных паралеляў у тапаніміцы высоўвалася гіпотэза аб збліжэнні з фракійскай мовай балтыйскіх моў, на карысць чаго выступаў, у прыватнасці, Э. Палямэ[9]. Гіпотэзы цесных генетычных сувязяў між балтыйскімі мовамі і фракійскай, ілірыйскай і шэрагам іншых моў Балканаў прытрымліваўся савецкі даследчык балтыйскіх моў У. Тапароў[10]. ДаследаваннеНа цяперашні час у распараджэнні даследчыкаў знаходзіцца мала сведчанняў фракійскай мовы, асноўныя захаваныя пісьмовыя помнікі мовы ўяўляюць сабою кароткія фразы з некалькіх словаў, дэшыфроўка якіх не можа быць цалкам дакладнай. Некаторыя з гэтых сведчанняў могуць адлюстроўваць уласныя імёны або магічныя формулы[11]. Фракійская мова запісвалася грэчаскім алфавітам, вядомыя лацінскія надпісы пазнейшых перыядаў[12]. Першыя помнікі фракійскай мовы ўзыходзяць да V ст. да н.э., існуе 80-90 глосаў у Гесыхіюса і Фоцыя, з якіх каля 30 лічацца дакладна фракійскімі[5][13]. Захаваныя лексемы фракійскай мовы сведчаць на карысць прыналежнасці фракійскай мовы да індаеўрапейскай сям'і моў, пры гэтым у іх складзе фракійская належала да г.зв. «сатэмных» моў — моў, у якіх праіндаеўрапейскія палатальныя зычныя далі рэфлексы ў выглядзе свісцячых (да сатэмных індаеўрапейскіх моў адносяцца, напрыклад, славянскія мовы). Акрамя вышэйзгаданых сведчанняў, звесткі пра фракійскую мову адшукваюцца дзякуючы асабістым імёнам, тапонімам (у тым ліку аронімам і гідронімам), назвам раслін, імёнам божастваў і невялікім корпусам лексемаў, якія прыводзіліся ў старажытнагрэчаскіх тэкстах як спецыфічна фракійскія[14]. Шэраг іншых лексемаў прасочваецца ў старажытнагрэчаскіх тэкстах, дзе гэтыя лексемы не памянёныя ў якасці фракійскіх, або праз мясцовыя тапонімы і ўласныя імёны. Ніжэй прыведзеныя некаторыя ўзоры фракійскіх лексемаў, атрыманыя праз уласныя імёны, або знойдзеныя непасрэдна з улікам кагнатаў (роднасных словаў аднаго паходжання) іншых індаеўрапейскіх моў і пералікам субстратных словаў сучасных моў рэгіёна. Некаторыя з гэтых лексемаў могуць мець неіндаеўрапейскае паходжанне.
Іншай важнай крыніцай фракійскіх лексемаў лічацца археалагічныя сведчанні апісанняў г.зв. фракійскага вершніка — персанажа фракійскага эпасу, якія адшукваюцца па ўсёй Фракіі. На падставе існых дадзеных, а таксама кагнатаў іншых індаеўрапейскіх моў, мяркуецца, што ў фракійскай мове значэнне «конь», хутчэй за ўсё, перадавалася словам mezēna (< PIE *mend-); акрамя таго, большасць даследчыкаў фракійскай мовы прыходзяць да высновы аб існаванні ў мове сінанімічных формаў aspios, esvas, asb-, якія ўзыходзяць да PIE *ekwo і, зыходзячы з адпаведнасці свісцячага фракійскага праіндаеўрапейскай палатальнай, сведчаць на карысць існавання ў гэтай мове сатэмізацыі — гэтыя формы атрыманыя праз старажытныя пісьмовыя сведчанні Outaspios і Utaspios, якія, імаверна, з'яўляліся часткай тэкстаў адпаведнае тэматыкі. На падставе праіндаеўрапейскага *ud- і некаторых іншых фракійскіх элементаў фармант Ut- трактуецца са значэннем «наверх, дагары»[16]. У сваю чаргу, значэнне іншых лексемаў можа хістацца (напрыклад, дыскусійнае значэнне выразу Germetitha) або не з'яўляцца кагнатамі іншым індаеўрапейскім мовам нягледзячы на зненшяе падабенства лексемы. Сярод захаваных урыўкаў тэкстаў або фразаў у распараджэнні сучасных лінгвістаў знаходзіцца толькі чатыры надпісы, якія могуць быць ідэнтыфікаваныя як фракійскія. Адным з узораў гэтага выразу з'яўляецца выраз, адчаканены на залатым кольцы грэчаскім алфавітам, кальцо было знойдзенае ў Балгарыі ў 1912 годзе і было вырабленае меркавана ў V ст. да н.э. У лацінскай транслітарацыі надпіс мае выгляд rolisteneas/nerenea/tiltean/ēsko/ara/zea/domean/tilezupta/miē/era/zēlta, балгарскім даследчыкам Дзімітрам Дэчавым ён быў дэшыфраваны як «Я Ролістэнеас, сын Нерэнеаса; Тылезыпта, жанчына з Аразіі, пахавала мяне». Пазней Х. Спірыдэсам падзел словаў у сказе быў аспрэчаны: на яго думку, парадак словаў складаўся паводле бустрафедону (старажытнагрэчаскі спосаб запісу, калі парадак запісу слова чаргуецца ў залежнасці ад цотнасці: напрыклад, першы радок злева направа, другі — наадварот) і, такім чынам, прадстаўляў сабою выраз ΡΟΛΙΣ / ΤΕΝΕΑΣΝ / ΛΙΤΑ / ΕΝΕΠΕ / ΤΕΑΝΗΣ / ΚΟΑΜ / ΟΔΑΕΖ / ΑΡΕΑΝ / ΤΙΑ / ΕΖΥΕΗΙ / ΜΑΤΕΡΑ / ΖΗΛΤΑ, які трактуецца як «Места людзей з Тэа, накіраваных да Арэі, вышэйшай жрыцы Кабейры, якая прывяла нас да Тэа, дзе мы сталі насельнікамі горада віна». Другі надпіс быў знойдзены ў 1965 годзе паблізу вёскі Кёлмен (паўднёвы ўсход Балгарыі) і датуецца VI ст. да н.э. Надпіс складаецца з 56 сімвалаў грэчаскага алфавіта і верагодна з'яўляецца надпісам з надмагілья. Надпіс транслітаруецца як ebar. zesasn ēnetesa igek. a / nblabaēgn / nuasnletednuedneindakatr. s. Іншы надпіс быў знойдзены ў Дуванлі (цэнтральная Балгарыя), гэты надпіс таксама адчаканены на кольцы і ўзыходзіць да V ст. да н.э. Надпіс адчаканены вакол выявы вершніка, пры гэтым з усяго 21 сімвалу дакладнай ідэнтыфікацыі паддаюцца толькі шаснаццаць. Надпіс мае выгляд ēuziē…..dele / mezēnai і трактуецца як «Вершнік Эўзі абараняе». Сведчанні захаваных фракійскіх пісьмовых помнікаў адлюстроўваюць поўнае захаванне ў фракійскай мове праіндаеўрапейскіх *i, *e, *a, *u, *ī, *ē, *ā, *ō, *ū і пераход праіндаеўрапейскіх *o, *ə ў a[17]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia