Чортаў камень (Кравец)
Чортаў камень, або Кравец — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Размешчаны на беразе р. Абалянкі за 0,5 кіламетра на захад ад вёскі Вароніна Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. АпісаннеПрынесены ледавіком з паўднёвага захаду Фінляндыі 17-20 тысяч гадоў назад у перыяд паазерскага абледзянення[1]. ![]() Па форме нагадвае паралелепіпед, нахілены на поўдзень[1]. Складзены з чырвона-бурага граніту рапаківі. Даўжыня валуна складае 10,2 м, шырыня — 6,0 м (1,7 м у зямлі), вышыня — 2,7 м (з улікам падземнай часткі — каля 4 метраў)[2]. Аб’ём — каля 130 м³, вага — 340 тон[1]. Чортаў камень з’яўляецца другім па велічыні валуном у Беларусі пасля Вялікага Каменя (Шумілінскі раён)[1]. ЛегендаПаводле адной з легенд, у балоце, што знаходзіцца побач, жылі чэрці, якія любілі пажартаваць з п’яных мужыкоў. Яны заводзілі мужыкоў у балота да каменя, тыя думалі, што дабраліся да ўласнай печы, распраналіся і лажыліся спаць на камені. Прачнуўшыся, яны ніяк не маглі зразумець, як яны сюды патрапілі, а чэрці ж рагочуць у хмызняку[2][3]. Паводле іншай легенды, пад гэтым каменем жыў чорт, які займаўся краўцоўскай справай. Ён шыў адзенне сялянам, а тыя разлічваліся з ім пятакамі. Нібыта адбіткі тых пятакоў i цяпер можна ўбачыць на камені[2]. Аднойчы дрэнны чалавек вырашыў пасмяяцца з чорта, кінуў на камень палатно і папрасіў сшыць «ні тое, ні сёе». На другі дзень з’явілася на камені нешта незразумелае: адзін рукаў у падоле, іншы на спіне, а галаву няма ўва што прасунуць. З тых часоў пакрыўдзіўся чорт і адмовіўся шыць[4]. Яшчэ адна легенда распавядае пра тое, што адзін умелы кравец заганарыўся сваім майстэрствам і вырашыў працягваць сваю працу нават у Вялікдзень. Бог пакараў яго, ператварыўшы ў камень, які з той пары называюць Кравец[3]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia