Эдвард Паўловіч
Эдвард Баніфацый Паўловіч (7 чэрвеня 1825, мястэчка Тургелі, Троцкі павет, Літоўска-Віленская губерня — 10 лютага 1909, Львоў) — беларускі мемуарыст, мастак і асветнік. БіяграфіяНарадзіўся 7 чэрвеня 1825 года ў мястэчку Тургелі Троцкага павета Літоўска-Віленскай губерні ў сям’і Францішка, каморніка, і Кунегунды Пагажэльскай. Дзяцінства правёў на Навагрудчыне. Вучыўся пры базыльянскім кляштары ў Жыровічах, Слоніме, а таксама ў Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1836 годзе. Затым пераехаў у Вільню, дзе ў якасці вольнага слухача наведваў лекцыі ў медыка-хірургічнай і духоўнай акадэміях. Акрамя гэтага браў прыватныя ўрокі мастацтва ў Канута Русецкага і Караля Рыпінскага. ![]() ![]() У 1849 годзе пераехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Акадэмію мастацтваў, якую скончыў у 1853 годзе. У перыяд навучання рабіў копіі з палотнаў Эрмітажа. У 1853—1856 гадах падарожнічаў па Заходняй Еўропе, наведаў Італію, Іспанію, Францыю, дзе таксама рабіў копіі, выконваючы просьбы землякоў-калекцыянераў. У Парыжы завязаў знаёмствы з мастакамі-эмігрантамі Тэафілам Ленартовічам, Уладзіславам Невяровічам і іншымі. ![]() Будучы ў Парыжы, пачаў друкаваць свае творы. У 1857 годзе выйшла яго кніга пад назвай «Некалькі словаў літвіна», у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету. У 1859 годзе вярнуўся з падарожжа ў Навагрудак, дзе пачаў працаваць выкладчыкам малявання ў Навагрудскай гімназіі. Заняўся антыалкагольнай прапагандай сярод мясцовых сялян, у справе чаго выдаў ліст, адрасаваны святарству, які быў надрукаваны ў 1859 годзе ў пецярбургскім выданні «Слово». Свае погляды ў сялянскім пытанні друкаваў у парыжскім выданні «Wiadomości Polskie» , варшаўскай «Gazecie Codziennej» і газеце «Kurier Wileński». Пры падтрымцы куратара наваградскіх школ Канстанціна Радзівіла заснаваў у Наваградку жаночы пансіён і нядзельную школу для сялян, а ў 1860 годзе аматарскі тэатр, дзе з’яўляўся адначасова рэжысёрам, дэкаратарам і акцёрам. Акрамя гэтага, Паўловіч разам з мясцовай шляхтай і мяшчанамі становіцца заснавальнікам Навагрудскай бібліятэкі, якая ўзнікла каля 1860 года. Сродкі на заснаванне гэтай бібліятэкі ахвяравалі каля трыццаці чалавек, сярод якіх Адам Кіркор, Ян Наргілевіч, Уладзіслаў Борзабагаты, Феліцыян Лашкевіч і Эдвард Паўловіч. Абавязкі ганаровага куратара выконваў У. Брахоцкі, віцэ-куратарам з’яўляўся ксёндз Канстанцін Эймант, адміністрацыйнымі справамі кіраваў ксёндз Лашкевіч, а сам Паўловіч выконваў абавязкі бібліятэкара. Шмат намаганняў Паўловіч прыкладаў дзеля адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу, які планавалася ўсталяваць на гары Міндоўга, на што расійскія ўлады не далі згоды. У 1861—1862 гадах, перыяд распаўсюджання ў Каралеўстве Польскім супрацьурадавых маніфестацый, не падтрымліваў ідэі ўзброенага паўстання. Свае намаганні накіроўваў на павышэнне ў сялянскім асяроддзі ўзроўню самасвядомасці. З пачаткам паўстання 1863 года ўдзельнічаў у нарадзе навагрудскіх мяшчан, якія выступалі за вызваленне сялян з прыгону. У сакавіку 1863 года Паўловіч арыштаваны за «знойдзеныя ў яго творы злачыннага зместу і забароненыя лісты», а 8 сакавіка трапіў пад следства Мінскай следчай камісіі. Спачатку быў на волі, а ў маі 1863 года, пасля зацвярджэння генерал-губернатара М. Мураўёва, узяты пад арышт. Па выніках следства Паўловіч сасланы на жыхарства спачатку ў Петразаводск, а затым у Аланецкую губерню. Там ён кантактаваў з сям’ёй Браніслава Любічанкоўскага, братам Юзафа Любічанкоўскага. За некалькі месяцаў да вызвалення ад пакарання быў пераведзены ў Екацярынаслаў. Сям’і не меў. Атрымліваў на пражыванне 15 капеек на дзень і на наём кватэры 1 рубель 50 капеек на месяц. ![]() Пасля вызвалення са ссылкі спрабаваў уладкавацца ў Пецярбургу, аднак не атрымаў на гэта дазволу, пасля чаго ў 1867 годзе вярнуўся ў Навагрудак, а затым — у Варшаву, дзе два гады працаваў у прыватнай мастацкай школе. Затым пераехаў ва Львоў. Працаваў там настаўнікам малюнка ў жаночай настаўніцкай семінарыі, даваў прыватныя ўрокі, а ў 1870 годзе уладкаваўся кусташам у Музей Любамірскіх, дзе працаваў 35 гадоў. Памёр 10 лютага 1909 года ва Львове ў адзіноце. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках[2] Дзейнасць![]() Э. Паўловіч — аўтар успамінаў і мемуараў «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (польск.: Wspomnienia znad Wilii i Niemna; 1882), «Успаміны: Навагрудак — турма — выгнанне» (польск.: Wspomnienia: Nowogródek, więzienie, wygnanie; 1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «Наваградак у XIX стагоддзі» (1902), «З жыцця літвіна» (1904), «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзясяткаў год назад» (1904), «Двое памятных сутак у Мінску, 1863 г.» (1906). Сабраў звесткі пра культурна-грамадскае і літаратурнае жыццё Беларусі 1840—1860-х гадоў, побыт беларусаў, пра беларускага паэта Францішка Савіча. На працягу жыцця займаўся навуковай дзейнасцю, падрыхтаваў і выдаў каталогі Музея Любамірскіх. Таксама ён аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881). Акрамя гэтага, займаўся жывапісам, працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і ваколіц, пісаў абразы. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia