Эскімоска-алеуцкія мовы
Эскімоска-алеу́цкія мовы (таксама вядомыя як эскалеуцкія[1] альбо інуіцка-юпікска-унанганскія[2]) — адна з першасных моўных сем'яў, на мовах якой размаўляюць у Алясцы, поўначы Канады, Грэнландыі і ўсходнім ускрайку Чукоцкага паўвострава. Падзяляецца на дзве галіны — эскімоскую і алеуцкую. Алеуцкая галіна ў сваім складзе змяшчае толькі адну мову — алеуцкую, распаўсюджаную на Алеуцкіх астравох і астравох Прыбылова, што на паўднёвы захад ад Аляскі. Мова падзяляецца на некалькі дыялектаў. Эскімоская галіна мае падзел на дзве групы, юпікскую і інуіцкую. Юпікская група складаецца з некалькіх моваў, распаўсюджаных на захадзе і паўднёвым захадзе Аляскі, а таксама на ўсходзе Чукоткі. Інуіцкая група мае ў сваім складзе толькі адну мову (інуіцкая мова), распаўсюджаную на паўночны ўсход ад арэалу юпікскіх моваў, а менавіта на поўначы Аляскі, Канадзе і Грэнландыі. Інуіцкая мова ахоплівае вялікую тэрыторыю і падзяляецца на некалькі дыялектаў. Геаграфічна суседнія дыялекты лінгвістычна вельмі блізкія адзін да аднаго, тады як дыялекты краёў арэалу інуіцкае мовы (напрыклад, астравоў Дыяміда, што паміж Чукоткай і Аляскай, і ўсходу Грэнландыі) маюць вялікія адрозненні[3], праз што інуіцкую мову нярэдка могуць лічыць некалькімі асобнымі мовамі. Існуе сірэніцкая мова, клясыфікацыя якой як эскімоска-алеуцкай даведзеная, аднак ня вызначаная яе пазыцыя адносна галінаў сям'і. Некаторымі даследаваннямі мова лічыцца як частка юпікскіх[4], тады як паводле іншых звестак мова лічыцца трэцяй, асобнай галіной у складзе эскімоска-алеуцкае сям'і нараўне зь юпікскай ды інуіцкай. Паводле даследаванняў амерыканскага Цэнтру карэнных моваў Аляскі, агульная прамова (мова-продак) эскімоска-алеуцкіх моваў падзялілася на эскімоскую ды алеуцкую галіны прынамсі ў раёне 2000 г. да н. э.[3][5]. Каля 500—1000 гг. н.э. эскімоскія мовы падзяліліся на юпікскую, інуіцкую групы[5], а таксама, верагодна, на сірэніцкую мову. Эскімоска-алеуцкія мовы ў культуралагічным і этнаграфічным плане адносяцца да адных з аўтахтонных моваў Паўночнай Амерыкі. Тым ня менш, у лінгвістычным дачыненні эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць сувязяў з іншымі сем'ямі аўтахтонных моваў Паўночнай Амерыкі[5], а таксама, як лічыцца, прадстаўляюць зь сябе вынік апошняга дагістарычнага перасялення людзей з Азіі. Унутраная класіфікацыяЭскімоска-алеуцкія мовы падзяляюцца на дзве галіны — алеуцкую ды інуіцкую. Яны ў сваю чаргу маюць падзел на групы моваў або на асобныя мовы.
Меркаванні наконт роднасці эскімоскіх і алеуцкіх моваў (і, адпаведна, складанні імі агульнага моўнага таксону) выказваліся з сярэдізны ХІХ ст. (Веніямінаў, Раск, Багараз, Іёхельсан). У 1951 годзе аднаразова і, хутчэй за ўсё, незалежна, з'явіліся два артыкулы К. Бэргслянда й Г. Марша ды М. Сўодэша, пасля якіх гэтую роднасць можна лічыць даведзенай. Алеуцкая й эскімоскія мовы на цяперашні момант не з'яўляюцца ўзаемназразумелымі. Мяжа паміж інуіцкімі й юпікскімі мовамі праходзіць праз пасёлак Уналакліт, што на захадзе Аляскі. Пытанне знешняй класіфікацыіЭскімоска-алеуцкія мовы ня маюць лінгвістычных сувязяў з любой іншай прызнанай лінгвістамі моўнай сям’ёй у свеце (напрыклад, індаэўрапейскай); у прыватнасці, у лінгвістыцы існуе згода наконт адсутнасці сувязяў з моўнымі сем’ямі Паўночнай Амерыкі. У расійскай лінгвістычнай літаратуры эскімоска-алеуцкія мовы адносяць да палеаазіяцкіх, што, аднак, засноўваецца на тэрытарыяльнай прыкмеце. Незважаючы на гэта, у лінгвістыцы высоўваюцца гіпотэзы па знаходжанні роднасці між эскімоска-алеуцкай ды іншымі моўнымі сем'ямі і, такім чынам, аб’яднанні іх у вышэйшыя таксоны — макрасем’і. У падобных гіпотэзах звычайна разглядаюцца мовы Еўразіі або Паўночнай Амерыкі. Так, у 1818 годзе дацкі лінгвіст Расмус Раск заўважыў наяўнасць падабенстваў між грэнландскай і фінскай мовамі (апошняя ўваходзіць ва ўральскую сям’ю). Зь іншых падобных гіпотэзаў адзначаецца ўрала-сыбірская гіпотэза, сфармуляваная брытанскім лінгвістам-паўночназнаўцам Майклам Фортэск’ю ў 1998 годзе. У 2000—2002 гадох амэрыканскім лінгвістам Джозэфам Грынбэргам была прапанаваная гіпотэза еўраазіяцкіх моваў, у якую ўваходзяць, апрача эскімоска-алеуцкіх, усе моўныя сем’і паўночнай Еўразіі за выняткам енісейскіх. Нідэрландскім лінгвістам Крыстыянам Уленбэкам прапаноўвалася сувязь эскімоска-алеуцкіх зь меркаванай урала-алтайскай макрасям'ёй на аснове шэрагу падобных суфіксаў; падобная гіпотэза падтрымлівалася й Арэльенам Саважо, але ўжо па прыкмеце нібыта поўнай структурнай ідэнтычнасці сыстэмы спражэння, прыналежных формаў імя, супадзенняў у спосабе ўтварэння прыналежнае канструкцыі. Падобная вэрсія падзялялася Т. Ульвінгам, які ўказваў, што градацыя зычных у эскімоскіх адносіцца да таго ж тыпу, што й ва ўральскіх. Тым ня менш, два апошнія даследчыкі дапускалі недакладнасці ў перадачы эскімоскіх словаў. Гіпотэзу сувязі з урала-алтайскімі мовамі падтрымліваў Бэргслянд — на аснове значнай структурнай ідэнтычнасці па ўсіх узроўнях, з прыцягненнем алеуцкага матэрыялу. Фортэск'ю, грунтуючыся на падабенстве марфалагічных паказчыкаў (у прыватнасці склонавых), прадпрымаў спробу збліжэння эскімоска-алеуцкіх з юкагірскімі мовамі (усход Якутыі, Расія). Расійскі лінгвіст Алег Мудрак абгрунтоўвае настратычнае паходжанне базіснае лексыкі, пры гэтым яна аказваецца асабліва блізкай да алтайскай[6] Ставіліся спробы абгрунтаваць сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з індаеўрапейскімі. Так, Уленбэк знаходзіў між сем'ямі 40 лексычных сыходжанняў, Талбітцэр налічваў каля 60 агульных каранёў з улікам паправак у матэрыял Уленбэка і ўлікам новых звестак індаеўрапэістыкі (гецкая мова). Гамэрыг знаходзіў сыходжанні ў галіне структуры слова, указваў на мажлівасць існавання ў праіндаеўрапейскай мове склонавае сістэмы эскімоскага тыпу, прыцягваў ларынгалы для тлумачэння ўвулярных у эскімоскіх. У 1960 годзе амэрыканскім лінгвістам і антраполагам Морысам Сўодэшам была прапанаваная сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з ўакаскімі мовамі (усход Брытанскае Калумбіі). Гэтая тэорыя была падтрыманая і пашыраная Янам Генрыкам Гольстам[7]. Н. Хольмэр ставіць спробы збліжэння эскімоскіх з мовамі кечуа і квакіютль. Гэтае збліжэнне ажыццяўляецца хутчэй у тыпалагічным плане, але не выключае й генэтычныя сувязі. Асноўныя рысыДзве галіны ў складзе сям'і — алеуцкая й эскімоскія мовы — паспелі разысціся да такой ступені, што маюць адрозненне прыкладна на ўзроўні адрозненняў турэцкай і японскай моваў[8]. Тым ня менш, абедзве галіны маюць агульныя як фанетычныя, так і граматычныя рысы, што дало падставу для іх аб'яднання ў адзіную сям'ю. Мовы эскімоска-алеуцкае сям'і ў марфалагічным плане адносяцца да полісінтэтычных моваў[9], словаўтварэнне — выключна суфіксальнае (за выключэннем адной прыстаўкі ў інуктытуце, якая ўзнікае ў займенніках). Абедзве галіны ў складзе сям'і характарызуюцца як аглютынацыйныя, пры гэтым эскімоскія маюць большыя адхіленні ў бок фузіі. Колькасць марфалагічных парадкаў у эскімоскіх большая за алеуцкую; асноўныя іменныя катэгорыі — склон, лік, прыналежнасць, час, лад, транзытыўнасць, каўзатыўнасць, мадальнасць, фазавасць, якасныя й ацэнкавыя характарыстыкі дзеяння — у абедзвюх галінах падобныя. Кожнае слова павіннае змяшчаць адзін корань, які ставіцца ў пачатак слова[10]. Эскімоска-алеуцкія мовы маюць адносна невялікую колькасць каранёў — напрыклад, цэнтральна-юпікская мова мае толькі прыблізна 2000 каранёў[11]. Аднак маюцца дадатковыя часціцы, якія дапасоўваюцца да каранёў і дапаўняюць ягоны сэнс; у выпадку, калі значэнне слова патрабуе наяўнасці толькі гэтае часціцы, дадаецца нейтральны корань (напрыклад, pi у цэнтральна-юпікскай ды інуктытуце). Пасля падобных часціцаў месцяцца суфіксы, якія маркіруюць склон (у назоўніку) або асобу і лад (у дзеясловах). Колькасць склонаў адрозніваецца ў залежнасці ад мовы: напрыклад, алеуцкія мовы маюць меншую колькасць склонаў, чым у эскімоскіх. У граматыцы адзначаецца эргатыўная тыпалогія. Ва ўсіх эскімоска-алеуцкіх мовах маецца абавязковае ўзгадненне дзеяслову з агенсам ды пацыенсам у пераходных клаўзах — для гэтае мэты існуюць спэцыяльныя суфіксы, што выкарыстоўваюцца ў даданых сказах. У канцы словаў могуць дадавацца клітыкі, напрыклад, са значэннем «але». Фаналагічна эскімоска-алеуцкія мовы маюць падабенствы з іншымі мовамі Паўночнай Амерыкі і Далёкага Ўсходу Расіі. З галосных адзначаюцца толькі /a, i, u/, аднак у некаторых юпікскіх дыялектах маецца таксама й /ə/. У мовах эскімоска-алеуцкае сям'і адсутнічаюць абруптыўныя зычныя, але ёсць глухія выбухныя ў білябіяльнай, пярэднеязычнай, вэлярнай і ўвулярнай пазыцыях; выключэнне складае алеуцкая мова, фанетыка якой страціла білябіяльныя выбухныя, але захавала насавыя. На вышэйпамянёных пазыцыях існуе супрацьпастаўленне звонкіх і глухіх фрыкатываў, фанетычныя лады эскімоскіх моваў маюць таксама глухі альвэалярны латэральны фрыкатыў. Шматлікія дыялекты алеуцкай і юпікскай моваў маюць супрацьпастаўленне глухіх насавых. Дадатковыя звесткіЭскімоскія мовы занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адныя з найскладанейшых моваў сьвету. У рэкордным сьпісе яны згадваюцца разам з мовамі чыпэва, гайда, табасаранскай і кітайскай мовамі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia