Берэн і Луціен
Бе́рэн (англ.: Beren) і Лу́ціен (англ.: Lúthien) — персанажы фэнтэзійнага свету, створанага Дж. Р. Р. Толкінам. Берэн — смяротны чалавек, сын Барахіра з Дому Беара . Луціен — несмяротная эльфійская прынцэса, дачка караля эльфаў Элу Цінгала і маі Меліян . Аднойчы сустрэўшыся, яны закахаліся адзін у аднаго і пераадольваюць мноства выпрабаванняў, каб быць разам. Персанажы Берэна і Луціен упершыню з’яўляюцца ў «Кнізе страчаных паданняў », напісанай Толкінам у 1916—1918 гадах. Пазней іх гісторыя зведвае шматлікія змены. Розныя версіі падання прыводзяцца ў паэме «Лэ пра Лэйціян », хроніках «Шэрыя аналы », пасмяротна складзенай кнізе «Сільмарыліян» і ў зборы тэкстаў, выдадзеных Крыстаферам Толкінам у 2017 годзе пад назвай «Берэн і Луціен». Песню пра Берэна і Луціен Арагорн спявае хобітам у «Валадары пярсцёнкаў». Гісторыя несмяротнай эльфійкі, якая выходзіць замуж за чалавека і выбірае для сябе смяротны лёс, знайшла таксама адлюстраванне ў іншым творы Толкіна — «Паданні пра Арагорна і Арвен ». Навукоўцы адзначаюць, што Толкін выкарыстоўваў для сваёй гісторыі вялікую колькасць крыніц. У першую чаргу паданне пра Берэна і Луціен заснавана на старажытнагрэчаскім міфе пра Арфея і Эўрыдыку, але таксама ў ім можна знайсці элементы іншых міфаў, легенд і казак розных перыядаў. Сярод іх фінскі эпас «Калевала», валійскі «Мабіногіян », нарвежская «Сага пра Вёльсунгаў », ісландская «Малодшая Эда» і нямецкая народная казка «Рапунцэль ». Гісторыя Берэна і Луціен таксама мае аўтабіяграфічныя матывы. Імёны «Берэн» і «Луціен» выбіты на надмагіллі Толкіна і яго жонкі Эдыт. ІмёныІмя Берэн на сіндарыне азначае «адважны». Пасля таго, як перажыў атрутны ўкус Кархарота, Берэн атрымаў празванне Эрха́міян — перакладаецца з сіндарыну, як «аднарукі». Іншае празванне — Ка́мласт — Берэн даў сабе, калі прыйшоў да Цінгала без правай рукі, якая дагэтуль сціскала Сільмарыль . У перакладзе з сіндарыну Камласт азначае «пустая рука»[1]. Луціен, верагодна, азначае «дачку кветак» на белерыяндcкім дыялекце сіндарыну, але можа быць перакладзена і як «цвіценне»[2]. Імя Цінувіель, якім Луціен клікаў Берэн, перакладаецца з сіндарыну як «салавей», або літаральна — «дачка зорных прыцемак»[1]. КантэкстБерэн — чалавек-адан з народа Беара , сын Барахіра і Эмельдзір. Разам з бацькам ён удзельнічаў у Бітве Раптоўнага Полымя, дзе Барахір прыйшоў на дапамогу каралю Нарготранда Фінраду , за што Фінрад пакляўся ў вернасці Дому Беара. Пасля бітвы Берэн застаўся з бацькам і яго атрадам, якія ў Дартоніяне супрацьстаялі сілам Моргата. Калі ў выніку здрады атрад быў знічтожаны, Берэн, дзякуючы шчасліваму выпадку, застаўся ў жывых[3]. Луціен — прынцэса эльфаў-сіндар, адзіная дачка Элу Цінгала , караля Дорыята , і яго жонкі маі Меліян . Гэта значыць, у ёй цячэ кроў не толькі каралёў, але і «бостваў». Паводле «Шэрых аналаў», Луціен нарадзілася ў Эпоху Дрэў. Пры яе нараджэнні ў Дорыяце ўпершыню расцвіла кветка ніфрэдзіль. Луціен апісваецца як Ранішняя зорка эльфійскага народа і як самая цудоўная з дзяцей Эру Ілуватара. Гісторыя кахання несмяротнай Луціен і смяротнага Берэна лічыцца «апорнай» часткай «Сільмарыліяна». Сам Толкін называў яе «ядром міфалогіі»[4]. Сярод нашчадкаў Берэна і Луціен былі Арагорн і Арвен. Арагорн іх нашчадак па лініі Элраса і каралеўскага роду Нуменара, Арвен жа была дачкой Элранда, прапраўнука Луціен, і Келебрыян , стрыечнай праўнучкі Луціен. У процівагу Луціен, яе нашчадак Арвен звалася Вячэрняй зоркай эльфійскага народа, у знак таго, што ў яе прыгажосці адлюстравалася прыгажосць Луціен. Гісторыя Арагорна і Арвен з’яўляецца адлюстраваннем гісторыі Берэна і Луціен[5][6]. Сюжэт паданняСустрэчаБерэн упершыню сустрэў Луціен летняю парой у лясах Нельдарэта. У вячэрні час, калі над лесам уставаў месяц, яна кружылася ў танцы на лясной паляне. У зачараванага яе прыгажосцю Берэна адняло мову, а тым часам Луціен знікла ў лясах. Берэн не ведаў яе імя і ў сэрцы называў яе Цінувіель, што азначае Салавей, дачка прыцемкаў. У пошуках Луціен Берэн праблукаў усю восень і зіму. Ён сустрэў яе зноў у перадсвітальны час напярэдадні вясны. Луціен зноў кружылася ў танцы на зялёным пагорку і спявала, і дзе ступала яна, распускаліся кветкі. Тады да Берэна вярнулася мова, і ён усклікнуў «Цінувіель!» Луціен застыла ў здзіўленні, але больш не ўцякала. Яна таксама пакахала Берэна. На світанні яна выслізнула з яго абдымкаў і сышла, а Берэн упаў на зямлю непрытомны. Аднак неўзабаве Луціен вярнулася, і з тых пор яны блукалі па лясах разам[3]. Даэран , які таксама кахаў Луціен, прасачыў за ёй і расказаў пра яе сустрэчы з Берэнам яе бацьку. Цінгал разлютаваўся, паколькі любіў дачку больш за ўсё на свеце і лічыў, што нават эльфійскія прынцы не варты яе, не тое што нейкі смяротны. Калі Луціен прывяла каханага перад трон Цінгала, Берэн папрасіў яе рукі. У вялікім гневе, не зважаючы на перасцярогі Меліян , кароль абвясціў, што калі Берэн хоча рукі Луціен, то няхай прынясе Сільмарыль з жалезнай кароны Моргата . Усе зразумелі, што Цінгал пасылае Берэна на смерць, аднак той не спалохаўся і адправіўся выконваць даручэнне[3]. Палон і вызваленнеБерэн адправіўся па дапамогу да Фінрада ў Нарготранд . Трапіўшы ў горад, Берэн нагадаў каралю эльфаў пра яго клятву, і той пагадзіўся пайсці з ім. Аднак падданыя Фінрада адмовіліся рушыць услед за сваім каралём, бо паход здаваўся безнадзейным. Фінрад і Берэн адправіліся ў паход толькі з трынаццаццю спадарожнікамі. На шляху яны знішчылі атрад оркаў і замаскіраваліся пад іх. У такім выглядзе яны хацелі праслізнуць міма Тол-Сірыяна , які быў пад уладай Саўрана, але той заўважыў іх і загадаў прывесці да яго. Фінрад уступіў у чараўніцкі песенны паядынак з Саўранам, але прайграў. Атрад быў кінуты ў вязніцу, але Саўран дарэмна намагаўся выпытаць намеры вандроўнікаў: усе эльфы памерлі, так і не выдаўшы таямніцу пахода. Калі Саўран паслаў ваўкалака забіць Берэна, Фінрад разарваў ланцугі і забіў звера, але сам загінуў. Берэн аплакаў караля і ўпаў у забыццё[3]. Калі Берэн трапіў у палон, Луціен адчула нядобрае. Прыйшоўшы да маці за парадай, яна даведалася пра лёс каханага — бо ў Меліян было відзенне — і хацела тут жа бегчы ратаваць Берэна. Яна звярнулася па дапамогу да Даэрана, але той зноў выдаў яе Цінгалу. Кароль замкнуў дачку ў доме, які спецыяльна для гэтага загадаў пабудаваць у кроне магутнага бука. Жадаючы збегчы, Луціен зачаравала свае валасы так, што яны выраслі да небывалай даўжыні. З іх яна спляла чароўны плашч, які рабіў яе нябачнай і насылаў сон, і вяроўку, каб спусціцца. Паддаўшыся чарам валасоў Луціен, вартаўнікі паснулі, і яна збегла[3]. ![]() Луціен адправілася ратаваць Берэна і дарогай сустрэла Хуана, ваўкадава з Валінара, надзеленага дарам гаварыць — аднак загаварыць ваўкадаў меў магчымасць толькі тройчы ў жыцці. Хуан прывёў Луціен да свайго гаспадара, Келегорма. Келегорм жа захацеў сам ажаніцца з ёй. Ён паабяцаў дапамагчы ёй, калі яна адправіцца з ім у Нарготранд. Там Луціен апынулася палонніцай Келегорма, ён загадаў сцерагчы яе і забараніў з кім-небудзь гаварыць. Хуан жа пашкадаваў яе і вызваліў, здрадзіўшы тым самым свайму гаспадару. Разам з Луціен яны збеглі з Нарготранда[3]. Яны дабраліся да вострава Саўрана, і Луціен заспявала ў надзеі, што Берэн яе пачуе. Ён азваўся, але Саўран таксама пачуў яе песню. Ён паслаў ваўкоў забіць Хуана, але Хуан забіў іх усіх аднаго за адным. Нарэшце Саўран сам ператварыўся ў наймагутнейшага з ваўкалакаў і выйшаў на бой з Хуанам. Хуан пахіснуўся, але Луціен аслабіла націск Саўрана сваім зачараваным плашчом. Саўран стаў прымаць розныя абліччы, але Хуан адолеў яго. Луціен прымусіла Саўрана аддаць ключы ад вежы. Саўран прыняў выгляд кажана-вампіра і збег. Луціен разбурыла вежу. Яна знайшла Берэна і, палічыўшы яго мёртвым, у роспачы ўпала побач з ім. Але на світанні Берэн апрытомеў. Хуан вярнуўся да Келегорма[3]. Паход за Сільмарылем![]() Берэн вырашыў выканаць клятву — здабыць Сільмарыль — і хацеў, каб Луціен вярнулася да бацькі, дзе будзе ў бяспецы. Але Луціен адмовілася. Аднойчы яны сустрэлі ў лесе Келегорма і Куруфіна, з якімі быў Хуан. Браты напалі на Берэна. Той з дапамогай Хуана адолеў іх, але пашкадаваў па просьбе Луціен. Куруфін пракляў Берэна, сказаўшы, што яго чакае пакутлівая смерць, а потым стрэліў у Луціен з лука Келегорма, але параніў Берэна. Берэн і Луціен паскакалі на кані, якога Берэн адабраў у Куруфіна. Яны вярнуліся ў Дорыят, там Берэн пакінуў Луціен, пакуль яна спала, і пайшоў у Ангбанд здабываць Сільмарыль[3]. Луціен прыняла аблічча кажана Тхурынгвеціль, а Хуан аблічча ваўка Драўглуіна, каб быць у большай бяспецы. У такім выглядзе яны нагналі Берэна і ўсе разам дабраліся да трона Моргата. Але Моргат сарваў з Луціен маску. Луціен прапанавала Моргату паспяваць для яго. Ахоплены пажадлівасцю, ён пагадзіўся. Спеў Луціен усыпіў Моргата і ўсіх яго прыслужнікаў. Луціен разбудзіла Берэна, і ён выразаў з кароны Моргата Сільмарыль, кінжалам, які адабраў у Куруфіна. Калі Берэн паспрабаваў выразаць другі Сільмарыль, кінжал саслізнуў і парэзаў Моргату шчаку. Берэн і Луціен кінуліся да брамы, там на іх напаў ваўкалак Кархарот. Ён адкусіў Берэну руку, у якой той трымаў Сільмарыль. Луціен адсмактала атруту з раны Берэна і паспрабавала вылечыць Берэна, але беспаспяхова, бо страціла ўсе сілы на ўсыпленне Моргата. Хуан заклікаў арлоў Манвэ, і тыя аднеслі іх у Дорыят[3]. Луціен вылечыла Берэна, і яны разам прыйшлі да яе бацькі. Берэн сказаў Цінгалу, што Сільмарыль у яго руцэ, а значыць клятва выканана. Калі Цінгал папрасіў паказаць Сільмарыль, Берэн паказаў яму куксу. Яны апавялі Цінгалу, што адбылося, і ў той жа дзень было зладжана вяселле. Тым часам Кархарот, якога Сільмарыль паліў знутры, адначасова даючы яму надзвычайную сілу, разбураў і знішчаў усіх, каго сустракаў, і набліжаўся да Менеграта. Было вырашана зладзіць паляванне. У паляванні ўдзельнічалі Берэн, Цінгал, Хуан, Белег, Маблунг і многія іншыя. Кархарот напаў на Берэна, але Хуан забіў Кархарота, хоць і сам памёр ад ран, атрыманых у сутычцы. Бруха Кархарота распаролі і выцягнулі Сільмарыль. Параненага Берэна прынеслі ў Дорыят, дзе ён памёр у абдымках Луціен[3]. Смерць і новае жыццё![]() Дух гаруючай Луціен пакінуў цела і адправіўся за Берэнам у пакоі Мандаса. Стаўшы перад ім, яна заспявала песню аб пакутах Эльфаў і Людзей, найвялікшую песню з калі-небудзь праспяваных. Песня так кранула Мандаса, што спачатку ён выклікаў дух Берэна, каб яны сустрэліся, а потым адправіўся да Манвэ прасіць за Берэна і Луціен. Раней ён не рабіў нічога падобнага і міласэрнасцю не вызначаўся. Нават Манве не мог змяніць лёс Людзей. Але яму адкрылася воля Ілуватара, і ён даў Луціен выбар: жыць у Валінары без Берэна або вярнуцца з Берэнам у Серадзем’е і стаць смяротнай. Луціен выбрала Берэна і смерць[3]. Луціен і Берэн пасяліліся ў Асірыяндзе і жылі там да спусташэння Менеграта. Месца, дзе яны жылі, пазней назвалі Дор Фірн-і-Гуінар, Зямля Жывых Мёртвых. У іх нарадзіўся сын Дыяр[7]. Цінгал атрымаў ад Хурына Наўгламір, кара́лі гномаў, якія ён знайшоў у развалінах Нарготранда. Цінгал вырашыў аб’яднаць найвялікшыя творы Гномаў і Эльфаў — Наўгламір і Сільмарыль — і запрасіў кавалёў-гномаў з Нограда. Гномы ўправілі Сільмарыль у каралі, а потым забілі Цінгала і забралі Наўгламір. Берэн забіў у бітве цара Нограда і адабраў у яго каралі, але той перад смерцю паспеў праклясці адабраныя ў гномаў скарбы. Каралі Берэн аддаў Луціен, якая потым насіла іх да самай смерці[8]. Берэн і Луціен памерлі ў той жа год, калі іх сын стаў кіраўніком Дорыята. Ніхто не ведае, дзе яны пахаваны. Радавод
Раннія версііУ ранніх версіях гісторыі, галоўную гераіню клічуць Цінувіель, а Берэн — эльф (у прыватнасці, нолдар або ном). Замест Саўрана героі сутыкаюцца з Тэвільда, вялізным катом, галоўным ворагам валінарскага ганчака Хуана. Існавала яшчэ адна версія, самая ранняя, у якой Берэн быў чалавекам, але яна не захавалася[9]. АналізСувязь з класічнымі міфаміФілолаг і даследчык Толкіна Том Шыпі пісаў, што гісторыя Берэна і Луціен заснавана ў першую чаргу на старажытнагрэчаскім міфе пра Арфея і Эўрыдыку, але таксама ў ёй можна ўбачыць элементы іншых міфаў, легенд і народных казак. Шыпі адзначае наступныя паралелі[10]:
Спіс запазычанняў Шыпі падагульняў думкай, што на момант напісання гісторыі Берэна і Луціен Толкін «яшчэ не вызваліўся ад мноства сваіх крыніц, як быццам спрабуючы ўключыць туды ўсе ўпадабаныя ім фрагменты больш ранняй літаратуры, замест таго, каб знайсці крыніцу развіцця ўласнай гісторыі ў ёй самой»[10]. Петэр Аструп Сунт праводзіў паралелі, як паміж Берэнам і Арфеем, так і паміж Луціен і Арфеем. Луціен валодае магіяй, і яе роля далёка не такая пасіўная, як роля Эўрыдыкі. Менавіта яна адпраўляецца да Мандаса , уладара царства мёртвых[11]. Бэн Элдан Стывенс дадае, што ў некаторых аспектах гісторыя Толкіна супрацьпастаўляецца старажытнагрэчаскаму міфу. Арфею ўдаецца выратаваць Эўрыдыку з Аіда адзін раз, у той час як Луціен ратуе Берэна тройчы: з палону Саўрана, з Ангбанда і ўмаліўшы Мандаса вярнуць яго да жыцця. У міфе пра Арфея і Эўрыдыку Эўрыдыка сустракае «другую смерць», Арфей неўзабаве таксама памірае. Луціен і Берэн атрымліваюць «другое жыццё» пасля «ўваскрашэння»[12][13].
Казкі і сказанні![]() Некаторыя даследчыкі, у першую чаргу Рэндэл Хелмс , адзначаюць, што ў паданні пра Берэна і Луціен можна знайсці элементы народных казак, у прыватнасці, валійскага сказання «Кілух і Олвен », якое ўваходзіць у «Мабіногіян» і лічыцца самым раннім тэкстам Артурыяны. Адзін з такіх элементаў — бацька нявесты дае жаніху заданне (або заданні), якое выглядае невыканальным і якое жаніху ўдаецца выканаць[14]. У казцы братоў Грым «Чорт з трыма залатымі валасамі » кароль патрабуе, каб хлопчык дастаў тры залатыя валасінкі з галавы чорта[15]. Яшчэ адзін элемент — сабака караля Артура Кавал , якога можна суаднесці з Хуанам[16]. На думку Тома Шыпі[17] і Рычарда Уэста[16], у выпадку з Толкінам да пытання крыніц неабходна ставіцца з асцярожнасцю, бо, па словах самога Толкіна, ён зварыў «суп» з «бычыных костак» сваіх крыніц, і вывучаць варта менавіта суп[18]. Шыпі згодны з Алексам Льюісам і Элізабэт Кары ў тым, што Толкін з высокай доляй верагоднасці выкарыстоўваў «Мабіногіян», бо, несумненна, ведаў «Кілух і Олвен», але знаходзіць малаверагоднай іх здагадку, што Толкін выкарыстоўваў таксама сярэднявечны раман Вальфрама фон Эшэнбаха «Парцыфаль », бо «падабенства не азначае сувязь»[17]. Шыпі таксама дадае, што паляванне на дзіка Турха Труйта — «праўдападобная» аснова для палявання на ваўка Кархарота. З іншага боку, няпоўнае выкананне патрабаванняў волата Ісбададэна па спісе прадметаў, якія трэба здабыць, каб ажаніцца з Олвен, не адпавядае спробе выканаць заданне Цінгала пра Сільмарыль, і «сцэны зусім не падобныя адна на адну!»[17] Даследчык Толкіна Джон Гарт у сваім артыкуле для «New Statesman » адзначае, што «Паданне пра Берэна і Луціен», натхнёнае танцам Эдыт на лясной паляне, далёкай ад «жывёльнага жаху» акопаў, чакала публікацыі цэлае стагоддзе. Гарт знаходзіць «асобую красу» ў тым, як гісторыя змяняецца «ў некалькі этапаў», пакуль, нарэшце, «не набывае міфічную сілу». Вораг Берэна ператвараецца з ката-дэмана ў Некраманта, а пазней у Саўрана. Гарт адзначае, што калі меркавалася, што гэта згублены арыгінал казкі пра Рапунцэль, то ён дзіўна сугучны больш сучаснаму «пераасэнсаванню казкі, з жаночым персанажам у якасці цэнтральнага», з Луціен, чыю прыгажосць смяротныя не ў сілах апісаць, і якая больш вынаходлівая, чым яе каханы[19]. Аўтабіяграфічны матыў![]() Гісторыя Берэна і Луціен была створана Толкінам у аўтабіяграфічным ключы: аўтар да пэўнай ступені атаясамляў сябе і сваю жонку Эдыт з гэтымі двума персанажамі. У лісце сыну Крыстаферу ад 11 ліпеня 1972 года, кажучы аб магільным надпісе для Эдыт, Толкін пісаў:
Далей, у тым жа лісце Толкін дадаваў:
Толкін і яго жонка пахаваны на могілках Вулверкат на поўначы Оксфарда. Надпіс на іх надмагіллі падкрэслівае паралелі паміж Толкінам і Берэнам і Эдыт і Луціен[21]. АдаптацыіВобразы Берэна і Луціен знайшлі адлюстраванне ў працах шэрагу мастакоў-ілюстратараў, сярод іх Тэд Нэсміт[22], Алан Лі[23], Анке Айсман[24][25], Джэф Мюрэй[26] і іншыя. Гісторыі, у якіх фігуруюць Берэн і Луціен, не былі экранізаваны. Аднак у самім Серадзем’і іх лёс стаў легендарным, таму іх аповеды пра іх гісторыю сустракаюцца ў адаптацыях іншых твораў. Так, у радыёадаптацыі «Валадар Пярсцёнкаў », створанай «BBC Radio 4 » у 1981 годзе, Арагорн апавядае гісторыю Берэна і Луціен хобітам Фрода, Сэму, Мэры і Піпіну, як гэта было ў кнізе «Братства Пярсцёнка». Гэтая ж гісторыя з’яўляецца ў анімацыйным фільме Ральфа Бакшы «Валадар пярсцёнкаў » 1978 года. У пашыранай версіі фільма Пітэра Джэксана «Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» таксама з’яўляецца алюзія на гісторыю Берэна і Луціен. Падчас падарожжа з Бры ў Раздол Фрода чуе, як Арагорн спявае ноччу песню пра Луціен, і пытаецца ў яго, што з ёй здарылася. Арагорн адказвае, што яна памерла[27]. Персанажы Берэна і Луціен станавіліся крыніцай натхня для іншых аўтараў. Так, персанаж Берэка Паўрукага з «Хронік Томаса Ковенанта » Стывена Дональдсана , верагодна, пераклікаецца з персанажам Толкіна[28]. УшанаваннеУ гонар Луціен названы род дагістарычных млекакормячых жывёл — цінувіель (Tinuviel), і біялагічны від, які належыць да гэтага рода — цінувіэль эўрыдыка (Tinuviel eurydice)[29]. Крыніцы
ЛітаратураКнігі
Артыкулы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia