Іван Кошка
Іван Іванавіч Кошка (да 1443 — пасля 1526) — магчыма, пісар гаспадарскі (зг. 1470), акольнічы смаленскі (зг. 1492—1526), намеснік маладзечанскі (зг. 1500). Са смаленскіх баяр. Бацька — Іван Антонавіч, атрымаў ад вялікага князя Казіміра слугу Пратаса, дзве тонькі на рацэ і Лапоцькава ў Смаленскай зямлі[5]. Таксама вядомы бацькаў брат — Алізар, яго сын Якаў, уладальнік сяла Белая у Смаленскім павеце, і невядомы на імя ўнук[6]. Сам Іван Кошка ў 1457 годзе атрымаў ад вялікага князя Казіміра 2 чалавекі і зямліцу, а ў 1467 годзе людзей, якіх раней трымаў нейкі Кляменцій. Магчыма, Іван тоесны згаданаму пад 1470 годам Кошку, службоўцу Канцылярыі вялікага князя Казіміра, імаверна, пісару гаспадарскаму. У 1482 і 1497 гадах Іван Кошка атрымаў пацвярджэнні на бацькавы і свае наданні ад гаспадара, а таксама свае куплі.[5] Маскоўскае пасольства скардзілася на смаленскага акольнічага Івана Кошку за затрыманне ў Смаленску людзей маскоўскага падданага князя Сямёна Варатынскага ў 1493 годзе. Таксама Кошка ўдзельнічаў у памежных канфліктах, за грабяжы маскоўскіх людзей на памежжы вялікалітоўскімі падданымі, у тым ліку Кошкай, маскоўцы ў 1498 годзе абрабавалі смаленскіх мяшчан.[5] У 1500 годзе Іван Кошка згаданы як акольнічы смаленскі і намеснік маладзечанскі[крыніца?]. Пасля захопу ў вайну 1500—1503 гадоў смаленскіх маёнткаў маскоўцамі Іван Кошка з’ехаў. Пагатоў, як актыўны ўдзельнік памежных канфліктаў наўрад ці мог разлічваць на нешта пад уладай вялікага князя маскоўскага.[5] Замест страчаных маёнткаў атрымаў у 1506 і 1507 гадах ад вялікага князя Аляксандра дворац Гадуцішкі ў Віленскім павеце[5] і 60 чалавек[6]. У 1509 годзе на гэтыя ж уладанні атрымаў прывілей і Васіль Сямёнавіч Жылінскі, таксама замест маёнткаў страчаных на ўсходзе праз маскоўцаў. Адзін з зяцёў Івана Кошкі — князь Іван Львовіч Вяземскі, ездзіў да вялікага князя Жыгімонта аднаўляць наданне вялікага князя Аляксандра для свайго цесця. У 1507 годзе Кошка атрымаў сяло Белае ў Смаленскім павеце, перад тым належнае дваюраднаму брату Якаву Алізараву, якога звезлі ў маскоўскі палон, а яго сын сам ад’ехаў да маскоўскага боку.[6] Дворац Гадуцішкі Кошка пазней прадаў віленскаму ваяводзе Мікалаю Радзівілу[7]. Пратэкцыяй Івана Кошкі, адзін з яго зяцёў — князь Вяземскі таксама атрымаў маёнтак у Віленскім павеце, як кампенсацыю за страчаныя ў Смаленскай зямлі ўладанні.[6] Такім чынам, акольнічы Кошка выехаў са Смаленскай зямлі з жонкай, дочкамі і зяцямі. Дзве дачкі сталі асноўнымі яго спадчынніцамі, іх нашчадкі мелі правы прэтэндаваць на смаленскія ўладанні пасля вызвалення тых ад маскоўцаў.[6] Меў дзвюх дачок:
Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia