Ірына Барысаўна Лаўроўская
Ірына Барысаўна Лаўроўская або Ірэна Лаўроўская (нар. 8 лютага 1951, Брэст) — беларуская архітэктарка, гісторык, грамадская дзяячка, выкладчыца. Спецыяліст па гісторыі старажытнага Брэста і яго архітэктурнай спадчыне, іх папулярызатар. Кандыдат мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры (2006)[2]. БіяграфіяНарадзілася 8 лютага 1951 года ў Брэсце. Вучылася ў сярэдняй школе № 20 г. Брэста. Скончыла архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута[2]. Па заканчэнні інстытута размеркавана ў Віцебск, потым вярнулася ў Брэст. Да 1985 года працавала ў праектнай арганізацыі «Брэстграмадзянпраект», потым перайшла на працу ў школу. У 1989—1999 гадах — старшы выкладчык кафедры мастацка-графічных дысцыплін Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сярэдзіне 1990-х гадоў выкладала па-беларуску курс «Гісторыя архітэктуры і сусветнага мастацтва» у беларускім ліцэі пры Брэсцкім філіяле Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра[2]. У 2006 годзе абараніла ў Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай Акадэміі навук кандыдацкую дысертацыю па тэме «Брэст-Літоўскі ў перыяд I Рэчы Паспалітай (1569—1795). Перамены ў планіроўцы і архітэктура»[2]. Жыве ў Брэсце. Грамадская дзейнасцьЗ канца 1980-х гадоў займаецца папулярызацыяй гісторыі старажытнага Брэста і яго архітэктурнай спадчыны. З 1989 года — адна з ініцыятараў і актывістаў грамадскай кампаніі па ўратаванні аднаго з сімвалаў сярэднявечнага Брэста — кляштара бернардзінак на тэрыторыі Валынскага прадмесця ў крэпасці[3]. Уласна Ірына Лаўроўская ў канцы 1980-х гадоў як архітэктар ідэнтыфікавала руіны пабудоў, якія пакінула пасля расфарміравання воінская часць, як рэшткі бернардзінскага кляштара. Адна з заснавальнікаў і прэзідэнт грамадскага аб’яднання «Стары горад» ад яго рэгістрацыі ў студзені 1992 года і да ліквідацыі ў красавіку 2007 года паводле судовага рашэння па позве Упраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама. Як кіраўнік «Старога горада» выступіла адной з ініцыятараў і арганізатараў Фэсту брэстчан свету ў ліпені 1994 года, у якім прынялі ўдзел звыш 300 ураджэнцаў і былых жыхароў Брэста і краю — беларусаў, палякаў, украінцаў, яўрэяў, якія былі вымушаны пакінуць родны горад у розныя часы. З’яўлялася членам БНФ, у 2000-я — член Сойма БНФ. Навуковыя інтарэсыЯк даследніца гісторыі і архітэктуры Брэста, праходзіла шэраг стажыровак у Беларусі і па-за яе межамі, працавала ў архівах Варшавы, Любліна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільні, Львова і іншых, публікавала артыкулы ў навуковай літаратуры і ў СМІ. Доктар габілітаваны. Абаранілася ў Варшаве, у верасні 2006 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай Акадэміі навук. Тэма навуковай працы (кіраўнік — прафесар доктар Ежы Кавальчык): «Брэст-Літоўскі ў перыяд I Рэчы Паспалітай (1569—1795). Перамены ў планіроўцы і архітэктура» («Brześć Litewski w okresie I Rzeczypospolitej (1569—1795). Przemiane przstrenne i architektura»)[4][2]. Даследуючы гісторыю Брэста, з’яўляецца спецыялістам у галіне ўрбаністыкі, сакральнай архітэктуры і архітэктуры барока[2], аўтар манаграфіі, навуковых і папулярных артыкулаў па гісторыі архітэктуры[5]. З’яўлялася рэдактарам гістарычнай рубрыкі «Exlusivus encyclopedia» у газеце «Брестский курьер», якую рыхтавала ГА «Стары горад». Актыўна выступае па пытаннях горадабудаўніцтва ў Брэсце, захавання комплексу пабудоў у гістарычным цэнтры горада, захавання калоніі імя Фелікса Варбурга[6], ладзіць навуковыя семінары і грамадскія кансультацыі. Старшыня Фонду «European Urban Institute» (зарэгістраваны ў Польшчы)[7]. Член грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Навуковыя працы
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia