Аляксандр Антоні Сапега
Аляксандр Антоні Сапега (3 верасня 1773, Страсбург, Францыя — 8 верасня 1812, Дзярэчын), навуковы, ваенны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, Французскай імперыі, Княства Варшаўскага і Вялікага Княства Літоўскага (1812). БіяграфіяЗ коданьскай лініі роду Сапегаў, адзіны сын краўчага вялікага літоўскага Юзафа Сапегі і Тэафілы з Ябланоўскіх. Нарадзіўся і жыў у маленстве ў Францыі, куды імігравалі бацькі пасля паражэння Барскай канфедэрацыі. З 1777 года жыў у сваёй цёткі Ганны Ябланоўскай на Падляшшы (Коцк, Сямяцічы), дзе атрымаў дамашнюю адукацыю і пачаў цікавіцца навукай. У 1792 годзе Аляксандр Сапега пазнаёміўся з польскім вучоным і пісьменнікам Станіславам Сташыцам, разам з якім цікавіўся геалогіяй усходняй часткі Рэчы Паспалітай. У 1794 годзе Аляксандр Сапега разам са Сташыцам выехаў у Вену, дзе ўстанавіў кантакты з Юзафам Максімілянам Асалінскім. У 1800 годзе, па рэкамендацыі Станіслава, Аляксандр стаў членам варшаўскага таварыства аматараў навук. У 1801—1802 гадах былі апублікаваны працы Аляксандра Сапегі па хіміі. У 1802—1803 годзе падарожнічаў па краінах Балканскага паўвострава, склаў каштоўнае апісанне свайго падарожжа («Podroze po krajach slowianskich», Уроцлаў, 1811). Пасля кароткага перапынку, калі ён знаходзіўся ў Францыі, дзе чытаў лекцыі, вярнуўся ў 1806 годзе на Балканы, дзе знаходзіўся пад назіраннем французскай і аўстрыйскай паліцыі. У студзені 1807 года Аляксандр Сапега арганізаваў побыт французскага імператара Напалеона Банапарта ў Варшаве, стаў яго камергерам і ад’ютантам. Браў удзел у аблозе Гданьска (1807), пасля чаго правёў зіму ў Парыжы, пры двары імператара. У 1808—1809 гадах займаўся навуковымі даследаваннямі ў Францыі, затым пад выглядам даследчай дзейнасці выехаў у Расійскую імперыю, дзе аналізаваў настрой насельніцтва з анексаваных рускімі зямель Рэчы Паспалітай. Стварыў агентурную сетку французскай выведкі на занятых тэрыторыях. 1 ліпеня 1812 года князь Аляксандр Антоні Сапега ўвайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, утворанага пры падтрымцы напалеонаўскай арміі падчас кампаніі 1812 года, дзе ўзначаліў ваенны аддзел. З-за спрэчак з літоўскім генерал-губернатарам Дзіркам ван Гагендорпам неўзабаве выйшаў са складу Часовага ўрада. Аляксандр Сапега выехаў з Вільні ў свой маёнтак Вішніцы. Па дарозе на яго напаў кабан, ад укусу якога ў яго пачалося заражэнне крыві і гангрэна. 8 верасня 1812 года 39-гадовы Аляксандр Антоні Сапега памёр у Дзярэчыне, маёнтку свайго сваяка Францішка Сапегі. Навуковая дзейнасцьАжыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—1801), падручніка па неарганічнай хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Падарожнічаў па Адрыятычным узбярэжжы, вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў; вынікі даследаванняў апублікаваў у выглядзе лістоў да Жана-Эмануэля Жылібера «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811). Сям’яЖонка (з 1794 года) — Ганна Замойская (1780—1859), дачка канцлера вялікага кароннага і ардыната замойскага Анджэя Замойскага (1716—1792) ад шлюбу з Канстанцыяй Чартарыйскай (1778—1837). Паводле ўспамінаў сучасніцы, княгіня Сапега была разумная, набожная, энергічная і дасціпная жанчына, беззапаветна адданая Польшчы. Скупая, калі ішла гаворка пра яе патрэбы, яна была шчодрая ў адносінах да бедных і тых, хто жыве ў нястачы. Толькі прыгажосці, на думку сучасніцы, ёй не хапала. У шлюбе з князем Сапегам яна была вельмі нешчаслівая, ён ажаніўся з ёю дзеля вялізнага пасагу. Пасля паўстання 1830—1831 гадоў яна здолела выратаваць усё сваё дабро, маёмасць сваіх дзяцей і пулаўскія скарбы. На працягу дня яна не бяздзейнічала ні хвіліны: малявала, вышывала, чытала і займалася рахункамі. Нягледзячы на пажылы ўзрост, яна ездзіла як кур’ер у Тэафільпаль на Валынь, адтуль у Парыж, з Парыжа ў Варшаву. У старасці пасялілася ў дачкі ў Парыжы, дзе была «галоўным рахункаводам Гатэля Ламер», яна так удала гуляла на біржы выратаваным капіталам, што зарабіла для ўнукаў некалькі мільёнаў франкаў. У канцы жыцця страціла зрок, а затым згасла. Дзеці:
![]() Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia