Аляксандр Валянцінавіч Дранец
Аляксандр (Алесь) Валянцінавіч Дранец (нар. 31 студзеня 1962, в. Харомск, Столінскі раён, Брэсцкай вобласці) — беларускі скульптар. БіяграфіяВучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Скончыў у 1987 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у 1993 годзе творчыя акадэмічныя майстэрні Міністэрства культуры Беларусі. Вучыўся ў А. Анікейчыка, А. Арцімовіча, З. Азгура. У 1989—1993 гадах працаваў у творчай майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР. Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 года. З 1993 года выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, з 1996 года — у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 2004—2007 гадах — дырэктар скульптурнага камбіната ў Мінску. ТворчасцьТворчасці Аляксандра Дранца ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў беларускай гісторыі. Вельмі дакладна і ўмела захоўвае ўласную ідэнтычнасць у культурнай прасторы. Лаканічнасць вобразнай сістэмы яго работ ідзе ад традыцыйнай манеры народных майстроў мінулых стагоддзяў. ![]() ![]() У 1990—1991 гадах прайшоў конкурс на стварэнне помніка Францыску Скарыну. У конкурсе прынялі ўдзел дваццаць мастакоў і аўтарскіх калектываў, а выйграў яго зусім малады на той час скульптар Алесь Дранец. Помнік быў адліты ў бронзе, завершаная манументальная выява першадрукара захоўвалася на Мінскім скульптурным камбінаце, а ўстаноўлена ў 2005 годзе перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Работа над вобразам Ф. Скарыны для А. В. Дранца не абмежавалася адным помнікам, ён таксама стварыў мемарыяльныя дошкі першадрукару для Народнай бібліятэкі ў Празе (Чэхія; 2001), для будынку НАН Беларусі ў Мінску. З 1992 года А. В. Дранец працаваў над помнікам «Князю Давыду — заснавальніку Давыд-Гарадка» разам архітэктарамі Л. М. Левіным, В. П. Іўлічавым, Г. Л. Левінай. Энергічны рытм у пабудове сілуэта, агульную дынаміку помніка падкрэслівае дзіда, якую трымае ў руках князь Давыд. Мастак з асаблівай дакладнасцю прапрацаваў усе дэталі, вялікую ўвагу надаў рукам, рытму складак, узору аблямоўкі на адзенні. Помнік быў адкрыты ў час святкавання 900-годдзя палескага горада 7 кастрычніка 2000 года. Эстэтычная і мастацкая каштоўнасць ансамбля забудовы цэнтра Давыд-Гарадка з помнікам князю Давыду была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за 2002 год (у аўтарскім калектыве). Важнай старонкай творчай біяграфіі А. В. Дранца стала і стварэнне помнікаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў і служачым унутраных войск, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку, у 2003 годзе ў Мінску (у суаўтарстве са скульптарам В. Антановічам) і ў 2004 годзе ў Магілёве. Памятная дошка на капліцы ў гонар Божай Маці цалкам іншая па тэме і канцэпцыі ў параўнанні з астатнімі манументальнымі работамі А. В. Дранца, тут скульптар паспрабаваў асвоіць прастору, дзе валадараць любоў і мацярынства. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі было прымеркавана да 20-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Гэтая работа была адзначана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. ![]() Сярод іншых работ мастака: помнікі «Ненароджанаму дзіцяці» ў г. Мёры Віцебскай вобласці (1997), загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам у г. Асіповічы Магілёўскай вобласці (2009), мемарыяльны знак «Да 925-годдзя Браслава» ў г. Браславе, скульптура «Мінскі гарадавы». ![]() З’яўляецца адным з аўтараў генеральнага рашэння мастацкага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У сааўтарстве распрацоўваў для бібліятэкі эксізы манументальных пано, прысвечаных абласцям Беларусі, і двух рэльефаў на тарцовых «крылах» уваходу з тэмаю славянскага і сусветнага пісьменства. У 2004 годзе разам са скульптарам Паўлам Цыбулем аднавіў на будынку МУС Беларусі скульптурную кампазіцыю Дэметры з дзецьмі. А. В. Дранец працуе і ў станковай скульптуры. Сярод ягоных работ «Сон у мармуры», «В. Дунін-Марцінкевіч» (1985), «Францішак Багушэвіч», праект помніка «Элаіза Пашкевіч» (1987), дзе вызначаецца нязменная цікавасць аўтара да партрэтных вобразаў вядомых беларускіх дзеячаў культуры, «Кірыла Тураўскі», дзе скульптар спрабуе вырашыць вобраз экспрэсіўнай пластычнай мовай. Творы знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне. Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia