Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка
Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (польск.: Aleksander Oskierka, руск.: Александр Владиславович Оскерка), 1830, маёнтак Рудакоў Рэчыцкага павета, Мінская губерня, Расійская імперыя — 11(24).1.1911, мястэчка Відзы Лаўчынскія, Нова-Аляксандраўскі павет, Ковенская губерня, Расійская імперыя, — грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, публіцыст, выдавец. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў». БіяграфіяПаходжаннеНалежаў да старажытнага каталіцкага шляхецкага роду Аскеркаў герба «Мурдэліа». Яго род некалькі пакаленняў адносіўся да рэгіянальнай эліты Мазырскага і Рэчыцкага паветаў ВКЛ. З’яўляўся праўнукам менскага кашталяна (1777—1779) графа Адама-Міхала Францавіча-Антоніевіча Ракіцкага, уласніка Брагіна. Нарадзіўся ў сям’і Уладзіслава Ігнатавіча Аскеркі (1793—не жыў у 1834) і Ядвігі Вінцэнтаўны Гечэвіч (1805—?), якая была дачкой мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча (1770—1840). Яго поўнае імя, дадзенае пры хросце, было Аляксандр Юсцініян. Бацька быў уласнікам маёнткаў Рудакоў у Рэчыцкім павеце і Раеўшчына ў Вілейскім павеце. З інвентарнага вопісу маёнтка Рудакоў, складзенага 1 лістапада 1844 г., вядома, што ён адносіўся да Рэчыцкага павета і ўключаў вёску Рудня (13 сем’яў сялян). Вопіс быў складзены на валоданне маёнткам нашчадкамі маянткоўца — Сафіі, Генрыка (Генрыка-Юсціна), Аляксандра (Аляксандра-Юсцініяна) Уладзіслававічаў Аскеркаў. У іх уладанні былі занесены і фальваркі Мокіш (27 сем’яў) і Бабчын (40 сем’яў) у Рэчыцкім павеце, што былі іх спадчынай ад іх бабкі — графіні Ізабелы Адамаўны-Міхалаўны Ракіцкай, дачкі менскага кашталяна (1777—1779) графа Адама-Міхала Францавіча-Антоніевіча Ракіцкага. Усяго ў маёнтку ў 1844 г. лічылася 7 157 дзесяцін зямлі, 492 мужскіх і 466 жаночых душ. Акрамя таго ва Уладзіслава меўся яшчэ адзін сын Іпаліт-Эдмунд Уладзіслававіч Аскерка (1825—?), які, напэўна, памёр у маленстве, калі адсутнічаў у спісе спадчыннікаў. Уладзіслаў Ігнатавіч Аскерка спачатку насіў тытул рэчыцкага падкаморыца, бо яго бацька Ігнат Ежавіч Аскерка (1758—1803), ажэнены з графіняй Ізабелай Ракіцкай, быў паслядоўна рэчыцкім гродскім суддзёй (1786—1793), рэчыцкім судовым падстаростам (1789—1795), рэчыцкім падстаростам (1797—1802), рэчыцкім павятовым падкаморым (1802—1803) і, паводле сведчання («крэдэнса») генерал-лейтэнанта і рэчыцкага судовага старосты графа Юзафа Міхалавіча Юдыцкага, яшчэ і шамбялянам (упам. 1786 г.) караля Станіслава-Аўгуста. Сам жа Уладзіслаў Ігнатавіч Аскерка ў расійскія часы быў выбраны на дваранскіх выбарах у Мінску на дваранскую пасаду засядацеля І-га дэпартамента Галоўнага Суда Мінскай губерні (упам. 1817 г.), а пазней выбіраўся на дваранскіх выбарах на пасаду рэчыцкага павятовага падкаморыя (упам. 1829 г.). Адукацыя і службаУ юнацтве Аляксандр Аскерка вучыўся ў Вільні ў «прыватным пансіёне». Скончыў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, а пасля гэтага ў 1853—1857 служыў у грэнадзёрскім палку імя (прускага) караля Фрыдрыха-Вільгельма, быў на варце балтыйскіх берагоў падчас Крымскай вайны (1853—1855). Звольніўся з вайсковай службы «па хваробе» у рангу паручніка і пасяліўся ў сваім спадчынным маёнтку Раеўшчына ў Вілейскім павеце (маёнтак Рудакоў у Рэчыцкім павеце пасля смерці бацькі па спадчыне перайшоў да старэйшага яго брата Генрыка Уладзіслававіча Аскеркі) і пачаў кар’еру грамадскага дзеяча. Праца над сялянскай рэформайВылучаўся ліберальнымі поглядамі, падчас падрыхтоўкі сялянскай рэформы па адмене прыгону працаваў з 30 жніўня 1858 г. у Мінскім губернскім камітэце па сялянскіх справах (1858—1861) — быў не выбраны дваранамі ад павета, а прызначаны мінскім губернатарам (1858—1861) Эдуардам Келерам у камітэт (разам з маянткоўцам Мінскага павета графам Фларыянам Ржавускім) у ліку двух прадстаўнікоў ад губернскай улады. Браў удзел у працы рэдакцыйных камісій у Санкт-Пецярбургу, а з 1861 г. працягваў рыхтаваць умовы правядзення сялянскай рэформы ўжо ў Вільні — быў членам установы па сялянскіх справах. Як і многія дваране-маянткоўцы літоўска-беларускіх губерняў, якія распрацоўвалі праект сялянскай рэформы для цара, быў праціўнікам надзялення сялян зямлёй пасля адмены прыгону. У друку прапагандаваў ідэю земскага крэдыту. Быў супрацоўнікам Віленскай археалагічнай камісіі і камісіі, якая займалася апекаю над дзецьмі. Удзел у Студзеньскім паўстанні (1863—1864)Напярэдадні Студзеньскага паўстання (1863—1864) увайшоў у склад групоўкі «белых» і стаў адным з яе актыўных кіраўнікоў у Літве і Беларусі. У газеце «Kurier Wileński» прапагандаваў неабходнасць стварэння сельскіх школ і бібліятэк для беларускага, польскага і літоўскага насельніцтва, якое пражывала ў Віленскай губерні. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне «тыражом кнігарні Цэльса Лявіцкага ў будынку Тэатра» у друкарні К. Кавалеўскага беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў». На 40 старонках брашуры змяшчаўся алфавіт, азы арыфметыкі і асноўныя рэлігійныя павучанні, сярод якіх: «Старайся, каб дзеткі твае вучыліся <…> чытаць і пісаць». Відавочна, пасля апублікавання Маніфесту 19 лютага 1861 г. аб адмене прыгону, каб забяспечыць эканамічныя інтарэсы шляхты ад яго стратных наступстваў, Аскерка стварыў і ўзначаліў Літоўскае земскае крэдытнае таварыства (ЛЗКТ). Меркавалася, што членамі яго стануць усе дваране-землеўладальнікі літоўска-беларускіх губерняў і такім чынам у рамках арганізацыі, непадкантрольнай дзяржаве, будуць аб’яднаныя землі і фінансы краіны. Гэта, побач з чаканым дыпламатычным ціскам з боку Велікабрытаніі і Францыі, быў адзін з тых мірных спосабаў дасягнення незалежнасці ад Расійскай імперыі, на якія спадзяваліся члены групоўкі «белых» у Літве і Беларусі. Гісторык С. П. Марозаў падаў архіўныя звесткі, паводле якіх ЛЗКТ, магчыма, не ад самога заснавання, але было сапраўдным цэнтрам падрыхтоўкі паўстання, а ў выпадку яго перамогі стала б гатовым урадам для адноўленага Вялікага Княства Літоўскага. Даследчык прывёў меркаванне нейкага чыноўніка з царскай адміністрацыі С. Крэйца, які ў другой палове 1860-х гг. рыхтаваў да выдання выкрывальныя матэрыялы пра Аляксандра Аскерку: «если разобрать деятельность этого мирного революционера [Оскерки] и его намерения, они окажутся несравненно выше всех подвигов Сераковских, Звиждовских и Калиновских. Пресловутый воевода Сераковский просто приехал на готовое уже восстание, которого ни повести, ни поддержать не сумел. Калиновский <…> это был полусумасшедший человек, одарённый сильною волею, известной дозой ума и так называемой мужицкой хитростью <…>. Он стремился к осуществлению какой-то идеальной Литвы из простого народа <…>». Гэта ацэнка праціўніка. А вось характарыстыка Якуба Гейштара (1827—1897), які быў знаёмы з Аскеркам з 1846 г. і моцна паўплываў на яго погляды. З урыўка становіцца зразумелым, чаму кандыдатура Аскеркі афіцыйна прапаноўвалася ў будучы Нацыянальны ўрад.
. Той жа Якуб Гейштар заўважаў яшчэ, што Аскерка «доўгі час не быў для грамадства сімпатычны, пакуль шчырай працай, адданасцю справе не пераканаў усіх у сваёй высакароднай душы і вялікай карыснасці». У канцы лютага 1863 г. увайшоў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў ваеннымі справамі і быў паўстанцкім начальнікам Вільні. Не падтрымліваў радыкальна-рэвалюцыйнай праграмы групоўкі «чырвоных». Лідар «чырвоных» Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі (1838—1864) некаторы час быў адным з яго памочнікаў, а пасля заняў яго месца. Аскерка быў арыштаваны 31 мая (12 чэрвеня) 1863 г. царскімі ўладамі. На допытах істотных паказанняў не даў. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ў 1863 г. пасля рэвізіі прысуду на 15 гадоў сібірскай катаргі з пазбаўленнем статуса двараніна («прав состояния») і канфіскацыяй маёнтка. Быў адпраўлены да саляварняў Усолі ў Іркуцкай губерні. Яго брат Генрык Уладзіслававіч Аскерка (1827—1866), паводле слоў Якуба Гейштара (1827—1897), выконваў функцыі паўстанчага начальніка Рэчыцкага павета, быў арыштаваны і знаходзіўся ў зняволенні ў Мінску ў гарадской турме («Пішчалаўскім замку»), але пазбег пакарання дзякуючы прыкрываючай пазіцыі падчас следства вязненага Баляслава Пятровіча Свіды (1822—1897), паўстанчага начальніка Рэчыцкага, Пінскага і Мазырскага паветаў. Але, верагодна, Генрых ніколі рэальна не прымаў функцый паўстанчага кіраўніка Рэчыцкага павета. Жыццё ў сібірскай ссылцыУ сібірскую ссылку за Аляксандрам Аскеркам добраахвотна паехала яго нявеста Тэадора (Тэадозія) Карлаўна-Рафалаўна Грабоўская (заручаная з ім у час паўстання), дачка Касыльды Цяльшэўскай і пружанскага апеляцыйнага суддзі (1826), лідскага апеляцыйнага суддзі (1837) Караля-Рафала Феліцыянавіча Грабоўскага, уласніка маёнткаў Планты і Вялікага Мажэйкава. (Караль-Рафал Феліцыянавіч Грабоўскі быў сынам Феліцыяна Грабоўскага, пружанскага павятовага маршалка (1795—1798), далёкага сваяка Тадэвуша Касцюшкі). Там жа ў Сібіры ва Усолі адбыўся іх шлюб. Сціплую цэрымонію каталіцкага абраду выканаў ксёндз-катаржнік. Тэадора мужна падзяляла з Аляксандрам лёс выгнання. Аскерка быў паважаным чалавекам і сярод зняволеных і пасяленцаў; абраны імі за старасту, усяляк дамагаўся паляпшэння ўмоў знаходжання людзей у месцах адбыцця пакарання. Царскім маніфестам катарга была заменена на пасяленне і Аскеркам з дзецьмі далі магчымасць перабрацца ў Іркуцк. У дарозе, аднак, здарылася бяда — памёр іх маленькі сын. Вяртанне з Сібіры![]() У 1868 г. Аскерку было дазволена вярнуцца ў еўрапейскую частку імперыі, але толькі не ў літоўска-беларускія губерні. Праз год сям’я дабралася да Салікамску ў Пермскай губерні, яшчэ праз два — да Екацярынаславу (сучасны Дняпро). З 1872 г. Аляксандр Аскерка з жонкай і дачкой Ядвігай жыў у Варшаве, дзе пасля нарадзіліся яшчэ Сафія і Марыя. Рэдагаваў часопіс «Ateneum» і публікаваў артыкулы па сацыяльна-эканамічнай праблематыцы. ![]() У 1882 г. купіў на імя жонкі пляц на паўднёвым адхоне вуліцы Гарматная Гара ў санаторна-курортным горадзе Налэнчаў і пабудаваў у 1882—1885 гг. там драўляную вілу «Падгор’е» (Podgórze), у якой жыў улетку з сям’ёй, а таксама здаваў пакоі пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт Антон Адынец, які ў свае маладыя гады быў сябрам Адама Міцкевіча і Яна Чачота, і ветэраны паўстання 1863—1864 гадоў. У 1884 г. заўчасна памерла аслабленая сібірскімі выпрабаваннямі Тэадозія. Аскерка атрымаў дазвол ад варшаўскага генерал-губернатара на пераезд у родную краіну — у Вільню, дзе ў 1885—1904 гг. служыў дырэктарам мясцовага філіяла Варшаўскага таварыства страхавання ад агню. У 1885 г. сваю драўляную вілу «Падгор’е» прадаў доктару Каралю Бену, які зрабіў там пансіянат, дзе адпачывалі ў свой час Баляслаў Прус, Антон Адынец, Генрык Сянкевіч, Ян Карловіч, Мечыслаў Карловіч і інш.[2] ![]() Паводле ўспамінаў свайго ўнука Андрэя Раствароўскага (1899—1980), сына сярэдняй дачкі Сафіі Аляксандраўны Аскеркі (1873—1953) і вядомага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928) (паводле яго праекту ў 1905—1906 гг. у Рудакове пабудаваны сядзібны дом з чырвонай цэглы, рэшткі якога можна бачыць і сёння), у гэты перыяд дзед найчасцей гасцяваў у нараўлянскім палацы[3] ў старэйшай дачкі Ядвігі Аляксандраўны Горват (з Аскеркаў), жонкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Напэўна, Аляксандр Аскерка заязджаў і ў Рудакоў да пляменніцы Алены з Аскеркаў Ваньковіч, дачкі Генрыка Уладзіслававіча Аскеркі. Астатнія ж гады жыцця Аляксандр Аскерка правёў[3] у малодшай дачкі — Марыі Аляксандраўны з Аскеркаў Мінейкі (1878—1961), жонкі Уладзіслава Мінейкі (1876—1953), у маёнтку Відзы Лаўчынскія ў Ковенскай губерні, што ў сучасным Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Памёр па афіцыйных дадзеных 11 (24) студзеня 1911 г., хоць паводле сведчанняў Андрэя Раствароўскага, памёр Аляксандр Аскерка на Вялікдзень (Пасху). ![]() Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Як сведчылі сучаснікі, пахаванне Аляксандра Аскеркі, апошняга прадстаўніка былога паўстанцкага ўрада, нягледзячы на паліцэйскі і ваенны кардон, ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфестацыю грамадскасці Вільні. Ушанаванне памяціХоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў 1911 г. у Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам (1866—1935) у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку вакол нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[4]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia