Андрэй Вадзімавіч Дапкюнас
Андрэ́й Вадзі́мавіч Дапкю́нас (11 красавіка 1963, Мінск) — беларускі дыпламат, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Славеніі (з 2020). БіяграфіяНарадзіўся 11 красавіка 1963 года ў Мінску, паходзіць з інтэлігентнай сям’і. Яго бацька — вядомы тэатральны дзеяч, працаваў у Міністэрстве культуры, Купалаўскім тэатры; маці Жанна ўзначальвала музей Янкі Купалы. Маці з’яўляецца ўнучатай пляменніцай паэта Купалы. Прабабуляй Андрэя Дапкюнаса была Леакадзія (Лёля) Раманоўская — родная сястра паэта[1]. У 1985 годзе скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1989—1990 гадах у якасці аспіранта-даследчыка навучаўся ў Лонданскай школе эканомікі. Абараніў дысертацыю «Палітычная культура моладзі Вялікабрытаніі» у Беларускім дзяржаўным універсітэце[2]. Кандыдат філасофскіх навук (1991). На дыпламатычнай службе з 1992 года. Працаваў другім сакратаром у Пастаянным прадстаўніцтве Рэспублікі Беларусь пры ААН у Нью-Ёрку (1992—1994) і на розных кіраўнічых пасадах у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. На працягу амаль 10 гадоў (1995—2004) кіраваў амерыканскім рэгіянальным падраздзяленнем Міністэрства замежных спраў Беларусі. З 2004 года па люты 2011 года быў Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый[3][4]. 13 снежня 2011 года зноў прызначаны кіраўніком беларускай дыпламатычнай місіі пры ААН у Нью-Ёрку[5]. У 2006 годзе працаваў старшынёй Выканаўчага савета Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ)[6]. У 2008 годзе з’яўляўся намеснікам старшыні Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН (ЭКАСАС)[7]. Быў першым прадстаўніком Рэспублікі Беларусь, які звярнуўся да Генеральнай Асамблеі ААН на беларускай мове[8]. 7 жніўня 2017 года быў вызвалены з пасады прадстаўніка Беларусі пры ААН[9] і прызначаны на пасаду намесніка міністра замежных спраў[10]. 20 ліпеня 2020 года быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Славеніі; Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене і па сумяшчальніцтве пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ)[11]. 21 кастрычніка 2024 года быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Славакіі па сумяшчальніцтве[12]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia