Міграцыйны крызіс на мяжы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам (2021)![]() ![]() ![]() Міграцыйны крызіс на мяжы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам пачаўся ў 2021 годзе і быў справакаваны арганізаваным прыбыццём імігрантаў з Ірака, Афганістана і іншых краін Блізкага Усходу, а таксама Афрыкі праз беларуска-літоўскую[1][2][3], беларуска-польскую і беларуска-латвійскую граніцу[4]. У 2021 годзе беларускія ўлады перасталі спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваліся ў Еўрапейскі Саюз спачатку праз тэрыторыю Літвы, Латвіі, а пазней таксама і Польшчы. Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Уладзімір Макей прызналі, што падтрымка трансгранічнай перакідкі нелегальных мігрантаў з’яўляецца адказам на санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступныя рэпрэсіі[3][5]. Дзяржаўная памежная служба Польшчы паведаміла, што ў 2021 годзе польска-беларускую мяжу спрабавалі незаконна перасячы 39,7 тысяч разоў[6]. Згодна інфармацыі Федэральнай паліцыі ФРГ за 2021 год у Германію праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы прыбылі 11,2 тыс. нелегальных мігрантаў, да канца года іх колькасць стала зніжацца[7]. 14 студзеня 2022 года Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што паток мігрантаў, якія адпраўляюцца ў Беларусь, спыніўся[8]. Збольшага міграцыйны крызіс у 2022 годзе скончыўся. Дзясяткі мігрантаў, якія ў 2022 годзе штодзень нелегальна спрабавалі перасекчы мяжу Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, перасталі быць палітычнай праблемай. ПерадгісторыяУ 2015 годзе ў Еўропе пачаўся найцяжэйшы міграцыйны крызіс. Асноўны паток ішоў з Сірыі і Афганістана, значную долю склалі выхадцы з Ірака і Лівіі. Прыкладна 25 % прыбылі з афрыканскага кантынента[9]. Раней у краінах Блізкага Усходу і Афрыкі ўспыхнуў шэраг буйных ваенных канфліктаў, якія суправаджаліся цяжкай эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыяй. Некалькі мільёнаў чалавек вымушаны былі бегчы за мяжу. Асноўны ўдар прынялі на сябе Заходняя, Цэнтральная і Паўночная Еўропа. Прыток бежанцаў у Прыбалтыку і Польшчу быў мінімальны[10][11]. Шмат у чым нелегалаў стрымлівалі беларускія пагранічнікі, якія затрымлівалі парушальнікаў яшчэ на сваёй тэрыторыі[12]. У 2020 годзе ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле ЦВК, перамогу на іх атрымаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый. Краіны Еўрапейскага Саюза, у тым ліку Літва, Латвія і Польшча, падтрымалі пратэстуючых, што пагоршыла іх адносіны з беларускім рэжымам. Ход падзейУвесну 2021 года, на фоне пагаршэння адносін з Беларуссю (санкцыі і да т. п.), Літва заявіла аб росце колькасці нелегальных мігрантаў, якія пачалі пранікаць у краіну праз беларуска-літоўскую граніцу. У ліпені 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па прычыне санкцый Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Еўрасаюза. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень 2021 — звыш 4,2 тысячы чалавек з краін Азіі і Афрыкі. Затым напружанне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча. Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю. У Літве ў лагерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся збегчы. Улады Польшчы з верасня распачалі затрыманні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краін Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, якія маюць від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза. У вялікай колькасці мігранты прыбывалі ў Беларусь з краін Блізкага Усходу. 7 жніўня 2021 года, пад ціскам Еўрасаюза і ЗША, Ірак прыпыніў усе пасажырскія рэйсы ў Беларусь з-за наплыву нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза з боку Беларусі[13]. 30 верасня ПАСЕ катэгарычна асудзіла практыку вяртання мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім не можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў. 6 лістапада, каб спыніць рост колькасці мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, рашэннем МЗС Ірака былі закрыты Генеральнае консульства Беларусі ў Багдадзе і Ганаровае консульства ў Эрбілі. Прычынай закрыцця дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі стала спрашчэнне візавых працэдур для грамадзян Ірака[14]. Да 8 лістапада ў Беларусі, недалёка ад мяжы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Раніцай гэтага дня сотні людзей рушылі ў бок дзяржаўнай мяжы паблізу пункта пропуска «Брузгі». Не дайшоўшы 300 метраў да памежнага пераходу, сілавікі накіравалі калону ў лес. Прэс-сакратар міністра-каардынатар спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын назваў гэта найбуйнейшай спробай сілавога ўварвання ў Польшчу[15]. Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак паведаміў, што на мяжы нясуць службу больш за 12 тыс. жаўнераў, таксама быў павышаны стан баявой гатовасці Войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы[16]. Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны. А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвенняў, рыдлёвак і кусачак. Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузніца», але там іх спынілі польскія памежнікі[17]. Паводле Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі ад 8 лістапада, перад польскімі агароджамі на лініі мяжы знаходзіцца больш за 2 тыс. уцекачоў[18]. Паводле розных ацэнак польскага боку, іх колькасць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпламатычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданні мігрантаў у Беларусь. 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеянні супраць Польшчы». З’явіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі не толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу. Ад раніцы 9 лістапада польскі бок прыпыніў дзейнасць памежнага пераходу ў Кузніцы[19]. Літоўскі бок 9 лістапада паведаміў, што ўначы больш за 500 мігрантаў з групы на польскай граніцы былі перакінутыя на беларуска-літоўскую граніцу каля Гродна. Літоўскі Кабінет міністраў узгадніў увядзенне ў памежных з Беларуссю раёнах рэжыму надзвычайнага становішча з 10 лістапада на 1 месяц[20]. Неўзабаве Сейм зацвердзіў гэтае рашэнне[21]. 11 лістапада Федэральная паліцыя Германіі заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзіту. Ноч з 15 на 16 лістапада група з некалькіх тысяч мігрантаў правяла на беларуска-польскім памежжы ў пункце пропуску «Брузгі» (Гродзенскі раён). Наступным днём яны сабраліся перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў, і пачалі спробу прарыву, якая скончылася беспаспяхова[22]. Ад пападанняў розных прадметаў, у тым ліку камення, было паранена 7 польскіх паліцэйскіх[23]. Беларускія медыкі аказваюць дапамогу пацярпелым ад слёзатачывага газу і вадамётаў бежанцам і журналістам[24]. Бежанцы ўладкоўваюцца ў лагістычным цэнтры на граніцы[25]. У ноч на 17 лістапада 2021 года Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі размясціў у транспартна-лагістычным цэнтры каля пункта пропуску «Брузгі» палову з 2000 іракскіх курдаў[26], якія прыбылі да беларуска-польскай мяжы за 9 дзён[27]. Частка людзей, якія затрымаліся на мяжы, засталася начаваць на адкрытай тэрыторыі ля пункта пропуску, іншая — у стыхійным лагеры[28]. 18 лістапада, як паінфармаваў Дзяржпагранкамітэт Беларусі, усе бежанцы са стыхійнага лагера на беларуска-польскай мяжы паблізу пункта пропуску «Брузгі» перамясціліся на тэрыторыю транспартна-лагістычнага цэнтра з прычыны ўмоў надвор’я, якія рэзка пагаршаюцца і пагрозы для жыцця, асабліва дзяцей[29]. З Мінска вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак[30]. На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сірыю ў лістападзе-снежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў. У лістападзе беларускія ўлады казалі пра 7 тысяч чалавек у Беларусі (з якіх 2 тыс. у «Брузгах»), польскія — пра 13-14 тыс. чалавек, украінскія — пра каля 16 тыс. чалавек. Польшча, Літва і Латвія з таго часу не прымалі значныя колькасці мігрантаў да сябе, але некаторых парушальнікаў памежнага рэжыму затрымлівалі. З таго часу Беларусь на самалётах пакінулі каля 4 тыс. мігрантаў.
6 студзеня 2022 года Юрый Караеў, які курыруе пытанні бяспекі і размяшчэння бежанцаў у гандлёва-лагістычным цэнтры ў Гродзенскай вобласці, расказаў, што яны не маюць намеру заставацца там назаўжды і па-ранейшаму імкнуцца трапіць у ЕС[31]. Станам на 18 студзеня каля 500 асобаў застаюцца ў лагістычным цэнтры[32]. 22 сакавіка 2022 года спыніў работу пункт размяшчэння бежанцаў у «Брузгах», усе іншаземцы, якія знаходзіліся тут, пакінулі яго[33]. У лютым 2023 года супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Мінскага РУУС пры падтрымцы АМАПа ў Міханавічах выявілі групу нелегальных мігрантаў. Былі затрыманыя 94 чалавекі: грамадзяне Алжыра, Афганістана, Егіпта, Емена, Ірака, Сірыі, Марока і Пакістана, якія прыбылі з Расіі і планавалі паехаць у Заходнюю Еўропу[34]. РэакцыяПрэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасць, што сцэнарый «гібрыднай агрэсіі» супраць Еўрасаюза быў распрацаваны Мінскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой. Прэс-сакратар спецслужб Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасня заявіў, што 20 % затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расіяй, пра што сведчаць знойдзеныя доказы. 30 верасня ПАСЕ катэгарычна асудзіла практыку вяртання мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім не можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў. 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеянні супраць Польшчы». З’явіўся шэраг відэадоказаў з доказамі, што беларускія памежнікі не толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псіхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям. 10 лістапада еўрадэпутат Радослаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Аляксандра Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Новая кіраўніца МУС Германіі Нэнсі Фэзер 9 снежня назвала «скандальным і бесчалавечным» выкарыстанне Мінскам мігрантаў як інструмента ў канфлікце з Еўрапейскім Саюзам. Яна заявіла, што Аляксандр Лукашэнка эксплуатуе людзей, якія знаходзяцца ў гаротным становішчы, дзеля дасягнення ўнутрыпалітычных мэт[35]. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia