Беларусы ў грамадзянскай вайне ў АнголеБеларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, будучы часткай Савецкага Саюза, была ўцягнута ў ангольскі канфлікт. Немалая колькасць этнічных беларусаў, ураджэнцаў краіны розных нацыянальнасцяў і вайскоўцаў БВА прынялі ўдзел у гэтых падзеях у ролі ваенспецаў і ваенных саветнікаў на баку МПЛА. АглядПа даных навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі і кандыдата гістарычных навук Аляксандры Кузняцовай-Ціманавай, на 2020 год вядомы імёны 167 удзельнікаў ангольскіх падзей, якія маюць дачыненне да краіны: ураджэнцы, беларусы па нацыянальнасці, грамадзяне Рэспубліка Беларусь з 1991 года. Па звестках, атрыманых з абласных і раённых ваенных камісарыятаў і ўласна ветэранаў вайны, у самой дзяржаве іх пражывала 145 чалавек. Сярод загінулых савецкіх вайскоўцаў прадстаўнікоў Беларусі выяўлена 6; трое пахаваны на тэрыторыі краіны, адзін – у Падмаскоўе, адзін – у Ленінградскай вобласці, адзін – у Крыме[1]. З устаноўленых 145 імёнаў — 3 радавыя (1 матрос, 2 салдаты-вадзіцелі), 2 сяржанты (вадзіцелі), 1 старшына, 8 прапаршчыкаў. Сярод афіцэраў — 41 ваенны саветнік 37 ваенных спецыялістаў, 16 перакладчыкаў. Іншыя 31 — камандзір часці Ан-22, начальнік сківічна-тваравага аддзялення шпіталя, тэрапеўт палявога шпіталя, начальнік медслужбы вайсковай часці ангольскай арміі, тэхнікі і бортінжынеры, начальнік групы авіяпалка, 2 намеснікі камандзіра эскадрыллі. Савецкіх баявых узнагарод удастоены 31 чалавек, ангольскіх — 2. Таксама ёсць узнагароджаныя кубінскімі ўрадавымі ўзнагародамі. Паводле Рэспубліканскай кнігі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на 2024 год, пазначана колькасць ў 127 удзельнікаў вайны (2 загінула)[2]. Катэгорыі і імёныУ 1976–1977 гг. на пасадзе галоўнага ваеннага саветніка знаходзіўся генерал-лейтэнант Ілля Панамарэнка (Мінск). У 1977–1980 гг. гэту пасаду займаў генерал-лейтэнант, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Шахновіч (Сярагі, Слуцкі раён). Характэрна, што да Анголы ён займаў аналагічную пасаду пры кантынгенце савецкіх ваенспецаў у Самалі. Як адзначалася на сайце арганізацыі «Саюз ветэранаў Анголы», менавіта Шахновічам была закладзена аснова ўрадавай арміі, сфармаваны структура і ўзбраенне, створаны паўнавартасны Генеральны штаб, ваенныя акругі і штабы акруг, сфарміраваны пяхотныя і механізаваныя брыгады, канчаткова аформіліся віды Узброеных Сіл[3]. З Беларускай ваеннай акругі ў Анголу ў якасці саветнікаў у розныя гады накіроўваліся прадстаўнікі ад: арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення (АМУ) Міхаіл Нікалаеў і Васіль Цярэшчанка; артылерыі Пётр Бандарэнка, Валерый Барабаш, Анатоль Давыдоўскі; супрацьпаветранай абароны Валерый Сінянскі; ваенна-паветраных сіл Станіслаў Душанкоўскі, Іосіф Важнік (загінуў у баі 27 жніўня 1981 г.), Міхаіл Жарнасек (загінуў у авіякатастрофе 25 лістапада 1985 г.), Аляксандр Зайцаў (старшы выкладчык Ваеннай акадэміі УС Анголы). Ураджэнцы краіны і будучыя грамадзяне незалежнай рэспублікі накіроўваліся таксама з іншых ваенных акруг, як, напрыклад, Сяргей Бакун (працаваў з кубінскім кантынгентам ад ВПС СССР) і Уладзімір Альтшулер[4]. Як ваенспецы з БВА ў Анголе служылі Валянцін Авілаў ад АМУ (апошнія месяцы камандзіроўкі выконваў абавязкі ваеннага саветніка); Уладзімір Міхальчык ад танкавых войск; Віктар Бойка, Мікалай Аўчароў, Аляксандр Марозаў ад СПА; Віктар Магонаў ад войск сувязі. З іншых ваенных акруг — Аляксандр Развянкоў, Віктар Чарнянкоў, Валянцін Стасюкевіч ад ВПС; Міхаіл Паўлаў ад ПДВ; Юрый Марозаў, Генадзь Сергіенка ад СПА[4]. Апошні, гарадзенец, удзельнічаў у бітве пры Куіта-Кванавале[5]. У якасці авіяспецыялістаў у «гарачай кропцы» пабывалі Сяргей Лук’янаў (лётчык, камандзір экіпажа самалёта Ан-12 бартавы нумар 11747 Джанкойскага палка ВТА ВПС, які быў збіты 25 лістапада 1985 г.; загінуў), Барыс Собалеў (старшы інжынер самалётаў Ан-22 «Антэй»), Ігар Харын (борттэхнік па авіяцыйным і дэсантным абсталяванні самалётаў Ан-12). Ураджэнцы краіны таксама знаходзіліся сярод прадстаўнікоў ВМФ СССР, як, напрыклад, Пётр Ракіцкі (старшына 1 артыкула, эсмінец «Настойчывы»), Уладзімір Лякін (капітан 3 рангу на момант камандзіроўкі, служыў у пункце МТА), Павел Астровік (капітан 2 рангу на момант камандзіроўкі, таксама служыў у пункце МТА). Як мінімум адзін выхадзец Беларусі знаходзіўся ў Анголе падчас нясення тэрміновай службы. Ім быў Віктар Раманюк (Іванаўскі раён; служыў у правінцыі Уіла прыблізна ў 1985–1987 гг.)[4]. Досыць шматлікай групай сталі перакладчыкі як грамадзянскіх, так і ваенных ВНУ. У ліку выпускнікоў паскораных курсаў партугальскай мовы Ваеннага інстытута замежных моў у зоне канфлікту апынуліся Анатоль Аляксееўскі, Уладзімір Кастрачэнкаў, Ігар Ждаркін, Аляксандр Грыгаровіч, Пётр Іваноўскі, Міхаіл Маргелаў і Мікалай Захарчэня (усе яны, акрамя Аляксееўскага, у будучым узялі грамадзянства Расіі). У сваю чаргу ад Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў працавалі Сяргей Баягін, Сяргей Дзямідчык, Аляксандр Хаванскі, Ігар Кавалевіч, Аляксандр Шлык, Сяргей Ерашоў, Алег Грыцук, Аляксандр Штукін і Андрэй Хаткевіч[4]. Пасля 1992Адзін з беларусаў, І. Ждаркін, у 1996–1998 гг. паўторна прыбыў у Анголу як перакладчык міратворчых сіл ААН ад Расіі[6]. З 1993 года Рэспубліка Беларусь пачала пастаўкі ўзбраення ангольскай арміі. Першапачаткова ўрадавыя войскі купілі 21 БМП-1[7]. У 1998-м дзяржава набыла 28 адзінак беларускіх БМП-2. У 1999 годзе Ангола атрымала 62 Т-55, 22 Т-72, 62 БМП-2, 24 РСЗА БМ-21, 12 буйнакаліберных артсістэм 2С7 «Піён», 12 гаўбіц Д-30, 15 самалётаў МіГ-23 і 2 Су-22, у 2000 годзе — 1 Су-24 МК[8]. У мастацтвеГрамадзянская вайна, а менавіта ўдзел савецкіх спецыялістаў у канфлікце, знайшла сваё адлюстраванне ў вершы беларуса С. Ерашова. Твор запісаны яго калегам І. Ждаркіным у 1988 годзе[9].
Гл. таксамаЗноскі
Літаратура
Мемуары
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia