Беларусы ў лівійскім канфлікце
Падчас грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 2011 года ў Лівіі прадстаўнікі паўстанцаў, рабочая група ААН і шматлікія СМІ неаднаразова заяўлялі аб дапамозе ўрадавай арміі Муамара Кадафі з боку беларускіх ваенных саветнікаў і наймітаў. Урад Беларусі афіцыйна адмаўляў падобнага роду інфармацыю. Меркаванне ваенных і палітычных аналітыкаў па пытанні беларускага ўдзелу ў канфлікце адрозніваюцца. Адны спасылаліся на слабую доказную базу і магчымую інфармацыйную вайну. Іншыя дапускалі дадзены факт, абгрунтоўваючы яго наяўнасцю моцных даваенных сувязяў дзвюх краін і распаўсюджваннем практыкі найміцтва ў асяроддзі былых вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі. Так ці інакш, але па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з рэжымам Кадафі лівійскімі баевікамі захоплены чацьвёра беларусаў, якія былі вызвалены намаганнямі дыпламатаў і спецслужбаў. Паралельна гэтаму праходзіла інфармацыя аб удзеле наймітаў з Чорнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Усходняй Еўропы, у тым ліку грамадзян такіх краін як Румынія, Сербія, Украіна, Казахстан і Расія[1]. Паслугамі розных замежнікаў карысталіся што ўлады, што і паўстанцы. УводзіныДаваеннае становішчаУ 2000-х гадах адбылася актывізацыя адносін паміж Беларуссю і Лівіяй, у тым ліку па ваенным кірунку. 3 лістапада 2008 года тагачасны міністр абароны Леанід Мальцаў падчас сустрэчы ў Мінску са старшынёй Усеагульнага часовага камітэта абароны Абу Бакрам Юнісам Джаберам падкрэсліў, што «Лівія з’яўляецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі». Праз год, 16 снежня 2009-га, у Трыпалі з афіцыйным візітам прыехала беларуская дэлегацыя на чале з новым кіраўніком ваеннага ведамства Юрыем Жадобіным. Тады паміж бакамі быў заключаны пратакол аб супрацоўніцтве ў ваеннай галіне[2][3]. У той жа час на вучэнні «Захад-2009» у Беларусь прыязджаў малодшы сын Кадафі, Хаміс, камандзір элітнай 32-й брыгады лівійскай арміі[2][3]. У чэрвені 2010 года лівійскія вайскоўцы прынялі ўдзел у вучэннях з беларускай 11-й асобнай механізаванай брыгадай са Слоніма, якія праходзілі на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі[4]. Як заяўляў саветнік пасольства Беларусі ў Трыпалі Георгій Грамыка, да грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ў краіне быў размешчаны кантынгент з 500 беларускіх ваенных саветнікаў, інструктараў і спецыялістаў, але з пачаткам баявых дзеянняў частку з іх эвакуявалі. Аднак са слоў ваеннага аташэ Ігара Качугіна, афіцыйна ў краіну вайскоўцы не накіроўваліся. Тым не менш ён не выключыў, што хтосьці мог заключыць індывідуальныя кантракты з лівійскімі сілавымі структурамі[1]. Пазіцыя па канфлікцеРэспубліка Беларусь стала адной з нямногіх краін, якія падтрымалі Кадафі, не прызналі паўстанцкі Нацыянальны пераходны савет і асудзілі дзеянні блока НАТА. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў заявіў[5]:
21 красавіка 2011 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту краіны, у якім раскрытыкаваў асвятленне заходнімі СМІ лівійскага канфлікту. Таксама ён згадваў пра размову з Кадафі, з якім стэлефанаваўся падчас баявых дзеянняў. Са слоў прэзідэнта, лівійскі лідар таксама застаўся незадаволеным фэйкамі ад СМІ[6]. Даведаўшыся пра забойства Муамара Кадафі, Лукашэнка сказаў наступнае[7]:
Як адзначыў палітолаг Сяргей Богдан у эфіры праграмы «Итоги дня» на «Радыё Свабода», забойства лівійскага лідара для беларускага кіраўніцтва было шокам[8]. Удзел у канфлікцеПаведамленні і абвінчаванні15 лютага, па даных SIPRI, з Баранавічаў у Себху вылецеў транспартнік Іл-76. Самалёт меркавана вёз зброю для войск Кадафі[9]. У канцы лютага амерыканскае разведвальна-аналітычнае агенцтва Stratfor са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што ў расправах над апазіцыяй прымалі ўдзел выхадцы з Усходняй Еўропы[3] — у прыватнасці, з Беларусі, Украіны, Сербіі і Румыніі[10]. Тэлеканал CNN паказаў відавочцаў, якія казалі, быццам у джыпах з АК-47 на плячы раз’язджалі людзі «з усходнееўрапейскай знешнасцю»[3]. Замежныя байцы пілатавалі баявую авіяцыю, абстрэльваючы апазіцыю, а таксама праводзілі патруляванне і зачыстку вуліц на аўтамабілях[10]. 6 красавіка выдавецтва «Камсамольская праўда» выпусціла артыкул аб удзеле ў баявых дзеяннях у Лівіі на баку Кадафі беларускіх ваенных саветнікаў. Рэдакцыя пісала, што замежнікі займаліся падрыхтоўкай лівійскіх сілавікоў, рамонтам і эксплуатацыяй тэхнікі. Яны не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але пастаянна знаходзіліся на лініі фронту. Паведамлялася і пра наймітаў з індывідуальнымі кантрактамі, і пра дзейных вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі. Сярод спецыялістаў былыя байцы 334-га атрада са складу 5-й асобнай брыгады спецпрызначэння. Некаторыя з іх, як мяркуецца, праходзілі падрыхтоўку на расійскіх базах спецназа і ўдзельнічалі ў вайне ў Аўганістане. Ваенспецы пераканалі лівійцаў аддаць перавагу ўзброеным пікапам замест бранятэхнікі, а таксама ўнесці ў тактыку некаторыя элементы партызанскай вайны, тым самым знізіўшы эфектыўнасць авіяўдараў НАТА і павялічыўшы мабільнасць арміі. Дзякуючы іх садзейнічанню, у канцы сакавіка—пачатку красавіка войскі Кадафі нават змаглі перайсці ў контрнаступленне на ўсходзе краіны. Рэдакцыя звязалася з нейкім Міхаілам, адным з беларускіх наймітаў. Ён паведаміў, што яго зарплата ў Лівіі складае 3000 долараў. Паводле інфармацыі суразмоўцы, пры ўрадавых узброеных сілах знаходзяцца некалькі сотняў беларусаў[1]. 8 красавіка кіраўнік рабочай групы ААН па выкарыстанні наймітаў Хасэ Луіс Гомес дэль Прада паведаміў аб наяўнасці мноства доказаў выкарыстання Кадафі замежных байцоў. Большасць, па яго словах, з’яўляліся афрыканцамі, аднак, верагодна, сярод іх меліся і беларусы[11]. Ізноў пра беларускі ўдзел загаварылі ў жніўні—верасні, калі з’явілася інфармацыя аб прысутнасці беларусаў, у тым ліку снайпераў[12], на паўночным захадзе краіны, дзе яны маглі ўступіць у прамыя сутыкненні са спецпадраздзяленнямі НАТА, ААЭ і Катара[13]. Ібрагім Абдэль Магід, адзін з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнага пераходнага савета, заявіў, што апазіцыя была праінфармавана з «некаторых крыніц разведкі» аб прыбыцці на дапамогу кадафістам снайпераў розных еўрапейскіх нацыянальнасцяў, у тым ліку ўкраінцаў, беларусаў і іншых. Група ўвайшла ў Лівію праз порт Нуфейда ў Тунісе, пасля чаго перамешчана ў Трыпалі[12]. Акрамя таго, як паведамлялася, лівійскія паўстанцы выявілі ў будынку спецслужбаў дакументацыю, згодна з якой пастаўкі зброі ў Лівію вяліся беларускай арганізацыяй «Белтэхэкспарт»[14]. Заявы ўладаўПрэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных неадразова заяўляў аб адсутнасці ў Лівіі беларускіх наймітаў або вайскоўцаў. Ён назваў абвінавачванні ва ўдзеле дзяржавы ў канфлікце абсурднымі[15]. Пры гэтым, як выказваў прэс-сакратар, «у дачыненні да Беларусі дапушчана памылка»[16]. Што датычыцца інфармацыі ААН, то Савіных і яе раскрытыкаваў, нагадаўшы пра лютаўскі выпадак, калі міжнародная арганізацыя папрасіла прабачэння перад рэспублікай за памылковыя абвінавачванні ў зброевых пастаўках у Кот-д’Івуар[17]. У адказ на публікацыю выдання «Камсамольская праўда» прадстаўнік МЗС заявіў наступнае[1]:
Разам з тым улады адмаўлялі нават магчымасць удзелу ў баявых дзеяннях «наймітаў-авантурыстаў». На прэс-канферэнцыі 9 лістапада, адказваючы на пытанне «Радыё Свабода», ці ўдзельнічалі беларусы ў аперацыях у Лівіі, памочнік міністра абароны па пытаннях ваеннай палітыкі генерал-маёр Аляксандр Анісімаў сказаў[18]:
Паўторна ў жніўні 2013 года міністр абароны Юрый Жадобін з іроніяй абверг дадзеныя паведамленні[19].
Пасля вызвалення Вячаслава Качура прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Уладзімір Макараў таксама абверг удзел беларусаў у лівійскім канфлікце[20]. Аналітыкі і аглядчыкіПершапачаткова паведамленні аб ваеннай дапамозе ад Беларусі, якія ўзніклі вакол звестак SIPRI аб зброевых пастаўках, спісваліся на следства інфармацыйнай вайны і нечаканасць для заходняй супольнасці зацягвання працэсу звяржэння рэжыму Кадафі. Як адзначыў намеснік дырэктара Інстытута палітычнага і ваеннага аналізу Аляксандр Храмчыхін, цалкам выключыць ваенныя сувязі паміж Кадафі і Лукашэнкам немагчыма, але доказная база досыць бедная. Ён адным з першых спісаў гэта на нечаканае для Захаду зацягванне канфлікту. Эксперт Інстытута Блізкага Усходу і Расійскага савета па міжнародных справах Сяргей Балмасаў заявіў, што ўсе абвінавачванні ў супрацоўніцтве Мінска і Трыпалі будаваліся на галаслоўных сцвярджэннях дырэктара SIPRI Х’ю Грыфітса[21]. У той жа час, на думку беларускага ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, адпраўка ў краіну якой-небудзь зброі здавалася немэтазгоднай, паколькі лівійская армія на той момант была добра забяспечана. Значна большую неабходнасць, як заявіў аглядальнік, прадстаўлялі ваенныя спецыялісты і рамонтнікі, якія б падтрымлівалі баяздольнасць тэхнікі і яе рамонт[22][23]. Крыху пазней Алесін у прамым эфіры «Еўрарадыё», калі гаворка зайшла аб артыкуле «Камсамольскай праўды», нагадаў, што беларуская армія неадразова скарачался (асабліва ў 1990-х), шмат кадравікоў былі звольнены, а некаторыя самастойна пакінулі ўзбооеныя сілы з-за нізкай зарплаты. Многія з’ехалі на замежныя заробкі. Былі запатрабаваны лётчыкі, танкісты, тэхнікі-рамонтнікі, спецыялісты спецпадраздзяленняў. Гэта значыць, што размова ідзе пераважна пра адстаўных вайскоўцаў, паколькі афіцыйна дзяржава імкнецца не адпраўляць дзеючыя кадры ў «гарачыя кропкі», нават калі яна зацікаўлена ў канфлікце. Беларусаў у Лівіі, паводле ацэнак аглядальніка, налічвалася ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў. Некаторыя маглі паспець паваяваць у іншых канфліктах у Афрыцы. Так, напрыклад, Алесін згадаў удзел суайчыннікаў у івуарыйскіх падзеях 2004 года[24]. Вядомыя выпадкіТут пералічаны спіс баёў, бітв, кампаній, аперацый і эпізодаў грамадзянскай вайны, у якіх меркавана ўдзельнічалі беларусы.
ПалоннікіУ жніўні 2011 года чацвёра грамадзян Беларусі (Валерый Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў, Фёдар Труфанаў[25] і Вячаслаў Качура[26]) былі ўзяты ў палон паўстанцамі ў Трыпалі. Як заяўлялі затрыманыя, у чэрвені праз Туніс яны прыбылі ў Лівію на грамадзянскія работы. Разам з 2 грамадзянамі Расіі і 19 Украіны іх судзілі за «дапамогу» рэжыму Кадафі. Усіх падсудных прысудзілі да 10 гадоў турмы за супрацоўніцтва з лаялістамі[27]. Увесь гэты час дыпламаты праводзілі перамовы па вызваленні беларусаў з палону. Да 2017 года пытаннем займаліся толькі МЗС Беларусі і КДБ. Потым падключыліся расійскія дыпламаты, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і наследны прынц Абу-Дабі шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян[28][29]. У 2014 годзе ўдалося дамагчыся датэрміновага вызвалення Гардзіенка, Едзімічава і Труфанава[25]. Аднак пад арыштам усё яшчэ заставаўся Качура. Да снежня да яго яшчэ прыязджалі беларускі пасол і консул у Лівіі, але потым зачынілася дыпмісія ў Трыпалі, і візіты дыпламатаў спыніліся[30]. У чэрвені таго ж года па ініцыятыве кіраўніцтва МЗС Расіі, Дзяржаўнай Думы і кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі была створана кантактная група па Лівіі пад кіраўніцтвам Льва Дзяньгова. Каманда займалася пытаннямі затрыманых у краіне расіян. Былі паспяхова завершаны аперацыі па вызваленні членаў экіпажаў танкераў «Міхаіл Чабатароў» і «Тэметэрон», маракоў з судна «Мерле». Акрамя таго, група паралельна праводзіла аналіз становішча ў краіне. У верасні 2017 года, пасля візіту ў Мінск Рамзана Кадырава, спецыялісты Дзяньгова пачалі актыўнае супрацоўніцтва з беларускім бокам. Неўзабаве ён і яшчэ некалькі чалавек вылецелі ў Трыпалі, дзе правялі 2,5 месяца, займаючыся вызваленнем Качуры. Як пазней успамінаў кіраўнік кантактнай групы, перамовы маглі пачацца ў 12 дня, а скончыцца ў 5 раніцы[30]. 29 студзеня 2018 года палоннік быў адпушчаны[30]. Спярша з Трыпалі ён паляцеў у Абу-Дабі, адтуль – у Маскву, і раніцай 2 лютага беларус прыбыў у Мінск. У аэрапорце Качуру сустракалі сын Міхаіл і дачка Алена[28]. Як адзначалі СМІ, раней ён быў начальнікам штаба 334-га атрада спецыяльнага прызначэння[26]. Лівійскі бок падазраваў, што той — снайпер арміі Кадафі[30]. Пасля 2011 годаНягледзячы на дыпламатычную падтрымку Кадафі, пасля прыходу да ўлады паўстанцаў Беларусь працягвала падтрымліваць кантакты з Лівіяй, хоць шмат у чым двухбаковыя сувязі саслаблі[31]. Ад падзей пасля 2011 года пацярпела рэалізацыя большасці міждзяржаўных дакументаў і праектаў. Тым не менш нават ва ўмовах ваеннага канфлікту пэўныя ўзаемаадносіны падтрымліваліся. Так, напрыклад, у маі 2013 года ў Беларусь прыбыла група з 300 лівійскіх грамадзян, у асноўным вайскоўцаў, якія прайшлі курс рэабілітацыі[32]. З пачатку 2011 года па гэты перыяд каля 1500 вайскоўцаў з Лівіі прайшлі лячэнне ў рэспубліцы. Падчас новай вайны (2014—2020) беларускія ўлады не выказалі канкрэтнай пазіцыі, падтрымліваючы кантакты з абодвума бакамі, хоць Табрук (Палата прадстаўнікоў Лівіі) з’яўляўся больш прыярытэтным[31]. Паводле інфармацыі ААН, з Беларусі ў аэрапорт Трыпалі ў перыяд з 2013 па 2014 гады было здзейснена 15 палётаў. Дадзеныя рэйсы змаглі перавесці больш за 3 000 тон боепрыпасаў для патрэб Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) фельдмаршала Халіфа Хафтара, падкантрольнага Палаце прадстаўнікоў у Табруку[33]. У 2015—2017 гадах, як пісаў Яўген Сатаноўскі з газеты «Военно-промышленный курьер», чартарная кампанія Ruby Star Airlines, афіляваная з беларускім агенцтвам абароннага экспарту «Белтэхэкспарт», пастаўляла зброю ў аэрапорт Гадамеса, падкантрольны брыгадзе Зінтана, што на той момант была саюзніцай ЛНА. Самалёты з прадукцыяй ваеннага прызначэнне садзіліся таксама ў аэрапорце Лабрака. У рэйсах часта выкарыстоўваўся Іл-76 з рэгістрацыйным нумарам EW-78836. Ён перыядычна рабіў тэхнічны прыпынак у аэрапорце Лейпцыга (Германія), дзе размешчаны аб’екты НАТА. Ускосная падтрымка «Белтэхэкспарту» Захадам супадае з адменай ЕС забаронаў у дачыненні да беларускай кампаніі ў пачатку сакавіка 2015-га. Санкцыі ў дачыненні да тагачаснага яе дырэктара Аляксандра Пефціева былі зняты ў канцы 2014 года[34]. У маі 2020 года быў выпушчаны даклад ААН аб удзеле расійскай ПВК «Вагнер» у лівійскім канфлікце на баку сіл Хафтар, дзе згадвалася, што сярод наймітаў ёсць і беларусы[35]. Крыху пазней СМІ заявілі аб пастаўцы ЛНА з Беларусі знішчальнікаў МіГ-29 і верталётаў Мі-24. Іх пілатавалі альбо самі беларусы (Belarus Security Blog меркаваў, што лётчыкі дзейнічалі па прыватных кантрактах), альбо найміты з Сербіі[36]. Улетку таго ж года ў сетку трапілі фатаграфіі комплексаў РЭБ «Навальніца» беларускай вытворчасці, якія выкарыстоўваліся ў Лівіі. Гэтыя сістэмы былі перададзены ЛНА ад ААЭ, якія ўжо закупілі іх непасрэдна ў Беларусі[37]. Паводле звестак прыхільнікаў фельдмаршала Хафтара, пры дапамозе беларускіх комплексаў былі абясшкоджаны 11 варожых дронаў[38]. Згадкі
У 2022 годзе ў інтэрв’ю газеце «Наш город Тамбов» адстаўны афіцэр Вячаслаў Качура ўсё ж прызнаўся ў ваеннай дзейнасці ў Лівіі[39]:
Гл. таксамаЗноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia