Беларусы ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане

Ураджэнцы Беларускай ССР, прызваныя ў 1990—1991 гадах у савецкія войскі, на працягу 1992 года (асобныя таксама ў 1993) вымушана знаходзіліся на тэрыторыі Таджыкістана і прымалі ўдзел ва ўнутраным канфлікце паміж цэнтральнай уладай і апазіцыяй. У наступным яны сутыкнуліся з праблемай атрымання пасведчанняў ветэранаў баявых дзеянняў, паколькі фармальна грамадзян Рэспублікі Беларусь у краіне не было. Гэтае пытанне прапрацоўвалася дзяржорганамі і запатрабавала паправак у Закон «Аб ветэранах».

Ваенная служба

У савецкі перыяд жыхары краіны накіроўваліся на ваенную службу ў Таджыкскую ССР, дзе пасля выконвалі задачы ва ўмовах надзвычайнага становішча і пры ўзброеным канфлікце. Яны дыслакаваліся на тэрыторыі прыгранічных раёнаў у перыяд з 1992 па 1993 год[1]. На момант пачатку баявых дзеянняў тут знаходзілася каля 700 беларусаў. Большую частку прызвалі ў 1990 і 1991 гадах. Пасля развалу СССР адклікаць усіх адразу дадому не атрымлівалася. Таму яны вымушаны былі працягваць службу і нават прыняць удзел у канфлікце[2].

Беларускія прызыўнікі трапілі галоўным чынам у пагранвойскі КДБ СССР і апынуліся на граніцы з ДРА. З пачаткам вайны яны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях па перахопе караванаў са зброяй і прыкрывалі эвакуацыю мірнага насельніцтва (так, напрыклад, як пісаў вайсковы журналіст Сяргей Пцічкін, беларусы разам з іншымі задзейнічаны пры выратаванні 500 рускіх закладнікаў на чыгуначнай станцыі Душанбэ-2[3]). У гэты час у пагранатрадах, што ўжо не падпарадкаваліся савецкаму кіраўніцтву, але яшчэ не ўвайшлі ў склад УС РФ, заставалася блізу 60 % байцоў. Многія афіцэры, з’язджаючы ў адпачынак, не вярталіся на мяжу, а таму іх месца даводзілася займаць сяржантам з Беларусі[4]. Акрамя камандзіраў з іншых савецкіх рэспублік, свае часці пакідалі афіцэры і з ліку беларусаў, пра што пісаў у сваёй кнізе «Таджикистан 1992–2005. Война на забытой границе» Андрэй Мусалаў[5].

Ваенныя камісарыяты ў снежні 2016 года апублікавалі наступны пералік воінскіх часцей, дзе служылі альбо маглі служыць грамадзяне рэспублікі[1]:

  • 9998 — Упраўленне пагранічных войск Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Таджыкістан;
  • 2066 — Пянджскі пагранічны атрад (г. п. Пяндж);
  • 2033 — Маскоўскі пагранічны атрад (п. Маскоўскі);
  • 2022 — Харогскі пагранічны атрад (г. Харог);
  • 2111 — Калай-Хумскі пагранічны атрад (г. п. Калай-Хум);
  • 9820 — Мургабскі пагранічны атрад (г. п. Мургаб); 
  • 2066 — Ішкашымскі пагранічны атрад (г. п. Ішкашым);
  • 2421 — 17-ы вучэбны пагранічны атрад;
  • 2014 — асобны батальён сувязі (г. Душанбэ);
  • 9809 — авіяцыйны полк (г. Душанбэ);
  • 9870 — асобны інжынерна-сапёрны батальён;
  • 9855 — асобная будаўнічая рота;
  • 2170 — тапаграфічны пагранічны атрад;
  • 2445 — база забеспячэння і захоўвання;
  • 2528 — ваенны шпіталь;
  • 2591 — тэхнічная эксплуатацыйная часць;
  • 2158 — асобная авіяэскадрылля (г. п. Маскоўскі);
  • 2176 — асобная авіяэскадрылля (г. п. Пяндж);
  • 2081 – асобная радыётэхнічная служба (п. Гісар);
  • асобны кантрольна-прапускны пункт «Душанбэ» (АКПП «Душанбэ»).

Многія фарміраванні адсюль адносіліся да групы пагранічных войск Расіі (першапачаткова — аператыўная група Чырванасцяжнай Сярэднеазіяцкай пагранічнай акругі (ЧСАПА) КДБ СССР[6]). Сітуацыя з дадзенымі часцямі ўскладнялася тым, што пасля 1991 года распалася адзіная памежная служба, у сувязі з чым прыкметна аслабла ахова знешніх межаў маладых суверэнных дзяржаў. Пры гэтым іх унутраныя межы з’яўляліся фактычна празрыстымі. У 1991—1992 гады аператыўная група ЧСАПА ахоўвала мяжу практычна на адным энтузіязме[7]

У верасні 2019 года ў ліку падраздзяленняў з беларускімі салдатамі ваеннымі камісарамі названа 201-я мотастралковая дывізія[8].

Вяртанне

Калі стала зразумела, што памежныя сілы ў Таджыкістане трапяць пад юрысдыкцыю Расіі, афіцыйны Мінск прыняў дзейсныя меры па тэрміновай эвакуацыі суайчыннікаў. У адпаведнасці з распараджэннем Камітэта па ахове дзяржаўнай граніцы краін СНД (КАДГ) 29 чэрвеня 1992 года камандуючы пагранічнымі войскамі Рэспублікі Беларусь Яўген Бачароў выдаў загад «Аб арганізацыі прыёму ваеннаслужачых тэрміновай службы, прызваных у з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і якія праходзілі службу ў Сярэднеазіяцкай пагранічнай акрузе». Планаванне арганізаванага перамяшчэння ваеннаслужачых тэрміновай службы, размеркаванне іх па часцях і падраздзяленнях, а таксама далейшае прафесійнае выкарыстанне ў службова-аператыўнай дзейнасці ўскладалася на штаб Галоўнага ўпраўлення пагранвойск (ГУПВ) пры Савеце міністраў, упраўленні тылу і раскватаравання войск, тэхнікі і ўзбраення. Яны павінны былі ўзгадніць з КАДГ і Міністэрствам абароны пытанні дастаўкі байцоў авіяцыяй, а таксама правесці камандна-штабныя і інжынерна-тэхнічныя мерапрыемствы па забеспячэнні мер і правілаў бяспекі пры перавозцы асабістага складу ўсімі відамі транспарту[9].

Для кіраўніцтва прыёмам, размяшчэннем і размеркаваннем вайскоўцаў па воінскіх часцях і падраздзяленнях пры ГУПВ была створана аператыўная група пад кіраўніцтвам палкоўніка Віктара Панцеляенкава. Прыём і размяшчэнне ваеннаслужачых планавалася ажыццявіць у 16-ы Гродзенскі і 86-ы Чырванасцяжны Брэсцкі пагранічныя атрады. Таму камандзіры часцей да 7 ліпеня павінны былі арганізаваць на базе палявых навучальных цэнтраў зборныя пункты. У Гродзенскім пагранатрадзе начальнікам зборнага пункта асабовага складу прызначаўся палкоўнік Сайбаталаў, у Брэсцкім — палкоўнік Фяцісаў[10].

Увесь 1992 год беларусы працягвалі несці службу ў краіне і паступова невялікімі партыямі вярталіся на радзіму[4]. У ходзе першага этапу аперацыі (ліпень—жнівень) па ўзгадненні ўрадаў трох дзяржаў беларускай авіяцыяй з Туркменістана і Таджыкістана на радзіму было перамешчана 1267 пагранічнікаў тэрміновай службы. З імі праведзены каранцінна-прафілактычныя і фільтрацыйныя мерапрыемствы, а вайскоўцы восеньскага прызыву 1990 года звольненыя ў запас. Вясновы прызыў 1991 года адпраўлены даслужваць, галоўным чынам у Смаргонскі і Полацкі памежныя атрады. У кастрычніку – лістападзе з Туркменіі і Таджыкістана было перамешчана 1 805 чалавек, у тым ліку 1720 вайскоўцаў тэрміновай службы[11]. Таджыкістан апошняя група ў складзе 100 чалавек пакінула ў лістападзе[4].

Ураджэнцы рэспублікі заставаліся ў Таджыкістане і пасля гэтага, але 3 лістапада 1992 года быў прыняты Закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», пасля чаго ўсе беларусы, якія служылі за межамі краіны, апынуліся вайскоўцамі замежных армій[12].

Ветэранскі статус

У адрозненне ад беларусаў, якія ваявалі ў Афганістане, удзельнікі вайны ў Таджыкістане не атрымалі статус ветэранаў, бо фармальна грамадзян рэспублікі там не было. Вайскоўцы спрабавалі выправіць гэтую сітуацыю. Яны доўгія гады наведвалі дзяржаўныя ведамствы з запытамі даць ім патрэбны статус. На звароты прыходзілі падобныя адказы: «Беларусь з 1.01.1992 года заявіла аб сваім суверэнітэце і не прымала ўдзелу ў падпісанні Мемарандума аб супрацоўніцтве па ахове таджыкска‑афганскай мяжы». Газета «СБ. Беларусь сегодня» спасылалася на прыклад Расіі, дзе падобную юрыдычную праблему выправілі ў 2011 годзе, унёсшы неабходныя змены ў закон «Аб ветэранах». Дзякуючы гэтаму каля 23 тысяч расіян прызналі ўдзельнікамі баявых дзеянняў[4][2].

У снежні 2016 года ў сувязі з прапрацоўкай пытання аб унясенні змяненняў у Закон «Аб ветэранах» іх запрашалі звярнуцца ў ваенныя камісарыяты. У той момант пачаліся работы па распаўсюджванню статусу ветэранаў. Чыноўнікам неабходна было ўдакладніць колькасць магчымых удзельнікаў вайны ў Таджыкістане[1]. У 2019 годзе пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны стварылі міжведамасную групу па прапрацоўцы канцэпцыі і структуры новай рэдакцыі Закона «Аб ветэранах». Чыноўнікі пачалі мерапрыемствы па вызначэнні колькасці ўдзельнікаў канфлікту. Для гэтага яны зноў прасілі былых вайскоўцаў прыбыць у ваенныя камісарыяты[2]. Пад увагай знаходзіліся тыя, хто быў у Таджыкістане ў верасні–кастрычніку 1992 года[13].

22 красавіка 2025 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў новы пералік дзяржаў, тэрыторый і перыядаў вядзення баявых дзеянняў з удзелам грамадзян краіны[14], чыё дзеянне ўступіла ў сілу з 1 мая. Згодна з пастановай, грамадзяне, што ў верасні—лістападзе 1992 года ваявалі ў Таджыкістане, атрымалі статус ветэранаў баявых дзеянняў за мяжой[15].

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Заўвагі

  1. а б в Игорь Нисловский. В военкомате уточняют информацию о количестве военнослужащих, направлявшихся в 90-е годы в Таджикскую ССР Архівавана 25 чэрвеня 2023. // Дняпровец : газета. — 15 декабря 2016.
  2. а б в г д е Ян Жур. «Не мог и слова вымолвить»: белорус поехал на машине в опасное место, чтобы побывать там, где когда-то служил. Чем это закончилось? // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 11 октября 2019.
  3. Сергей Птичкин. Поезд живых // Независимая газета : газета. — 28 декабря 2012.
  4. а б в г д Роман Рудь. Закон «О ветеранах»: О долге и последствиях // СБ. Беларусь сегодня : газета. — № 100. — 3 июня 2013.
  5. Андрей Мусалов «Таджикистан 1992-2005: Война на забытой границе», страница 4
  6. Лукашевич 2022, с. 56.
  7. Лукашевич 2022, с. 57.
  8. Наталья Королькевич. «Горячим» был не только Афган: разыскиваются червенцы, служившие в Таджикистане Архівавана 25 чэрвеня 2023. // Раённы веснік : газета. — 10 верасня 2019.
  9. Лукашевич 2022, с. 58.
  10. Лукашевич 2022, с. 58—59.
  11. Лукашевич 2022, с. 60—62.
  12. Белорусам, которые осенью 1992-го года служили в Таджикистане, могут дать статус ветерана боевых действий
  13. Сяргей Жабенак. Солдат, служивших в Таджикистане в 1992 году просят зайти в военкомат // Мёрскія навіны : газета. — 6 верасня 2019.
  14. В правительстве рассказали, где и когда воевали белорусы последние 65 лет
  15. Ветеранами боевых действий за рубежом признают участников десятков конфликтов
  16. Архив новостей газеты «Контингент». Публикация 17 ноября 2019

Літаратура

  • Лукашевич, А. М. Тяжелое наследие распада: возвращение пограничников – уроженцев Беларуси на родину в 1992 г. / А. М. Лукашевич // Граница и пограничье. – 2022 – № 2 – С. 52–65.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya