Вайна на Блізкім Усходзе (з 2023)

Вайна на Блізкім Усходзе пачалася 7 кастрычніка 2023 года з уварвання ХАМАС у Ізраіль. У адказ Ізраіль 27 кастрычніка ўварваўся ў кантраляваны ХАМАС Сектар Газа і да канца мая 2024 года ўзяў пад кантроль большую частку яго тэрыторыі, уключаючы Філадэльфійскі калідор на мяжы з Егіптам.

У вайне на баку ХАМАС прынялі ўдзел Іран і падкантрольныя яму шыіцкія групоўкі — ліванская Хезбала, еменскія хусіты і іракскія шыіты, якія пачалі сістэматычныя абстрэлы тэрыторыі праціўніка ракетамі і дронамі. Акрамя гэтага хусіты блакавалі Баб-эль-Мандэбскі праліў, сістэматычна нападаючы на судны.

Ізраіль разгарнуў масавыя бамбёжкі ліванскіх тэрыторый, падкантрольных Хезбале, каналаў забеспячэння зброяй гэтай групоўкі ў Сірыі. Хутка ЦАХАЛ уварваўся ў Ліван, насуперак Рэзалюцыі СБ ААН 1701. Таксама Ізраіль арганізаваў масавыя ліквідацыі членаў ХАМАС і Хезбалы, уключаючы лідараў гэтых арганізацый незалежна ад іх месцазнаходжання. З ліпеня 2024 года Ізраіль праводзіць бамбардзіроўкі аб’ектаў хусітаў на тэрыторыі Емена.

На баку Ізраіля выступіла ваенная кааліцыя на чале з ЗША. Група з 20 краін прымае ўдзел у ваеннай аперацыі супраць хусітаў з мэтай забеспячэння бяспекі марскога суднаходства ў раёне Чырвонага мора. Акрамя гэтага ўзброеныя сілы ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін аказваюць дапамогу Ізраілю ў адбіцці ракетных нападаў. Іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ажыццявіў некалькі абстрэлаў амерыканскіх аб’ектаў у Іраку і Сірыі.

Станам на пачатак 2025 года Ізраіль з дапамогай пасрэднікаў дамовіўся аб перамір’і з Хезбалой, а ў выніку звяржэння апазіцыйнымі сіламі рэжыму Башара Асада ў снежні 2024 года ў Сірыі праіранская «Вось супраціву» апынулася істотна падарваная. Галоўнымі нявырашанымі праблемамі застаюцца вяртанне захопленых ХАМАС у кастрычніку 2023 года ізраільскіх закладнікаў і спыненне ваенных дзеянняў у Сектары Газа.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya